Был наводчиком орудия, ходил в разведку. Фронтовые дороги учителя из Лук Ивана Тананко

Для маладога пакалення XXI стагоддзя Вялікая Айчынная вайна — гераічная і незабыўная старонка гісторыі — жыве ў мастацкіх і дакументальных кінастужках, літаратурных творах, песнях, мемуарах і музейных экспазіцыях… Але самыя галоўныя сведкі той легендарнай старонкі гісторыі нашай краіны — ветэраны, удзельнікі страшнай вайны.

На адной з экспазіцый краязнаўчага музея Лукскай СШ — фотаздымкі і ўспаміны ветэранаў, нашых аднавяскоўцаў. Сярод іх — здымак былога настаўніка нашай школы Тананка Івана Ануфрыевіча. У своеасаблівай галерэі на другім паверсе школы таксама размешчана шмат фотаздымкаў, на якіх Іван Ануфрыевіч разам з вучнямі. Мы ведаем, што ён быў майстрам на ўсе рукі, вынаходнікам, доўгі час выкладаў у школе асновы ваеннай падрыхтоўкі, працоўнае навучанне. Яшчэ некалькі гадоў таму ён часта прыходзіў на сустрэчы з вучнямі, заўсёды выступаў на мітынгах, прысвечаных Дню Перамогі, быў старшынёй мясцовага савета ветэранаў. У 2004 годзе Івана Ануфрыевіча не стала.

Вучнямі школы запісаны ўспаміны ветэрана, аднак у экспазіцыі музея адсутнічалі асабістыя рэчы Івана Ануфрыевіча — сведкі Вялікай вайны. Таму летам 2013 года члены навуковага аб’яднання старшакласнікаў «Пошук» наведалі дачку ветэрана Алену Іванаўну, якая адпачывала ў гэты час у бацькоўскім доме. Алена Іванаўна ўспомніла, што бацька часта расказваў сваім дзецям, а потым і ўнукам пра тое, што адбывалася ў Луках у час нямецкай акупацыі: «26 чэрвеня 1941 года бацька запомніў на ўсё жыццё. У гэты дзень ён разам з іншымі хлапчукамі пасвіў кароў. Пасля абеду з боку Міра паказалася калона машын — легкавушка і тры грузавікі, якія спыніліся ў цэнтры вёскі. Гэта былі немцы. Пачалася трохгадовая акупацыя. «Новы парадак», устаноўлены фашыстамі, нёс смерць, грабеж мірнага насельніцтва. У першыя ж дні акупацыі на ўскрайку вёскі фашысты расстралялі сям’ю яўрэяў. У 1942 годзе ў Мірскім раёне пачынае разгортвацца партызанская барацьба. Іван Ануфрыевіч наладжвае сувязь з партызанскім кавалерыйскім атрадам Дзенісенкі. Яшчэ з пачатку вайны падлетак пачаў збіраць зброю, якую захоўваў на гарышчы пад сенам. Аднойчы толькі цуд уратаваў Івана і яго сям’ю ад смерці. Нямецкія фуражыры нечакана з’явіліся ў вёсцы. Тры фашысты залезлі на гарышча і пачалі скідаць сена. Вытрымка не пакінула падлетка: ён узяў гарлачык вады і палез да фашыстаў. «Гут, гут», — заківалі галовамі варожыя салдаты і злезлі на зямлю. Іван пачаў скідваць сена сам. Ноччу з’явіліся партызаны — і небяспечная схованка трапіла па прызначэнні.

Летам 1943 года фашысты пачалі вывозіць моладзь у Германію на прымусовыя работы. У гэты спіс трапіў і бацька. 3 усяго раёна моладзь адправілі ў Мір і пешшу пагналі на чыгуначную станцыю ў Гарадзею. У дарозе ён пазнаёміўся з чатырнаццацігадовай Марыяй з Браносава, што ў васьмі кіламетрах ад родных Лук. Згаварыўшыся, яны, падабраўшы момант, кінуліся ў лес. Тры дні маладыя людзі дабіраліся дамоў, баючыся трапіць у рукі немцаў. Гэтая сустрэча знайшла сваё прадаўжэнне ў пасляваенны час. «Я адразу пазнала ў высокім малодшым сяржанце, які стаяў на парозе школы, таго хлопца, з якім разам уцякалі ад фашысцкай няволі», — успамінала Марыя Пятроўна, наша маці. У будучым яны сталі мужам і жонкай».
Алена Іванаўна была ўдзячна за тое, што ў школе беражліва захоўваецца памяць пра яе бацьку. Таму для школьнага музея яна падаравала сямейную рэліквію — запісную кніжку Івана Ануфрыевіча, якая была разам з ім у нялёгкія ваенныя дні.

А франтавыя дарогі Івана Ануфрыевіча пачаліся ў ліпені 1944 года, адразу ж пасля вызвалення Беларусі, калі ён, малады дзевятнаццацігадовы юнак, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Навабранец быў накіраваны ў Гарахавецкі фарміровачны лагер. Пасля курса маладога байца далейшы шлях радавога Тананкі прайшоў праз палкавую школу малодшых камандзіраў, пасля заканчэння якой яму было прысвоена званне малодшага сяржанта і воінская спецыяльнасць наводчык арудыя.

У снежні 1944 года ў складзе 1109-га артылерыйскага знішчальнага супрацьтанкавага палка, трэцяй батарэі наводчыкам першага арудыя молодшы сяржант Тананка I. А. трапіў на фронт. Полк уваходзіў у склад І-га Беларускага фронта, які вёў цяжкія баі на тэрыторыі Польшчы. Не адзін раз малады салдат быў на валасок ад смерці. На дапамогу прыходзілі вопытныя, абстраляныя аднапалчане, добрая фізічная падрыхтоўка і прыродная кемлівасць. Аднойчы, у самым пачатку новага 1945 года, па загаду камандзіра батарэі капітана Копцева малодшы сяржант Тананка разам са старшынёй Івашчанкам і малодшым лейтэнантам Судаевым быў прызначаны ў разведку. Неабходна было перайсці лінію фронту, здабыць звесткі аб скапленні баявой тэхнікі ворага і схему размяшчэння агнявых кропак. Нейтральная паласа праходзіла праз рачулку шырынёй метраў 10-12. Стаяла адліга, лёд быў не вельмі моцны, а перапраўляцца трэба. У гэты момант батарэя правяла разведку боем. Начная цемра асвяцілася сполахамі ўзрываў, кулямётнымі чэргамі. Разведчыкі паспяхова выканалі заданне і нават захапілі «языка». Толькі каля самага берага лёд пад Іванам Ануфрыевічам праваліўся. Разам з нямецкім обер-лейтэнантам ён апынуўся ў вадзе. На дапамогу прыйшлі таварышы. Уся група была прадстаўлена да дзяржаўных узнагарод, малодшы сяржант Тананка — да медаля «За адвагу».

Цяжкія, крывавыя баі ішлі на захадзе Польшчы, каля горада Чанстахова. Фашысты любой цаной імкнуліся не дапусціць Чырвоную армію на тэрыторыю Германіі. Некалькі разоў вораг спрабаваў нанесці контрудар. Савецкія воіны неслі цяжкія страты. У адной з такіх контратак нямецкія танкі выйшлі на пазіцыю батарэі. Артылерысты панеслі вялікія страты.

3 шасці чалавек арудзійнага разліку малодшага сяржанта Тананка ў страі засталіся чатыры салдаты, з іх два лёгка параненых. Вакол разрываліся снарады, ад пастаянных выбухаў закладвала вушы. Удалым выстралам быў падбіты нямецкі «тыгр». У гэты момант прамым пападаннем нямецкага снарада была выведзена са строю гармата, а Іван Ануфрыевіч быў кантужаны і паранены ў правы бок і адпраўлены ў медсанбат.

Адтуль яго накіроўваюць на лячэнне ў Горкаўскі цэнтральны ваенны шпіталь, дзе героя знайшла ўзнагарода за апошні бой — ордэн Чырвонай Зоркі. Лячэнне працягвалася амаль тры месяцы.

У шпіталі Іван Ануфрыевіч атрымліваў паштоўкі ад родных, землякоў і аднапалчан. Тут з’явіліся і новыя баявыя сябры, сувязь з якімі ён хацеў захаваць і надалей. Таму, акрыяўшы ад ран, малады салдат змайстраваў сабе невялічкую запісную кніжку, першымі запісамі ў якой сталі адрасы сяброў. А даведаліся мы пра гісторыю ўзнікнення запісной кніжкі не з успамінаў Івана Ануфрыевіча, а расказала нам пра гэта яна сама. Вывучаючы запісную кніжку, мы заўважылі, што спачатку вокладкай для яе паслужыла паштоўка, дасланая Івану Ануфрыевічу ў шпіталь 15 лютага 1945 года сябрам-земляком Курашом Іванам Фёдаравічам. На вокладцы захаваліся толькі рэшткі тэксту, а ў самой запісной кніжцы мы знайшлі поўны адрас гэтага чалавека. Акрамя таго, на старонкі гэтай кніжкі ён запісваў словы любімых песень, якія спявалі ў шпіталі.
Салдат не развітваўся са сваёй запісной кніжкай да самай мабілізацыі, пакуль не вярнуўся дадому. А ваенная дарога не закончылася раненнем і шпіталем. Медыцынская камісія прызнала малодшага сяржанта годным для далейшага працягвання службы. Слых пасля кантузіі аднавіўся і мова стала нармальнай.

У канцы красавіка 1945 года Тананка І. А. зноў апынуўся ў Гарахавецкім фарміровачным лагеры. Там ён быў накіраваны для далейшай службы ў 2035 гаўбічны артылерыйскі полк (ГАП) 5-й механізаванай чырвоназнамённай ордэна Кутузава гвардзейскай дывізіі. Дывізія ў пачатку мая па чыгунцы следавала на Захад на фронт. Усе адчувалі блізкасць перамогі. У час шляху на фронт саставы абляцела радасная вестка — Перамога. «Радасць, слёзы…

Перадаць словамі ахапіўшыя нас пачуцці немагчыма. Усе стралялі ўверх з усіх відаў стралковай зброі», — так аб гэтым дні ўспамінаў Іван Ануфрыевіч на адной з сустрэч з вучнямі нашай школы.

У Германіі Іван Ануфрыевіч служыў да кастрычніка 1945 года. Затым 5-ая механізаваная дывізія была накіравана на Усход і ў снежні гэтага ж года апынулася ў Іране, каля горада Мішхед. Салдаты жылі ў палатках сярод іранскіх пяскоў. Нязвыклы клімат быў прычынай розных хвароб. Мусульманская краіна з іншымі звычаямі была не вельмі гасціннай. Усе зносіны з мясцовым насельніцтвам былі забаронены. За сем месяцаў службы на поўначы Ірана толькі аднойчы Іван Ануфрыевіч пабыў у горадзе разам з іншымі салдатамі. Ён быў вельмі ўражаны багаццем гарадского базара Мішхеда.

У канцы лета 1946 года 5-ая механізаваная дывізія была перадыслакавана ў Савецкі Саюз, на тэрыторыю Туркменскай ССР, у горад Мары. Штаб дывізіі знаходзіўся ў цэнтры горада, а падраздзяленні размясціліся на ўскрайку. Спачатку жылі ў палатках і адначасова ўзводзілі будынкі, не спыняючы воінскую вучобу. Прыйшло маладое папаўненне, якое праходзіла падрыхтоўку ў палявых умовах. Сяржант Тананка ў гэты час быў прызначаны камандзірам аддзялення. Адказнасць ён нёс не толькі за сябе, але і за падначаленых. Воінская служба для Івана Ануфрыевіча закончылася ў канцы 1947 года, калі ён быў дэмабілізаваны. Больш чым месяц амаль праз усю краіну сяржант Тананка вяртаўся да роднага дому.

У час гэтых выпрабаванняў разам з ім была і запісная кніжка, у якую ён прадаўжаў запісваць словы любімых песень і адрасы новых сяброў. Відаць, што запісы зроблены ў розны час, таму што захаваліся па-рознаму і вяліся то алоўкам, то чарнілам. За два з паловай гады знасілася і парвалася вокладка-паштоўка. Таму дбайны і ўмелы гаспадар прыладзіў новую драўляную вокладку і зрабіў скураны пераплёт.

Гэта ваенная рэліквія дае нам уяўленне не толькі пра салдацкія шляхі-дарогі — па ёй можна ўбачыць, наколькі папулярнымі былі ў час вайны вядомыя савецкія песні (што гучаць яшчэ і сёння), якія салдаты перакладвалі на свой лад.

Падарунак дачкі ветэрана заняў сваё ганаровае месца сярод экспанатаў школьнага музея.

Алена МАТУСЕВІЧ,
настаўнік Лукскай сярэдняй школы