Накануне Пасхи в Мирском цехе хлебопечения освятили куличи, кексы и караваи

Чым пахне Вялікдзень? Вядома, смачнай і духмянай здобай. Такая святочная сімфонія пахаў кулічоў, кексаў ды караваяў толькі што з печы сустрэла нас ужо на парозе Мірскага цэха хлебапячэння Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

– Сёлета ўпершыню мы вырашылі запрасіць святара, каб асвяціць абсалютна ўсю велікодную прадукцыю цэха ў Міры. Гэтым мы праяўляем клопат пра нашых пакупнікоў, якія не змогуць прысутнічаць у храме падчас святочных набажэнстваў, – растлумачыў кіраўнік Карэліцкага філіяла аблспажыўтаварыства Сяргей Саўко.

Майстар Мірскага цэха хлебапячэння Алена Худоба

Усяго мы плануем паставіць у гандлёвыя кропкі і аўталаўкі райспажыўтаварыства, а таксама ў прыватныя магазіны Карэліччыны каля 6000 адзінак асвечанай прадукцыі. Гэта кулічы, караваі і кексы як класічныя, так і з разынкамі, арэхамі і карыцай, – далучылася да размовы майстар Мірскага цэха хлебапячэння з 32-гадовым стажам Алена Худоба. – Аб’ёмы даволі вялікія, таму мы зараз працуем у дзве змены – дзённую і начную. Спадзяюся, пакупнікі ацэняць нашы старанні. Таксама адзначу, што выпякаем мы па правераных часам рэцэптах без ніякіх лішніх дадаткаў, як кажуць у народзе, “хіміі”, усё толькі натуральнае. Таму наша здоба парадуе землякоў і гасцей раёна хатнім смакам.

– Дарэчы, у пятніцу мы будзем прадаваць гэтую смакату, паўтару, ужо асвечаную, у райцэнтры на гарадскім рынку, – дадаў Сяргей Саўко.

Быў калабок, стаў велікодны піражок 🙂

Майстар змены Іна Карпенка

Тэхнолаг Галіна Печанко

А блаславіць работнікаў цэха на такую плённую і важную працу перад вялікім хрысціянскім святам завітаў настаяцель Свята-Троіцкага храма г.п. Мір протаіерэй Павел Лукашэвіч. Ён памаліўся разам з прысутнымі і асвяціў велікодную прадукцыю. “Хай гэтыя кулічы ды караваі ўпрыгожаць святочныя сталы карэліччан, каб людзі, насуперак неспакойнаму часу, сустрэлі Вялікдзень у коле родных і хатнім цяпле з радасцю і святлом у сэрцах!” – пажадаў святар.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара