Аграрии СПК «Свитязянка-2003» заложили экспериментальное поле сахарной свеклы и планируют выращивать морковь для увеличения надоев

У мінулым годзе аграрыі СВК “Свіцязянка-2003” завяршылі ўборку цукровых буракоў з ураджайнасцю 726 ц/га. На Карэліччыне гэты паказчык адзін з лепшых. Аднак галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца прыводзіць у прыклад ураджайнасць некаторых сельгаспрадпрыемстваў Гродзенскага раёна, дзе з кожнага гектара ўдалося атрымаць каля 1000 цэнтнераў салодкіх караняплодаў. Сапраўды, ёсць да чаго імкнуцца і куды расці. І кіраўніцтва “Свіцязянкі” поўнае рашучасці ўзяць новую вышыню.

Апынуўшыся на полі каля агр. Варонча, я зразумела, што тут адбываецца не проста сяўба цукровых буракоў. Справа ў тым, што менавіта гэты ўчастак плошчай каля 10 га стане эксперыментальным. З удзелам прадстаўнікоў кампаній KWS і Danisco аграрыі гаспадаркі пасеялі тут насенне розных гібрыдаў цукровых буракоў, каб параўнаць іх ураджайнасць і выбраць найбольш падыходзячы для свіцязянскіх палёў. Адказную справу закласці вопытны ўчастак даверылі механізатару СВК “Свіцязянка-2003” Віктару Чубрыку, які вясной сее, а восенню ўбірае салодкі ўраджай гаспадаркі. Перад сеялкай абавязкова праходзіць трактар у звязцы з камбініраваным шыроказахопным агрэгатам. За рулём МТЗ працуе механізатар гаспадаркі Вячаслаў Пашкевіч.

– Пад цукровыя буракі адведзена 400 га, якія ўжо поўнасцю засеяны, – расказвае галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца. – Падчас сяўбы зерневых і зернебабовых культур імкнуліся працаваць аператыўна, пакуль у глебе трымалася вільгаць. З-за бясснежнай зімы адчуваецца яе недахоп. Да таго ж пад уплывам начных замаразкаў, дзённай цеплыні і моцных вятроў яна вельмі хутка страчваецца. Апошнія дні пасля тэхнікі пыл слупом падымаецца, учора ўвогуле пясчаная бура ўзнялася. З сяўбой 870 га ранніх зерневых і зернебабовых культур за 10 дзён справіліся дзве сеялкі – 12-мятровая Lemken Solitair пад упраўленнем Андрэя Уласевіча і пнеўматычная ўніверсальная сеялка з шырынёй захопу 6 метраў, на якой працаваў Віктар Чубрык.

Агранамічная служба гаспадаркі ўскладае пэўныя надзеі на азімы рапс, пад які занята 350 га. Аднак зімой пры адсутнасці снегу, калі тэмпература ноччу апускалася ніжэй 8 градусаў, на некаторых палях лісце алейнай культуры падмерзла. Да таго ж не так даўно рапс супрацьстаяў вясеннім начным замаразкам. Для актывацыі росту і развіцця раслін не так даўно аграрыі гаспадаркі падкармілі рапс сульфатам амонія.

Дэвіз кіраўніцтва СВК “Свіцязянка-2003” — “рухацца наперад і не спыняцца на дасягнутым”  — падмацоўваецца яшчэ адной задумкай, якая зусім хутка будзе ажыццёўлена. На наступным тыдні морквай будуць засеяны 30 гектараў.

– Вопыт дабаўлення ў рацыён дойнага статку морквы перанялі ў СВК імя Дзеньшчыкова, дзе ў мінулым годзе ад каровы атрымалі прыкладна 11500 кг малака. У “Свіцязянцы” надаілі 9613 кг. Адпаведна нам ёсць куды расці, – адзначае Аляксандр Мяцеліца. – Моркву, якая з’яўляецца выдатнай крыніцай кераціну, павышае колькасць і якасць малака, плануем уключаць у рацыён жывёл восенню, калі магчыма зніжэнне надояў.

СВК “Свіцязянка-2003” валодае ўкамплектаваным паркам сучаснай сельгастэхнікі. Аднак, як вядома, мяжы дасканаласці не існуе. Адной з апошніх пакупак стаў самаходны апрысквальнік Berthoud Raptor 4240 з 24-мятровай шырынёй штангі, які мае выдатныя тэхнічныя і вытворчыя характарыстыкі. Тэхніка ўжо прайшла тэст-драйв на свіцязянскіх палях. На днях апрысквальнік пад кіраўніцтвам механізатара гаспадаркі Аляксандра Мурашкі быў задзейнічаны на апрацоўцы азімага рапсу каля вёсак Падгайна і Горбатавічы.