Бывшая узница Феофания Веремейко: «Иногда думала: «Быстрей бы нас убили»

Сёння свет узгадвае трагедыю Другой сусветнай вайны і адзначае Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. На іх долю выпалі жудасныя выпрабаванні, калі кожны дзень мог стаць апошнім, а пастаяннымі спадарожнікамі сталі голад, холад, пякучы боль і слёзы адчаю. 92-гадовая карэліччанка Феафанія Сцяпанаўна Верамейка – адна з мільёнаў былых вязняў фашызму, з вуснаў якой гучыць суровая праўда ваеннага ліхалецця.

Да пачатку вайны сялянскае жыццё ў вёсцы Машэвічы цякло спакойна і размерана. У Сцяпана і Марыі Лукошкаў, працаўнікоў калгаса, падрасталі тры дачкі – Марыя, Феафанія і Аляксандра. Сярэдняя Фаня скончыла 4 класы мясцовай школы. Далей вучыцца магчымасці не было: у хатняй гаспадарцы патрэбны былі працоўныя рукі. Дзяўчынка пасвіла кароў, палола агарод, жала жыта, ва ўсім дапамагала бацькам.

– Памятаю, як летнім днём па вёсцы папаўзлі чуткі, што пачалася вайна, – вяртаецца думкамі ў 1941 год Феафанія Верамейка. – Потым мы зразумелі: гэта не чуткі, а трагічная праўда. Жыццё перавярнулася з ног на галаву. У адзін з зімовых дзён 1943 года паліцаі загадалі ўсёй моладзі прыбыць у Карэлічы. Не прыедзем — спаляць вёску. Так пачаліся мае выпрабаванні на чужыне.

Феафанія Сцяпанаўна, якой на той момант было 15 гадоў, успамінае, як з райцэнтра юнакоў і дзяўчат павезлі на грузавых машынах у Навагрудак, затым у Наваельню, дзе загналі ў вагоны і адправілі ў Германію.

– У вагонах было столькі людзей, што немагчыма было дыхаць. Давалі рэдкае варыва з аўсянкай, таму есці хацелася пастаянна, – расказвае жанчына. – Прывезлі нас у Лейпцыг, загналі ў вялікі будынак і пачалі запісваць: хто мы і адкуль. Штодзень хадзілі на работу, капалі траншэі, білі кіркамі асфальт. Ёсць у цябе сілы ці не, ніхто не пытаўся. Немцы з аўтаматамі толькі і крычалі: “Хутчэй! Варушыцеся!”. Зранку не кармілі, толькі ў абед давалі шпінат, такі горкі, што ў рот не ўзяць. Вечарам – 200 грамаў нечага, падобнага на хлеб.

Больш чым праз год 16-гадовая Фаня трапіла ў нямецкі Брэслау (цяпер горад Вроцлаў, Польшча — заўв. рэд.). Некаторы час дзяўчына працавала на заводзе па вытворчасці дэталяў для самалётаў. Шмат іншай работы давялося выконваць на нямецкай зямлі. Вогненнай успышкай засталася ў памяці бамбёжка Брэслау.

– Амерыканскія самалёты бамбілі горад. Ён быў акутаны агнём і дымам, – успамінае Феафанія Сцяпанаўна. – Нам з сяброўкай з Тамбоўскай вобласці не было дзе схавацца. Тады яна кажа: “Давай у варонку ад снарада ляжам”. Я адмовілася. Хаця гавораць, што снарад двойчы ў адну варонку не трапляе. У той момант ён разарваўся зусім побач. Сяброўцы ўвесь бок асколкам разарвала…

Апошнім выпрабаваннем Фані на чужой нямецкай зямлі, калі смерць у чарговы раз дыхала холадам у спіну, стаў канцлагер непадалёку ад Брэслау. Савецкая моладзь апынулася за калючым дротам, фашысты аб’явілі, што ўсе будуць спалены.

– Ведаеце, часам здавалася: хутчэй бы ўжо забілі. Столькі мы нацярпеліся, страху зведалі, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Праз тыдзень мы зразумелі, што нешта адбываецца. Нямецкія патрулі паўцякалі, а мы хадзілі па дарогах і не ведалі, куды нам падацца. Раптам на машынах з’явіліся амерыканскія салдаты. Як яны ўзрадаваліся, калі ўбачылі нас, рускіх і беларусаў. Пачалі кансервамі нас частаваць. Менавіта амерыканцы дапамаглі нам вярнуцца на Радзіму. З Германіі на цягніку трапілі ў Гродна, затым – у Карэлічы, дзе мяне сустрэў бацька. І вось я на радзіме, у Машэвічах. Вёска зусім апусцела, моладзі не было, засталіся толькі старыя. Але я была дома, і гэта было шчасце. Усе пасляваенныя цяжкасці здаваліся мізэрнымі ў параўнанні з тым, што мне давялося перажыць на чужыне.

Даведка «Полымя»

У Карэліцкім раёне сёння жывуць 27 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ф. Верамейка