Между строк весны. Рассказываем о самых весенних книгах для детей и взрослых в Кореличской районной библиотеке

Для кожнага з нас вясна напіша сваю непаўторную гісторыю. Але так чароўна дадаць у яе яскравых фарбаў добрых кніг, якіх багата можна знайсці на палічках Карэліцкай раённай бібліятэкі. Прапануем вам прыемную вясновую чытанку для маленькіх і дарослых.

Дар’я Шах, Матвей Кугач, Дар’я Стрыга

Сонечныя старонкі для дзетак

У Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы мы нечакана трапілі ў краіну свайго маленства. Бо тут сустрэліся з дарагімі сэрцу кнігамі, на якіх узрасталі. Да іх належыць зборнік 1999 года “Вяснянка”, укладальнікам якога выступіў знакаміты літаратар Міхась Зарэмба. Тут з любоўю сабраныя апавяданні, вершы і казкі беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх – Янка Купала, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Цётка

З выданняў апошняга часу ўвагу прыцягнуў складзены Віктарам Шніпам зборнік “Беларуская вясна” з ілюстрацыямі юных мастакоў. Кніга аб’яднала лірыку і прозу айчынных літаратараў, як сучасных, так і класікаў, пра вясну і народныя святы, што выпадаюць на гэтую пару года.

Ёсць у бібліятэцы і яшчэ адно выданне пад аналагічнай назвай – “Беларуская вясна” – у межах літаратурна-мастацкай серыі “Скарбы Радзімы” з маляўнічымі фотаздымкамі нашай прыроды. Яго аўтар – Уладзімір Ягоўдзік.

Дарэчы, а вы ведаеце, адкуль паходзяць назвы вясновых месяцаў і што адбываецца з навакольным светам пасля зімовага сну? Адказы на гэтыя пытанні дае на мове прыродазнаўчых нататак Андрэй Міраславіч у кнізе “Вясна” з серыі “Поры года”.

Адмыслова апісвае дзівоснае каралеўства раслін і жывёл рускі пісьменнік і падарожнік Іван Сакалоў-Мікітаў у кнігах “Ад вясны да вясны”, “Як вясна на поўнач прыйшла” і “Вясна ў лесе”. Шчырым жаданнем спазнаць прыроду адрозніваюцца выданні “Вясне насустрач” Георгія Скрабіцкага і “Вясна прыйшла” Аляксандра Тамбіева.

Крыштальнай радасцю дзяцінства напоўнены творы ў кнігах “Як вясну мы гукалі” Івана Дзям’янава, “Дзяцінства” Івана Буніна, “Вясна” з вершамі Фёдара Цютчава і Апалона Майкова і “Жаўранак”, дзе юныя чытачы сустрэнуцца з паэзіяй Аляксандра Пушкіна, Васілія Жукоўскага, Аляксея Пляшчэева і апавяданнямі Льва Талстога і Канстанціна Ушынскага.

Таксама шмат цёплых момантаў абяцаюць зборнікі “Кладоўка сонца” Міхаіла Прышвіна і “З вясны да вясны” Георгія Ладоншчыкава.

Для рамантыкаў, філосафаў і авантурыстаў

Прапаноўвае разнастайную літаратуру вясновага настрою Карэліцкая раённая бібліятэка і дарослым чытачам. Так, лірычнае прывітанне з ХІХ стагоддзя дасылае Фёдар Цютчаў у паэтычным зборніку “Вясновыя воды”. Тут кожны радок вытанчаны і глыбокі, ідзе ад сэрца і натхнёны пяшчотным сузіраннем прыроды.

Беларуская пісьменніца Лідзія Арабей у зборніку “Халодны май” задае чытачам іншы тон. Праз маладосць аўтара прайшла вайна. Перажыла жанчына і гады пасляваеннай нiшчымнiцы. З той пары рэха няпростага мінулага гучыць у большасці твораў пісьменніцы. Але ж яшчэ мацнейшы ў аповесцях ды апавяданнях Лідзіі Арабей голас надзеі.

У сваю чаргу, беларускі пісьменнік Сяргей Трахімёнак у кнізе “Была вясна” глядзіць на сваіх герояў праз прызму мяккага гумару і жыццёвай філасофіі. Ды апісвае калізіі іх лёсу ў захапляльнай дэтэктыўнай манеры.

А для аматараў вострасюжэтнага жанру прыйдзецца даспадобы творчасць аднаго неардынарнага пісьменніка. Па сумяшчальніцтву – акцёра, фатографа, журналіста, рэжысёра, мастака, а ў мінулым – марака і інкасатара. Усё гэта пра аўтара дзясяткаў гучных дэтэктываў з вясновым прозвішчам – Міхаіла Марта. Рэкамендуем яго для ўсіх, чыя душа патрабуе рызыкі і авантур.

І, нарэшце, на кніжны дэсерт у нас з вамі два раманы пра катоў. Якая ж вясна без начных серэнадаў гэтых пухнатых сімпацягаў?!

Юрыст па адукацыі Алена Міхалкова ведае, як напісаць ладны жыццёвы дэтэктыў з палохаючымі таямніцамі, ракавымі збегамі абставін і загадкавымі забойствамі. Гэтым вострым соусам запраўлена кніга “Катоў крыўдзіць не рэкамендуецца” – гісторыя пра тое, як мілае паласатае кацяня ўцягнула сваю гаспадыню-фатографа ў вір падзей, ды яшчэ крымінальнага характару.

А тым, каму бліжэй эмацыйныя дэтэктывы, прыгожыя пачуцці, утульныя фіналы і рудыя каты, варта абраць раман “Марсік, альбо Як выйсці замуж з дапамогай ката” Таццяны Тронінай.

Незабыўных вясновых сустрэч з кнігай!

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара