В Быковичах местные жители возродили родник

Не знікла, не зарасла хмызняком крынічка ў Быковічах. Яна жыве, павольна бруіцца з-пад зямлі. Нясмела цурчыць сцюдзёная празрыстая вада, якую з асалодай п’юць жыхары вёскі. Едуць за празрыстай смачнай вадой і з суседніх населеных пунктаў.

З дзяцінства добра памятае крынічку ў Быковічах 72-гадовы ветэран працы Іван Кулік, які сёння не можа нарадавацца добраўпарадкаванай тэрыторыі вакол жыватворнай ручаінкі. Да 2019 года крынічка знаходзілася ў занядбанні. Але працавітыя і неабыякавыя жыхары в. Быковічы Дзяніс Бразоўскі, Уладзімір Васіленка, Васілій Ганчар і Аляксей Бразоўскі надалі ёй другое жыццё. Мужчыны нарасцілі калодзежнае кальцо, зрабілі драўляную накрыўку, уладкавалі сцёк для вады, праклалі сцяжынку да крынічкі.

– Вельмі хочацца, каб вакол крынічкі было прыгожа. Я з дзяцінства люблю расліны, таму планую ўладкаваць кветнікі. Хосты ўжо пасадзіў, – дзеліцца Іван Кулік пад ціхі шэпат ручаінкі. – Ведаеце, да нашай крынічкі ідуць не толькі за смачнай вадой, але і за адпачынкам для душы. Дык няхай заўсёды бруіцца крынічка ў Быковічах, напаўняючы нашу малую радзіму жыццём і спакоем.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара