В Кореличском районе соцработники, волонтеры и почтальоны помогают пенсионерам с доставкой продуктов, товаров и лекарств на дом

У перыяд распаўсюджвання вірусных захворванняў адна з прыярытэтных задач дзяржавы і грамадства – абарона пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу павышанай рызыкі. Ім рэкамендуецца заставацца дома і як мага радзей наведваць грамадскія месцы. На дапамогу карэліцкім пенсіянерам прыходзяць сацыяльныя работнікі, валанцёры райкама «БРСМ» і раённай арганізацыі «Беларускага таварыста Чырвонага Крыжа», паштальёны, якія абавязкова купяць і прынясуць дадому адзінокім сталым грамадзянам і інвалідам неабходныя прадукты і лекі, аплацяць камунальныя паслугі.

Па словах дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэсы Семібратавай, кожны дзень, у тым ліку ў суботу і нядзелю, з 8.00 да 18.00 у Цэнтры працуе тэлефон “гарачай лініі” 7-30-52, па якім пенсіянеры, якіх не абслугоўваюць сацработнікі, могуць пакінуць заяўку на дастаўку на дом неабходных прадуктаў харчавання і тавараў. Сацыяльныя работнікі ўжо выканалі пяць заявак. На днях патэлефанавала карэліччанка, якой сацработнік будзе дастаўляць прадукты альбо лекі з сённяшняга дня. Увогуле, сярод пенсіянераў была праведзена вялікая растлумачальная работа, многім патэлефанавалі і расказалі алгарытм дзеянняў: куды звярнуцца і як пакінуць заяўку.

– Пры наведванні грамадзян сталага ўзросту раім ім не хадзіць у магазіны і аптэку. Усё неабходнае прыносім дадому. Камунальныя паслугі таксама актыўна аплачвала ў другой палове сакавіка, – адзначае сацыяльны работнік Вольга Мухіна, на папячэнні якой знаходзяцца дзевяць карэліччан сталага ўзросту. – Знаходзячыся ў кватэрах карэліччан якія пакінулі заяўку, абавязкова выконваю ўсе меры засцярогі: выкарыстоўваю маску і гумавыя пальчаткі.

Не застаецца ў баку ад добрых спраў карэліцкая моладзь. Як адзначыла выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, у адной звязцы з сацработнікамі на дапамогу пенсіянерам гатовы прыйсці пяць валанцёраў раённай арганізацыі.

Карэліцкія пенсіянеры таксама могуць разлічваць на падтрымку валанцёраў РА ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”.

– Тэлефон “гарачай лініі” – 7-05-67, – нагадвае фельчар-валеолаг Карэліцкай ЦРБ, старшыня арганізацыі Святлана Санцэвіч. – Пакуль заяўкі да нас не паступалі, але двое валанцёраў гатовы аказаць дапамогу пенсіянерам, калі яна спатрэбіцца.

Клапоцяцца пра людзей паважанага ўзросту і работнікі Карэліцкага вузла паштовай сувязі.

– Пры выплаце пенсіі паштальён прапаноўвае пажылым аплаціць камунальныя паслугі, ажыццявіць іншыя віды плацяжоў, аформіць адпраўку пошты, выпісаць газеты і часопісы. Да таго ж па заяўцы, пакінутай па тэлефоне 7-30-45, паштальён прынясе пенсіянеру на дом прадукты харчавання, – расказвае начальнік Карэліцкага РВПС Таццяна Самец. – Трэба адзначыць, што карэліччане пачалі актыўней пакідаць заяўкі на набыццё прадуктаў і тавараў у інтэрнэт-магазіне РУП “Белпошта”, якія выконваюцца на працягу двух дзён.

У перыяд вірусных захворванняў супрацоўнікі Карэліцкага РАУС таксама гатовы хутка адрэагаваць на сітуацыю, якая складваецца на Карэліччыне.

– Усіх жыхароў раёна, якія патрабуюць павышанай увагі, у тым ліку састарэлых і адзінока пражываючых пенсіянераў, добра ведаюць участковыя інспектары міліцыі. У выпадку неабходнасці праваахоўнікі раёна гатовы аказаць усю магчымую дапамогу самі альбо паведаміць аб праблеме ў адпаведныя службы, – адзначыў першы намеснік начальніка Карэліцкага РАУС Дзмітрый Скварчынскі. – Паралельна вядзецца прафілактычная работа з сяльчанамі сталага ўзросту. Міліцыянеры заклікаюць насельніцтва быць надзвычай пільнымі, бо ашуканцы пастаянна прыдумваюць новыя спосабы махлярства. Ні ў якім разе не трэба верыць прадаўцам цудадзейных лекаў і пускаць у дом незнаёмых людзей.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара