Максим Шевко из Кореличей рассказывает о военных вёрстах своего прадеда Виктора Раковича

9 мая мы адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі, таму напярэдадні гэтай значнай даты я хачу расказаць пра свайго прадзядулю Раковіча Віктара Уладзіміравіча.

Нарадзіўся ён у 1923 годзе ў вёсцы Лясок Карэліцкай гміны Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (па адміністратыўных падзелах Польшчы).

Ён рана навучыўся чытаць, гэтаму вучыла яго цётка праз “Закон божы”. У 1930 годзе, калі прадзядулі споўнілася 7 гадоў, бацька павёў яго ў школу. Школа ў тыя часы размяшчалася па хатах. Спачатку вучыліся на беларускай мове, а потым перайшлі на польскую. Потым зноў заняткі пачаліся на беларускай мове. Cкончыўшы 7 класаў, далей вучыцца не змог, бо ў бацькі не было грошай. У 1939 годзе, калі прыйшла Савецкая ўлада, ён пайшоў у школу ў 6 клас, бо праграма польскай школы не супадала з праграмай савецкай школы. У гэтым годзе ўступіў у камсамол. Летам 1941 года закончыў 7 клас. Ён марыў стаць афіцэрам…

Вайна… Цёмнай хмарай нечакана ўварвалася ў жыццё народа. Яна чорнай рысай падзяліла жыццё мільёнаў людзей на шчаслівае ўчора і нязведанае заўтра. Вось як успамінае мой прадзядуля тое імгненне, калі пачуў, што пачалася вайна:

“22 чэрвеня 1941 года, нядзеля. Я толькі на досвітку вярнуўся з клуба. Заснуў. І вось заходзіць бацька і аб’яўляе навіну — пачалася вайна. Ад гэтага я прабудзіўся. Адпачыць не прыйшлося… На другі дзень я пайшоў у сельскі Савет. Наша камсамольская агранізацыя атрымала заданне ахоўваць тэлефонную лінію з вёскі Заполле ў Шчорсы. Днём і ноччу мы патруліравалі на веласіпедах па шасейнай дарозе ад в. Краснае да в. Шчорсы.

На трэці дзень вайны раён стаў арэнай жудасных баёў адступаючых падраздзяленняў Савецкай Арміі з праціўнікам. Памятаю, быў у Карэлічах і назіраў, як п’яныя нямецкія салдаты рабавалі дамы яўрэеў. Быў сапраўдны пагром, расправа над мірнымі жыхарамі. Пачалася расправа над савецкімі актывістамі. Стварылі камсамольска-маладзёжную брыгаду ў вёсках Лясок і Заполле. На першым сходзе мяне абралі яе сакратаром. Нашай задачай было збіраць зброю і боепрыпасы. З першых дзён акупацыі ў нас была пішучая машынка і радыёпрыёмнік. Мы слухалі зводкі Савінфармбюро і друкавалі лістоўкі. Распаўсюджвалі іх па вёсцы.

Восенню 1941 года мы рашылі, што трэба каму-небудзь уладкоўвацца на работу да немцаў, каб там праводзіць дыверсійную работу. 1 лютага 1942 года я ўладкаваўся працаваць сакратаром у Малюшыцкую гміну. Там я наладзіў сувязь з былымі байцамі Чырвонай Арміі — гэта акружэнцы, якія засталіся ў вёсцы жыць.

30 красавіка 1942 года на сходзе вырашылі стварыць партызанскі атрад. Выбралі камандзіра. Ім стаў палітрук Чырвонай Арміі Раман Фёдаравіч Карпенка. У атрад пайшло 11 чалавек, па колькасці вінтовак. Астатнія далучацца да атрада, калі атрад здабудзе зброю. Праз месяц частка хлопцаў вярнулася дадому. Некалькі разоў завязваўся бой атрада з паліцыяй. Шмат загінула. Вось так скончылася арганізацыя нашага першага партызанскага атрада.

1 лютага 1943 года я са сваімі сваякамі паехаў у Шчорсы выгнаць алею. Калі ехалі назад, не даязджаючы некалькі сотняў метраў да дому, сустрэлі партызан. Нам прапанавалі заехаць на бліжэйшы двор, распрэгчы коней, зайсці ў хату і не выходзіць на вуліцу. Я прасядзеў у хаце некаторы час, потым выйшаў на вуліцу, запытаў у партызана, які праходзіў міма мяне, ці ведае ён Міхаіла Бойку. “Гэта наш камандзір узвода,” — адказаў партызан. Мяне завялі да “дзядзі Мішы”, так звалі Міхаіла Бойку. Мы прывіталіся як добрыя знаёмыя. Ён завёў мяне да камандзіра атрада. Я расказаў пра работу камсамольскай арганізацыі і што хачу застацца ў атрадзе. Камандзір сказаў, каб я ўзяў частку ўзвода “дзядзі Мішы” і ехаў. Я заехаў дадому, развітаўся з бацькамі. Мама дала мне іконку і папрасіла, каб заўсёды насіў яе з сабой. Абяцанне сваё выканаў. Мне заўсёды шанцавала. Усюды выходзіў жывым. Гэту іконку мне падарыў мітрапаліт Антоній, які прыязджаў у Карэлічы, калі я быў малы і хадзіў з бабуляй у царкву. Так я стаў партызанам Першага Беларускага асобага казачага атрада. Яго камандзірам быў Дзмітрый Анісімавіч Дзенісенка.»

Першае баявое хрышчэнне мой прадзед атрымаў праз тыдзень пасля прыходу ў атрад. Бой адбыўся ў вёсцы Беразавец.

Вось як гэта было…
Атрад прыехаў у Беразавец. А разведку адправілі ў вёску Крынкі. Разведка паведаміла, што там, у млыне, мелецца мука для Карэліцкага гарнізона. Муку нельга было аддаваць немцам. Таму ў Крынкі направілі фурманкі і 2-гі ўзвод, а ў Беразаўцы пакінулі першы ўзвод і 45-міліметровую гармату. Нехта паведаміў у Карэлічы, што партызаны забіраюць муку.
Камендант гарнізона выклікаў з Навагрудка карны атрад. Партызанам, што знаходзіліся ў млыне, было цяжка адбівацца.
Карнікаў было многа, яны заселі ў кустоўі, а партызаны былі на адкрытай мясцовасці, якая добра прастрэльвалася. Каб дапамагчы ім, першы ўзвод пачаў абстрэльваць немцаў з гарматы. Але тут паведамілі, што з другога боку да Беразаўца пад’язджае каля 10 фурманак з паліцаямі. Прадзед з таварышамі ўручную перакацілі гармату ў другі канец вёскі… Бой за Беразавец закончыўся перамогай партызан, і што асабліва важна, без страт. Партызаны даказалі, што могуць перамагчы ў адкрытым баі і без страт.

Акрамя выпадковых баёў з паліцыяй, камандаванне атрада праводзіла кожны месяц планавыя аперацыі. У лютым была разгромлена самаахова ў Лыкавічах, на 5 сакавіка была запланавана аперацыя па знішчэнні маста на рацэ Уша. Мост партызаны спалілі, але апоры засталіся, узарваць іх не было магчымасці.
Было шмат баёў, удзел у аперацыі “Канцэрт”, у якой было падарвана 250 рэек ад Мінска да Стоўбцаў, шмат таварышаў загінула.

Але самым жудасным для прадзеда быў канец сакавіка, калі арыштавалі яго бацьку. Вось як ён успамінае той час…
“Напрыканцы сакавіка нехта перадаў мне, што арыштавалі майго бацьку. Калі пачалася вайна, бацька зняў са школы сцяг і схаваў на сваім ложку. Калі бацьку арыштоўвалі, то знайшлі сцяг, і гэта было адной з прычын яго расстрэлу. Але асноўнай прычынай было тое, што сусед бачыў, як я прыязджаў дадому, і данёс у паліцыю. Забралі тату ў Карэлічы. Білі. На другі дзень за школай, на гары, расстралялі. Родным не дазволілі яго забраць.

…Карэлічы вызвалілі 7 ліпеня. Прадзеда адправілі працаваць старшынёй райсавета асаавіяхіма ў Навагрудак. Праз тыдзень яму надакучыла такая работа, і ён вярнуўся дадому. Потым папрасіўся на фронт. Яго накіравалі ў Першую камсамольскую штурмавую сапёрную брыгаду, якая знаходзілася на Одэры. Калі атрымлівалася, то прадзядуля дапамагаў будаваць лодкі, пантонныя масты.

Дзень Перамогі мой прадзед сустрэў на Балтыйскім моры.
Пасля Перамогі прадзядуля 2 гады яшчэ заставаўся ў Германіі, іх брыгада займалася размініраваннем, дапамагала аднаўляць збудаванні.

Дадому вярнуўся ў сакавіку 1947 года. У верасні 1947 года паступіў у 10 клас Карэліцкай школы, потым у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут на гістарычны факультэт. Працаваў настаўнікам гісторыі, завучам, дырэктарам школы.


Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй», «Медалём Жукава», «350 гадоў беларускага казацтва». у 1946 г. узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы БССР», юбілейнымі медалямі.

Максім ШЭЎКА,
вучань СШ № 2 г.п. Карэлічы. Фота з сямейнага архіва сям’і Шэўка
і адкрытых інтэрнэт-крыніц