В Кореличах вернувшийся из России местный житель нарушил режим самоизоляции. Его оштрафовали более чем на 800 рублей

Так сталася, што сёлета каранавірус стаў часткай нашай рэчаіснасці і ўнёс пэўныя карэктывы ў звыклае жыццё. Вядома, для нас гэта ўсё новае і выклікае шмат пытанняў да спецыялістаў. Вось толькі адказ варта трымаць не толькі адпаведным інстанцыям, але і кожнаму з нас. Пагаворым пра тое, чаму сёння тэма прафілактыкі каранавіруса і грамадзянскай адказнасці гучыць асабліва актуальна.

Аляксандр ГЕРМАНЮК, галоўны ўрач Карэліцкага райЦГЭ:

– Раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі шырока праводзіцца маніторынг грамадскіх месцаў і аб’ектаў, якія масава наведваюць людзі. Мэта – праверыць, як выконваюцца правілы прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, і пры неабходнасці нагадаць пра іх. Асабліва мы звяртаем увагу на наступныя моманты: масачны рэжым, вільготная ўборка, запас дэзсродкаў, наяўнасць дазатара. Таксама ўсім выдаюцца адпаведныя рэкамендацыі. І тут у нас ёсць пэўныя пытанні да гарадскога рынку. Вядома, на момант, калі нашы спецыялісты праводзяць у гэтым месцы праверку, то назіраюць станоўчую карціну. Але варта ім пакінуць тэрыторыю рынку, як там некаторыя грамадзяне ігнаруюць, напрыклад, масачны рэжым. Таму хочацца яшчэ раз звярнуцца да жыхароў і гасцей раёна з просьбай адказна ставіцца да элементарных правілаў прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Бо наша здароўе залежыць найперш ад нас саміх.

Варта памятаць і пра тое, што згодна з арт. 16.8 КоАП Рэспублікі Беларусь парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў пагражае штрафам у памеры да 30 б.в., для індывідуальнага прадпрымальніка – да 200 б.в., для юрыдычнай асобы – да 500 б.в. Ёсць яшчэ і арт. 23.4 КоАП Рэспублікі Беларусь – “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў”. А гэта штраф ад 2 да 50 б.в. ці адміністратыўны арышт.

Таксама ведаю, што жыхароў нашага раёна хвалюе пытанне дэзінфекцыі пад’ездаў. Яна праводзіцца штодзённа па графіку, складзеным РУП ЖКГ. Таксама работнікі прадпрыемства апрацоўваюць тыя дамы, якія не знаходзяцца на яго балансе.

Яшчэ адна важная тэма – самаізаляцыя. Яе выкананне кантралюе міжведамасная камісія ў складзе нашых работнікаў, прадстаўнікоў РАУС і цэнтральнай раённай бальніцы. Рэйды праводзяцца штодзённа 2-3 разы, у тым ліку ў выхадныя дні. Апроч таго, супрацоўнікі РАУС адсочваюць выкананне патрабаванняў самаізаляцыі пры патруляванні. Да большасці грамадзян у нас няма пытанняў. Але з пачатку красавіка камісіяй былі выяўлены 3 парушэнні правілаў самаізаляцыі. Па гэтых выпадках РАУС складзены пратаколы, і справы перададзены ў суд.

Усяго на дадзены момант у Карэліцкім раёне на самаізаляцыі знаходзяцца 70 чалавек (на 14 мая).

Напрыканцы хачу падкрэсліць, што выкананне правілаў прафілактыкі – гэта не толькі клопат адпаведных інстанцый. Яны напрамую датычацца кожнага з нас. Бо лягчэй хваробу не дапусціць, чым потым яе лячыць. Зараз дастаткова сродкаў абароны, антысептыкаў і, галоўнае, інфармацыі па прафілактыцы.

Калі ласка, карыстайцеся ўсім гэтым, захоўвайце дыстанцыю, выконвайце рэжым самаізаляцыі, стаўцеся ўважліва да парадаў спецыялістаў, праводзьце час дома, а не ў грамадскіх месцах. Гэта не складана, але надзвычай эфектыўна.

Аляксандр УЛЬЯНКА, старшы інспектар прафілактыкі ААПП Карэліцкага РАУС:

– Згодна з пастаўленнем Савета Міністраў ад 8 красавіка № 208 “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства” грамадзяне, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, могуць выйсці з дому толькі ў выпадку крайняй неабходнасці: у бліжэйшыя магазіны за прадуктамі харчавання альбо аптэку ці вынесці смецце. Пры гэтым яны павінны быць у медыцынскай масцы і не кантактаваць з іншымі людзьмі.

Выкананне рэжыму самаізаляцыі знаходзіцца на пастаянным кантролі супрацоўнікаў РАУС, медыкаў і работнікаў райЦГЭ.

Трэба адзначыць, што падчас рэйдавых мерапрыемстваў дома ўдаецца застаць не ўсіх з гэтага спісу. Але гэта не значыць, што ўсе тыя, хто адсутнічаюць дома, – парушальнікі. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Міліцыянеры высвятляюць прычыну адсутнасці чалавека дома, праводзяць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы па ўстанаўленні яго месцазнаходжання (апытанне суседзяў, прагляд камер відэаназірання ў магазінах, звязваюцца з ім па мабільным тэлефоне). Калі ўстаноўлена парушэнне рэжыму самаізаляцыі, складаецца пратакол аб адміністратыўным парушэнні, які перадаецца ў суд.

Парушальніка чакае штраф у памеры ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністратыўны арышт.

Віктар СЯНЬКО, старшыня суда Карэліцкага раёна:

– З моманту дзеяння пастанаўлення Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2020 года № 171 у суд Карэліцкага раёна паступілі тры справы аб адміністратыўных правапарушэннях па артыкуле 23.4 КоАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў» у дачыненні да трох парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі.

Літаральна на днях была разгледжана першая справа. Жыхар Карэліцкага раёна вярнуўся з Расіі, і на працягу 14 дзён ён павінен быў знаходзіцца ў хатніх умовах. Аднак мужчына без асаблівай неабходнасці знаходзіўся ў грамадскіх месцах без маскі, кантактаваў з іншымі людзьмі.

Карэліччаніну прысуджаны штраф у памеры 30 базавых велічынь (810 руб.). На дадзены момант пастанаўленне не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана.

Таксама ў судзе разгледжаны адміністратыўныя справы ў дачыненні да шасці транзітных перавозчыкаў. Справа ў тым, што пры перасячэнні беларускай мяжы дальнабойшчыкам уручаюць патрабаванне пакінуць краіну на працягу сутак, карту з найкарацейшым маршрутам, на якой адзначаны месцы адпачынку і харчавання. Рух транзітнага транспарту дазволены толькі па дарогах рэспубліканскага значэння. Кожны з шасці дальнабойшчыкаў дапусціў тое ці іншае парушэнне, за што ім трэба будзе заплаціць немалы штраф – ад 35 да 40 базавых велічынь (ад 945 да 1080 руб.).

На маю думку, гэтыя меры будуць спрыяць выкананню неабходных прафілактычных мер, скарачэнню выпадкаў захворвання на COVID-19 і бяспецы добрасумленных грамадзян раёна.

Даведка “Полымя”

Пад самаізаляцыяй разумеецца сістэма мерапрыемстваў, якія забяспечваюць ізаляцыю (у хатніх ці іншых умовах) асоб, якія прыбылі з эпідэмічна небяспечных краін, альбо асоб, якія мелі ці маглі мець кантакты з асобамі, якія маюць інфекцыйныя захворванні, і (або) асобамі-носьбітамі ўзбуджальнікаў такіх інфекцыйных захворванняў. У сувязі з напружанай эпідэміялагічнай абстаноўкай на самаізаляцыі павінны знаходзіцца грамадзяне Беларусі, замежнікі і асобы без грамадзянства ў наступных выпадках:

– калі ў іх ёсць інфекцыя COVID-19;

– калі яны кантакты першага ўзроўню, на працягу 14 каляндарных дзён ад даты апошняга кантакту; другога ўзроўню – пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў (на перыяд наяўнасці названых сімптомаў);

– калі яны прыбылі ў Беларусь з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19, на працягу 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця.

Марына КАЗЛОВІЧ, Аксана ЯНУШ
Фота з архіва рэдакцыі і адкрытых інтэрнэт-крыніц