Где в Кореличах можно приобрести медицинскую маску и от кого безвозмездно их получила райбольница?

Увесь свет зараз перажывае не лепшыя часы. Аднак пандэмія каранавіруса, якая сёння пануе на планеце, заклікае не толькі да самаізаляцыі і неабходных мер засцярогі, але і да таго, каб аказаць дапамогу тым, каму зараз цяжэй за ўсё – нашым медыкам.

У сярэдзіне бягучага тыдня аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з начальнікам Інай Санчук і работнікі аддзела рамеснай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” зладзілі акцыю, у рамках якой бясплатна перадалі медыцынскія маскі раённай бальніцы і cацыяльна-педагагічнаму цэнтру Карэліцкага раёна.

– Мы бачым, што ў краінах з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй кожны стараецца дапамагчы, як можа, таму і мы вырашылі не заставацца ў баку, – растлумачыла дырэктар Дома рамёстваў Юлія Баярэнка. – Маскі пойдуць на патрэбы тэрапеўтычнага аддзялення Карэліцкай райбальніцы, потым мы плануем пашыць яшчэ. Дарэчы, набыць марлевую ці тканкавую маску можна і ў нас: кошт невысокі – 1 рубель 30 капеек.

Вытворчасць неабходных падчас пандэміі сродкаў аховы наладзіў і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Карэліцкага раёна, дзе наведвальнікі ў рамках гуртковай дзейнасці шыюць медыцынскія маскі. Як расказала дырэктар установы Інеса Семібратава, супрацоўнікі таксама прымаюць замовы – трэба проста патэлефанаваць (7-30-52) або прыйсці. Кошт адной марлевай маскі, дарэчы, таксама складае 1 рубель 30 капеек.

Масавую вытворчасць наладзіў і раённы Дом быту, дзе з пачатку месяца было пашыта адзінаццаць тысяч марлевых масак. З нядаўняга часу там наладжана вытворчасць ахоўных павязак з бязі, якія будуць рэалізоўвацца насельніцтву па 1 рублю 50 капеек (набыць іх можна ў магазіне “Поспех”, на другім паверсе Дома быту або ва ўсіх комплексна-прыёмных пунктах раёна). Гэтыя маскі можна сціраць, дэзіфінкаваць і выкарыстоўваць некалькі разоў, як і марлевыя, але яны маюць больш высокую шчыльнасць. Дарэчы, для райбальніцы работнікі Дома быту выканалі спецыяльную замову: паставілі сто медыцынскіх халатаў і восемдзясят ахоўных касцюмаў з бязі.

Гэта цікава
Супрацоўнікі Дома быту шыюць каля дзвюх тысяч медыцынскіх масак у дзень.

Наладзілі на Карэліччыне і выпуск дэзінфікуючых сродкаў. Варанчанскі філіял ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” пастаўляе ў гродзенскае аддзяленне РУП “Белфармацыя” каля васьмі тысяч літраў дэзсродку ў суткі, пасля чаго ён ідзе ў аптэкі вобласці.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара