Оператор машинного доения МТФ «Мошевичи» Тамара Артюх раскрывает секреты трудовых успехов и семейной гармонии

Пачэснае месца на раённай Дошцы пашаны займаюць імёны тых перадавікоў Карэліччыны, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі ўносяць значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна. Адна з іх – аператар машыннага даення МТФ “Машэвічы” КСУП “Малюшычы” Тамара Арцюх, якая на працягу многіх гадоў жыве па прынцыпе: “Калі брацца за справу, то рабіць яе трэба якасна, добрасумленна і з душой”. Такія адносіны да працы, зразумела, даюць свае станоўчыя вынікі.

– Тамара Арцюх – дысцыплінаваны і адказны работнік, аб чым сведчаць высокія паказчыкі яе працы, – гаворыць пра жанчыну ўпраўляючая МТФ “Машэвічы” Алена Кавальчук.

– Па выніках 2019 года яна надаіла 7932 кг малака ад каровы ў сваёй групе, у якой 50 рагуль. Гэта лепшы паказчык не толькі на ферме, але і ў гаспадарцы. За сакавік бягучага года атрымала каля 40 тон сыравіны пры надоі ад каровы 24 кг. Яна пільна сочыць за здароўем пагалоўя і хвалюецца за кожную жывёлу. Пры неабходнасці адразу выклікае ветурача.
Паміж аператарам машыннага даення і яе падапечнымі існуе асаблівая сувязь. У гэтым давялося ўпэўніцца асабіста. Калі Тамара Арцюх паклікала рагулю па мянушцы Тапаліна, з агульнага статка на голас гаспадыні выйшла менавіта Тапаліна.
– Па нумарах кароў мала называю. Амаль усе маюць мянушкі. Яна добра ведаюць мой голас і заўсёды адгукаюцца і слухаюцца, – дзеліцца Тамара Арцюх, якая працуе на ферме сёмы год. – Родам я з Машэвіч. Прыказка “дзе нарадзілася, там і згадзілася” якраз пра мяне. 27 гадоў адпрацавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку. Звольнілася, бо трэба было маці даглядаць. Уладкавалася на ферму, дзе працоўны графік мне больш падыходзіў. Спецыфіку працы ў жывёлагадоўлі ведала. Некаторы час даіла кароў на фермах у Моладаве, Рудніках. Ды і дома доўгі час дзве рагулі трымалі. З калектывам, у якім зараз працую, мне пашанцавала. Людзі ў нас добразычлівыя і дружныя, заўсёды дапамогуць словам і справай.

Як часта мы чуем пра заканамернасць: “Калі ў сям’і гармонія, тады і на рабоце поспехі”. Менавіта так можна сказаць і пра Тамару Арцюх.

Муж Уладзімір працуе трактарыстам-машыністам у КСУП “Малюшычы”, у перадавіках гаспадаркі, у тым ліку і сёлета на сяўбе зерневых культур. Чацвёра дзяцей ужо выраслі, атрымалі адукацыю і ўладкаваліся ў жыцці. Тамара Арцюх – багатая бабуля. Дзевяць унукаў напаўняюць жыццё жанчыны шчасцем і радасцю.
– Вельмі прыемна, калі дзеці з сем’ямі спяшаюцца ў бацькоўскі дом. Амаль кожныя выхадныя прыязджаюць, часта за агульным сталом збіраемся. Нядаўна маё 55-годдзе адзначалі, хутка мужу будзе 60. Увогуле, святкаванне ўсіх дзён нараджэння – наша сямейная традыцыя, – расказвае Тамара Арцюх. – А яшчэ ўсёй сям’ёй вельмі любім хадзіць у лес. Калі дзеці былі малыя, зімой станавіліся на лыжы – і наперад. Было ў нас месца, дзе спыняліся, раскладвалі касцёр і жарылі сала. Зараз таксама пры магчымасці імкнёмся пайсці ў лес усе разам, напрыклад, па грыбы. Але галоўная мэта нашых паходаў – не назбіраць дароў прыроды, а пабыць разам на прыродзе і атрымаць асалоду ад адпачынку з самымі роднымі людзьмі.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара