Галина Смолянко: «Поздравляю коллектив «Полымя» с победой в республиканском конкурсе «Золотая Литера»!»

 

У сённяшнім бурлівым і неспакойным жыцці радасная вестка акрыляе, узнімае настрой, прыдае новыя сілы. А калі ж гэта датычыць многіх людзей, то яна велізарная. Яшчэ раз пераконваешся ў тым, што жыццё — найкаштоўнейшы дар, а людзі — творцы.

Перамогу ў рэспубліканскім творчым конкурсе журналістаў “Залатая Ліцера” Карэліцкай раённай газеты «Полымя» ўспрыняла з вялікай радасцю. Захацелася яе раздзяліць з іншымі і падзяліцца сваімі разважаннямі. Як-ніяк, конкурс незвычайных маштабаў — «Залатая Ліцера»! Больш таго, адзначаны творчы праект «Землякі»! Бясспрэчна, жыхары Карэліцкага краю заслугоўваюць пашаны: спачатку пра іх напісалі ў раёнцы і на сайце «Полымя», а зараз даведаліся ў краіне.

Карэліччына заўсёды славілася працавітымі і таленавітымі людзьмі. Тут  умеюць вырошчваць хлеб, вучыць дзяцей, дарыць добрую песню. Землякі  захоўваюць слаўныя традыцыі народа, праслаўляюць ветэранаў, даюць дарогу маладым. Журналістам ёсць пра што пісаць.

Як журналіста, мяне заўсёды захапляў Чалавек працы, а рука ахвотна  цягнулася напісаць замалёўку ці нарыс. Хто толькі ні быў іх героямі! У той час асаблівай цяжкасці з «кандыдатамі» для гэтага не існавала: карэліцкая зямля славілася працавітымі людзьмі і многія мелі незвычайныя лёсы. Да таго ж, прадстаўнікі мясцовай улады заўсёды былі рады назваць прозвішчы герояў будучых артыкулаў. Непадобныя адзін да другога па характарах, поглядах, імкненнях, прафесіях, яны былі сапраўдным скарбам для мяне як газетчыка, і цяпер благаслаўляю лёс за сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. Успаміны саграваюць душу і дапамагаюць жыць з верай у заўтра.

На змену нам, ветэранам працы, зараз прыйшло новае пакаленне. Яны таксама любяць жыццё і сваю прафесію. Маладыя журналісты прадаўжаюць пісаць летапіс раёна і не забываюць пра Чалавека працы. Сёння на палях і фермах шчыра і самааддана працуюць вяскоўцы — значыць будзе ў нас на стале хлеб і да хлеба. З усёй адказнасцю карэліччане выконваюць свае прафесійныя абавязкі ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Жыццё прадаўжаецца — і гэта вельмі радуе.

Я ганаруся тым, што нарадзілася на карэліцкай зямлі. Усё свядомае жыццё прысвяціла журналістыцы, з адкрытай душой спяшалася да людзей,   друкаваным словам імкнулася дастукацца да іх сэрцаў. Рабіла гэта проста, шчыра, пранікнёна. Гэдак жа і старалася жыць. Любіла родную старонку і яе жыхароў. Менавіта яны сталі для мяне лепшымі настаўнікамі.

Перамога заўсёды акрыляе і прыдае новыя сілы. Няхай так і будзе: прызнанне працы маладых журналістаў раёнкі стане лесвіцай прафесійнага росту, жаданне заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, не пакідае натхненне. Каб моцным было здароўе, акружалі добрыя людзі — разам мы здольны на многае!

Галіна СМАЛЯНКА