25 апреля — День дочери. Как родителям найти общий язык с девочкой-подростком?

У чарзе сямейных святаў вясной мы маем добрую нагоду напрыканцы красавіка павіншаваць дачок і атуліць іх у гэты дзень асаблівай увагай і цеплынёй. А таксама пагаварыць па душах пра тое, чым яны жывуць і што іх хвалюе. Бо найперш Дзень дачкі накіраваны на тое, каб звярнуць увагу на праблемы дзяўчынак-падлеткаў і дапамагчы ім іх вырашыць.

Вера Брэжнева з дачкой Сарай

Паступова ўваходзячы ў дарослы свет, дзяўчынкі перажываюць даволі няпросты перыяд, які можа пачацца ў 9 гадоў і цягнуцца дзесьці да 16. У іх з’яўляюцца змены, як у фізічным, так і ў эмацыйным плане, а значыць шмат новых пытанняў.

Падлеткі шукаюць сваю індывідуальнасць і эксперыментуюць са знешнім выглядам, выказваюць ўласныя погляды на рэчы і актыўна заяўляюць пра свае правы, імкнуцца да самастойнасці і праяўляюць катэгарычнасць і максімалізм, вучацца будаваць адносіны з іншымі, у тым ліку з супрацьлеглым полам, і ў той жа час аддаляюцца ад сваіх бацькоў. Не забывайце яшчэ пра першыя комплексы, каханні, крызісы ды дэпрэсіі, а яшчэ рэзкія змены настрою, кампаніі і іміджу.

Так, усё гэта, безумоўна, будзе вас шакіраваць, асабліва размовы пра сэксуальнае жыццё, кантрацэпцыю і адкуль бяруцца дзеці. Але давайце без панікі, крыкаў і скандалаў, з цярпеннем і спакоем. Прыміце як дадзенае: вашы маленькія прынцэсы становяцца паненкамі. І ваша задача як родных і блізкіх людзей – дапамагчы дзяўчынкам адаптавацца ў новым для іх свеце і знайсці ў ім сваё месца.

Аляксандр Рэвва з дачкой Алісай

З чаго пачаць? З самага простага – з размовы па душах, напоўненай любоўю і ўзаемапавагай. Будзьце чулымі да псіхаэмацыйнага стану дачок, дзейнічайце мякка, без крытыкі ці празмернай апекі, у сяброўскай манеры, шчыра, не маніпулюючы, бо ў пераходным узросце дзеці адразу адчуваюць фальш.

Пры неабходнасці звяртайцеся да спецыялістаў, бо часта дзяўчынкам патрэбная псіхалагічная, педагагічная і прававая дапамога альбо парады медработнікаў, у прыватнасці ўрачоў-гінеколагаў ці эндакрынолагаў. Гэта звязана з тым, што ў падлеткаў змяняецца фігура, арганізм становіцца больш адчувальным, прыходзіць балючасць, слабасць, стомленасць, раздражняльнасць, апатыя і жаданне спаць, адзначаюцца значныя перабудовы на гарманальным і псіхічным узроўнях.

Адным словам, праблемаў стае значна больш, але ўсе іх можна вырашыць. У прыватнасці, псіхолагі ў складаных сітуацыях з дзяўчынкамі-падлеткамі прапаноўваюць некалькі простых спосабаў, як дзейнічаць. Усё элементарна. Сачыце, каб вашы дочкі мелі добры сон і належнае харчаванне, больш рухаліся, правільна арганізоўвалі вольны час, не перагружаліся лішняй інфармацыяй, у прыватнасці з інтэрнэту, разумелі адказнасць за свой выбар і ўчынкі.

Рыз Уізерспун з дачкой Авай

Таксама ў пераходным узросце аднолькава важныя ролі як мамы, якая ўводзіць сваю дзяўчынку ў свет жаноцкасці і прыгажосці, так і таты, які дае сваёй прынцэсе пачуццё абароненасці і закладвае мадэль узаемаадносін з супрацьлеглым полам. Апроч таго, бацькам варта быць з дачкамі на адной хвалі, ведаць, чым яны жывуць і дыхаюць, каб не страціць эмацыйную сувязь і не трапіць у разрад “продкаў” з устарэлымі поглядамі.

Памятайце, дзяўчынкі-падлеткі часта бываюць самотнымі, таму дапамажыце ім адчуваць сябе любімымі, рабіце кампліменты, размаўляйце з імі на роўных. І галоўнае, вучыце жыццю не проста словам, а найперш сваім уласным прыкладам, не бойцеся дзяліцца сваімі асабістымі гісторыямі з мінулага, нават не самымі ўдалымі, і стаўцеся да любых сітуацый з долей гумару.

Дзмітрый Малікаў з дачкой Стэфаніяй

А яшчэ падрыхтуйце на Дзень дачкі для сваіх дзяўчатак які-небудзь прыемны сюрпрыз і правядзіце больш часу разам з імі.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў