От первого звонка до слез расставания. Какие воспоминания унесут с собой во взрослую жизнь выпускники района?

Планы на апошні званок-2020 для многіх выпускнікоў парушыла пандэмія: каб зберагчы здароўе, іх проста адмянілі ці правялі ў анлайн-фармаце. Карэліцкія выпускнікі скарысталіся магчымасцямі раённай газеты “Полымя”, каб публічна падзякаваць школе і павітаць новае, дарослае жыццё.

Анастасія ПЛЯСКАЧ,
выпускніца ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”:

– Для многіх гэта гучыць неверагодна, але я памятаю свой першы званок – дзень, калі ўпершыню пераступіла парог школы. Белыя банты, сукенка – усё як мае быць… Дарэчы, адзінаццаць гадоў назад я была самая маленькая сярод аднакласнікаў, таму мама вельмі доўга шукала на мяне форму (усміхаецца). Памятаю я і першы ўрок, дзе нам расказвалі пра такую вялікую і прыгожую краіну, як Беларусь. Увогуле, усё тады было такое новае, цікавае, незнаёмае…

Акрамя гэтага, яскравым момантам у школьным жыцці застанецца ўдзел у розных акцыях БРСМ, калі мы нешта стваралі, прыдумвалі, увасаблялі ў жыццё. Памятаю, як пасля аднаго з такіх мерапрыемстваў мне не хапіла часу падрыхтавацца да ўрокаў і на наступны дзень я атрымала дрэнную адзнаку па гісторыі (смяецца). А калі сур’ёзна, то больш за ўсё я ўдзячная сваёй школе за сяброў, якія дапамагалі ў цяжкую хвіліну і рабілі маё жыццё больш цікавым.

Ад вучобы ва ўніверсітэце чакаю не толькі новых ведаў, але і магчымасці знайсці для сябе хобі – занятак, які ў вольны час будзе радаваць мяне і натхняць. Вядома, развітвацца з чымсьці звыклым заўсёды цяжка, але я разумею: гэта неабходна. Спадзяюся, што студэнцтва стане для мяне яшчэ адной шчаслівай часткай жыцця, якая доўгія гады будзе прыемна грэць душу.

Аляксандр АЛЯКСАНДРАЎ,
выпускнік ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”:

– Калі падагульніць маю вучобу ў школе, то, акрамя ўрокаў, мне запомніцца мой вопыт у якасці вядучага. Шматлікія мерапрыемствы, дзе мне давялося прадэманстраваць свае аратарскія магчымасці, – гэта цудоўныя яскравыя моманты, якія я забяру з сабой у далейшае жыццё. Справа ў тым, што гэта мне дазволіла стаць больш адкрытым і ўпэўненым у сабе, развіць новыя магчымасці свайго “Я”.

Нельга забыць і пра алімпіяды па беларускай мове і фізіцы, сумесныя вандроўкі і святы, якія мы адзначалі ўсім класам. Увогуле, я ўдзячны кожнаму з аднакласнікаў, якія былі побач усе гэтыя гады. Ведаеце, мне пашанцавала: што вучні, што настаўнікі – гэта цудоўны і дружны калектыў, які на працягу ўсяго школьнага жыцця чамусьці мяне вучыў, накіроўваў, развіваў. Вельмі спадзяюся, што мы будзем сустракацца на вечарах сустрэчы выпускнікоў, каб падзяліцца навінамі і не забыцца на агульнае мінулае.

Што тычыцца будучыні, то, вядома, страх нязведанага ёсць, але ці бывае інакш?.. Раней новае асяроддзе мне ўяўлялася не так яскрава, а цяпер яно ўжо на парозе… Ад вучобы ва ўніверсітэце я чакаю цікавых знаёмстваў, новых магчымасцей і, вядома, прафесійных ведаў. Пасля заканчэння планую вярнуцца на малую радзіму, каб быць побач з самымі роднымі і блізкімі мне людзьмі.

Сафія МІНЗАР,
выпускніца ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”:

– Калі ўспамінаць школьнае жыццё, то за адзінаццаць гадоў было безліч момантаў, якія зараз здольныя выклікаць усмешку. Незлічоныя алімпіяды, конкурсы, канцэрты, вандроўкі і, вядома, урокі… Асабіста для мяне найбольш цікавымі былі руская мова і літаратура, бо настаўніца Наталля Вячаславаўна Шут, якая, дарэчы, нядаўна адзначала юбілей, выкладала настолькі цікава і арыгінальна, што можна было слухаць бясконца… Увогуле, яна вучыла нас не толькі прадмету – у першую чаргу, яна вучыла кожнага быць Чалавекам і заўсёды дзейнічаць па сумленні. Быў момант, калі мы ўсім класам спісалі тэст, але потым не вытрымалі і прызналіся. Ведаеце, што зрабіла настаўніца? Не павысіла голас, не прымусіла перапісваць, а раздрукавала нам грамату як самаму сумленнаму класу (усміхаецца). Але потым нам усё роўна стала сорамна і мы дружна пайшлі прасіць прабачэння.

Нельга забыць і летні палатачны лагер, дзе настаўнікі вучылі нас гатаваць ежу, распальваць вогнішча, ставіць палатку. Ведаеце, было настолькі цікава і пазнавальна, што я ўпэўнена: гэтыя навыкі яшчэ як спатрэбяцца! Ды і ўвогуле, хочацца падзякаваць усім настаўнікам за тое, што яны вучылі нас не толькі дакладным навукам – яны вучылі нас Жыццю.

Алена ВЯРБІЦКАЯ,
дырэктар ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”:

– Сёлета мы выпускаем дваццаць неардынарных асоб, сярод якіх шэсць патэнцыйных уладальнікаў залатых медалёў. Кожны з нашых выпускнікоў – гэта прыклад адказнасці і таленту, які адначасова спалучае ў сабе знаўцу прадметаў рознага профілю. Таму я ад усёй душы хачу пажадаць ім поспеху і веры ў сябе. Хай выпускныя экзамены будуць па сілах, а жыццё – яскравым, цікавым і напоўненым шчаслівымі момантамі.

Паліна ЧАЧОТКА,
выпускніца ДУА “Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

– З нагоды таго, што мая матуля працавала ў школе, а старэйшы брат ужо быў знаёмы з ёй не першы год, мне яшчэ ў дзіцячым садку школа ўяўлялася нечым незвычайным і такім жаданым… Памятаю, як у дзень Х я ўстала вельмі рана, бо разумела: момант настаў! Але я была настолькі ўсхваляваная, што, калі мне трэба было даваць першы званок, я перапужалася і практычна не магла яго падняць… На дапамогу прыйшоў адзінаццацікласнік, які не толькі нёс мяне, але і практычна рабіў за мяне ўсю працу (усміхаецца).

Школа – гэта не толькі вучоба, але яшчэ і выхаванне цябе як Чалавека, адкрыццё тваіх здольнасцей і магчымасцей. Таму, вядома, кожнаму з нас запомняцца шматлікія алімпіяды, конкурсы, канцэрты, сумесныя вандроўкі і святы. Увогуле, кожны дзень у нашым класе – гэта своеасаблівая вечарынка, дзе можна пасмяяцца і з добрым настроем пайсці дадому. Я бязмерна ўдзячна кожнаму з шасці чалавек, якія былі побач усе адзінаццаць гадоў. Гэта тое, што застанецца са мной назаўсёды, дзе б я не была.

Калі гаварыць пра чаканні наконт вучобы, то ў першую чаргу мне хочацца адчуць, што сабой уяўляе жыццё ў вялікім горадзе, спазнаць радасць жыцця ў інтэрнаце і знайсці новых сяброў. Спадзяюся, усё так і атрымаецца.

Іван ГІМПЕЛЬ,
выпускнік ДУА “Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

– Нягледзячы на тое, што жаданне вучыцца да мяне прыйшло не адразу, я ўдзячны школе за сяброў і за той вясёлы час, якім было напоўнена маё жыццё. Я назаўжды запомню свой удзел у навагодніх ранішніках, якія дазволілі мне пабыць у ролі Дзеда Мароза, Елкі, Мікі Маўса і нават Снягуркі (смяецца). Памятаю і чацвёрты клас, калі я ўвогуле быў самым модным у школе: насіў белы касцюм і белыя басаножкі… Увогуле, яскравых момантаў было настолькі многа, што, здаецца, усе і не ўзгадаеш. Але, безумоўна, яны былі створаны толькі дзякуючы сябрам і, вядома, настаўнікам – тым людзям, якіх мы з цеплынёй будзем успамінаць на працягу ўсяго жыцця.

Прыемным напамінам аб школьным жыцці застануцца і турыстычныя паходы, дзе разам з настаўнікамі мы ладзілі пікнікі, на якіх адчувалася асаблівая, незвычайная атмасфера… Нягледзячы на тое, што наперадзе нас яшчэ чакаюць экзамены, здаецца, я ўжо сумую па школьных сценах. Памятаю, як пры заканчэнні пачатковай школы нам трэба было развітвацца з першай настаўніцай, і гэта было настолькі кранальна, што я ўзяў і заплакаў. Што тады гаварыць пра цяпер?..

Ад самастойнага жыцця я чакаю знаёмстваў з такімі ж добрымі і шчырымі людзьмі, яшчэ больш цікавых імгненняў і… вялікай стыпендыі, якая дапаможа мне накапіць на ўласны аўтамабіль (смяецца).

Дзіяна ГРЫШУКЕВІЧ,
выпускніца ДУА “Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

– З упэўненасцю магу сказаць, што маё школьнае жыццё выдалася на ўсе 100% – з такімі аднакласнікамі інакш быць і не магло. Вядома, былі і слёзы, але ўсё гэта толькі надавала вучобе своеасаблівы каларыт і эмоцыі, якія запомняцца на доўгія гады. Нельга забыцца і на першую настаўніцу Іну Вячаславаўну Лазун, якая заўсёды была прыкладам для пераймання. Памятаю, як на першым выпускным плакалі не толькі дзяўчаты, але і нашыя юныя абаронцы – Ваня не дасць схлусіць.

Ніколі не забуду і турыстычныя паходы, дзе па вечарах мы дружна сядзелі ля вогнішча, спявалі і адчувалі сябе шчаслівымі. А летась наш клас увогуле атрымаў перамогу на раённым злёце, да якой ішоў доўгія чатыры гады…

Памятаю, як класны кіраўнік параіў кожнаму з нас завесці блакнот, дзе мы маглі б запісваць усе вясёлыя моманты са школьнага жыцця. Уяўляю, як яго будзе цікава чытаць праз пару-тройку гадоў… А аднойчы мы ўвогуле вырашылі разыграць настаўніцу і намазалі дошку мылам – у нейкіх месцах крэйда і зараз дрэнна піша (смяецца). А калі сур’ёзна, то я шчыра ўдзячна кожнаму з выкладчыкаў за веды і сваё добрае стаўленне да нас, дзесьці непаслухмяных, але шчырых і старанных вучняў.

У будучым я хачу атрымаць дзве адукацыі, якія дадуць магчымасць уладкавацца ў жыцці і здзейсніць усё, што я запланавала.

Ганна ШУГАЛА,
дырэктар ДУА “Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

– Сёння наша ўстанова выпускае ў самастойнае жыццё сем разумных, арганізаваных і таленавітых навучэнцаў, якія ўсе адзінаццаць год знаходзіліся на перадавой. Ніводнае школьнае мерапрыемства не абыходзілася без іх удзелу, таму развітвацца з імі нам асабліва шкада. Таму ўвесь наш калектыў шчыра жадае ім поспеху і здзяйснення самых запаветных мар. Хай дарослае жыццё прынясе ім толькі прыемныя імгненні, якія дапамогуць ажыццявіць галоўнае – знайсці сябе.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара