С надеждой на хороший урожай. В Кореличском районе посеяно 42% льняных площадей

На Карэліччыне ў самым разгары пасяўная кампанія бягучага года. Завяршылася сяўба зерневых і зернебабовых культур. На парадку дня – закладка будучага салодкага ўраджаю раёна. На перадавой пасяўной кампаніі таксама задзейнічаны працаўнікі ААТ “Карэлічы-Лён”. Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 14 красавіка семя льну загорнута на 600 га, што складае 42% ад запланаваных.

Сёлета мехатрадам льнозавода паўночны шоўк будзе пасеяны на плошчы 1950 га. У кожным сельгаспрадпрыемстве раёна пад лён выдзелены пэўныя плошчы. Так, у КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” “Карэлічы-Лён” арэндуе 500 га, у КСУП “Малюшычы” – 300 га, СВК “Маяк-Заполле”, КСУП “Цырын-Агра” і “Чарняхоўскі-Агра” – па 200 га, у “Лукі-Агра” – 130 га, СВК “Свіцязянка-2003” – 100 га, у “Жухавічах” – 200 га, у КСУП “Царука” і “Племзавод Карэлічы” – па 60 га. Да таго ж вырошчваннем даўгунцу займаюцца аграрыі КСУП “Малюшычы” і “Чарняхоўскі-Агра”, дзе паўночным шоўкам занята 80 га і 120 га адпаведна.

 

– Зразумела, што пасяўныя плошчы ў розных гаспадарках раёна адрозніваюцца па асноўных характарыстыках глебы. Напрыклад, вакол Міра пераважаюць пяскі, а на маякоўскіх плошчах – суглінкі, якія добра захоўваюць вільгаць, – расказвае намеснік дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён” Фёдар Жук. – На працягу апошніх пяці гадоў у адпаведнасці з планам, распрацаваным Гродзенскім занальным інстытутам земляробства, на кожным участку была праведзена поўная запраўка мінеральнымі ўгнаеннямі – фосфарам, каліем, азотам, мікра- і макраэлементамі. Аднак добры ўраджай змаглі атрымаць толькі ў мінулым годзе. Многае залежыць ад умоў надвор’я, у першую чаргу ад колькасці вільгаці, недахоп якой адчуваецца ўжо сёння. Візуальна бачна, што пасля пасяўнога агрэгата не застаецца цёмнага шлейфу на глебе. Увогуле, даўгунец першы пакутуе пры недахопе дажджоў, бо ў яго слабая каранёвая сістэма.

Сёлета да закрыцця вільгаці механізатары льнозавода прыступілі раней, чым у мінулым годзе, – 11 сакавіка. Нягледзячы на тое, што работу стрымлівалі начныя замаразкі, мехатрад ААТ “Карэлічы-Лён” якасна і ў адпаведныя агратэхнічныя тэрміны падрыхтаваў глебу пад сяўбу. Пасяўныя агрэгаты выйшлі ў поле 6 красавіка і адразу ўзялі добрыя тэмпы.

Па словах намесніка дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён”, немалаважную ролю для атрымання добрага ўраджаю адыгрываюць выкананне сістэмы севазвароту і якасць пасяўнога матэрыялу.

– Для паўночнага шоўку лепшага папярэдніка, чым зерневыя культуры, не прыдумаеш, – адзначае Фёдар Жук. – Згодна з патрабаваннямі тэхналагічнага рэгламента лён можа вярнуцца на тое ж самае поле праз 7 гадоў.  У бягучым годзе 85% пасяўных плошчаў будуць засеяны насеннем замежнай селекцыі, якія атрымліваем самастойна. Для сортааднаўлення культуры сёлета закупілі 20 тон семяннога матэрыялу.

Пры аптымальных умовах надвор’я першыя ўсходы даўгунцу павінны з’явіцца праз тыдзень пасля сяўбы. Гарантыі таго, што сёлета будзе менавіта так, ніхто даць не можа. Для агранамічнай службы льнозавода напружаным таксама з’яўляецца перыяд догляду за раслінамі, які ўключае ў сябе апрацоўкі ад пустазелля і пазакаранёвыя падкормкі, а таксама пастаянны маніторынг працэсу росту і развіцця раслін.

– Кожнаму полю неабходна ўдзяліць увагу, – дзеліцца Фёдар Жук. – У мінулым годзе быў у нас праблемны ўчастак, дзе змагаліся з пустазеллем. Я на тым полі практычна штодзень бываў. У выніку на ім атрымалі добры ўраджай ільносемені і льнотрасты. Поўнасцю згодны з народнай мудрасцю, што лён любіць паклон.  Нават з арсеналам сучаснай тэхнікі працаваць з гэтай культурай даволі складана. Безумоўна, сёння, закладваючы будучы ўраджай, мы вельмі б хацелі атрымаць леташні вынік. Але добра разумеем, што вельмі многае будзе залежыць ад надвор’я.