21 июня — День медицинских работников. Как работает бригада по посещению пациентов с COVID-19 и как чувствуют себя кореличчане, перенесшие коронавирус?

Сёлета трэцяя нядзеля чэрвеня мусіла быць для людзей, якія штодня клапоцяцца пра наша здароўе, даюць надзею і выратоўваюць жыцці, асабліва ўрачыстай. У гэтым годзе Дзень медработніка адзначаецца ў 40 раз. Але так сталася, што замест прыгожых убранняў яны сустракаюць прафесійнае свята ў ахоўных касцюмах і масках на перадавой у барацьбе з COVID-19.

Урач-тэрапеўт Святлана Гародка працуе ў Карэліцкай ЦРБ чацвёрты год. Але апошнім часам яе не так часта ўбачыш у паліклініцы. Цяпер будні маладога медыка праходзяць у дарозе. У складзе спецыяльнай брыгады яна наведвае хворых па ўсім Карэліцкім раёне.

– Зараз часам складваецца такое адчуванне, што практычна жывеш у райбальніцы, – дзеліцца Святлана Мікалаеўна. – Сапраўды, нагрузка на медработнікаў узрасла. Пасля працоўнага дня нярэдка даводзіцца заставацца, бо трэба дарабіць шэраг спраў. Гэта абумоўлена і дакументацыяй, і абзвонам пацыентаў. А так мой звычайны дзень звязаны з наведваннем разам з медсястрой хворых з COVID-19 ці кантактаў першага ўзроўню, у якіх з’явіліся скаргі на самаадчуванне, у розных кутках нашага раёна. Атрымоўваецца дзесьці па 10-12 выездаў штодня, але бывае і больш. У такім рэжыме я працую з панядзелка па пятніцу. А па суботах вяду тэрапеўтычны прыём у паліклініцы. Гэта можа быць праца як у чыстай зоне са звычайнымі пацыентамі, так і ў спецыяльным кабінеце для інфекцыйнага прыёму, куды людзі звяртаюцца за меддапамогай у сувязі з тэмпературай і іншымі прастуднымі сімптомамі.

У прынцыпе, да такога рытму хутка звыкаеш, нашмат цяжэй з нашай экіпіроўкай. Камбінезон, пальчаткі, рэспіратар, шчыток – цяпер урач выглядае вось так. Апранаем усё гэта ў чыстай зоне, адпраўляемся на выезды, па вяртанні пакідаем экіпіроўку ў “бруднай” зоне, там што шматразовае, праходзіць кварцаванне, а аднаразовае – утылізуецца. Мы ж вяртаемся ў паліклініку ў чыстую зону, дзе таксама нас чакае новы ахоўны халат, маска і пальчаткі. І так кожны дзень, што, вядома, стамляе, але без гэтых мер у сённяшніх умовах ніяк.

Яшчэ адзін складаны момант – тое, што мы на сёння не так шмат ведаем пра каранавірус. Да таго ж, ён схільны да мутацый і праяўляецца ў розных пацыентаў з пэўнымі нюансамі. Тут галоўнае ў лячэнні індывідуальны падыход і адштурхоўвацца ад скаргаў і сімптомаў людзей. А, у цэлым, мы працуем з COVID-19 як з прастуднымі захворваннямі, бо “клініка” ў іх падобная – тэмпература, кашаль, слабасць, мышачны боль, абцяжаранае дыханне, часам страта нюху і паралельна смаку.

Як звычайна ў маёй практыцы выяўляюцца выпадкі каранавіруса? Напрыклад, я выязджаю да кантакту першага ўзроўню, у якога з’явіліся сімптомы інфекцыі. Там вымяраю тэмпературу цела і сатурацыю – узровень кіслароду ў крыві, праслухоўваю лёгкія. Дарэчы, на даму брыгада можа зрабіць і кардыяграму, і ўзяць аналіз. Далей, калі ў мяне ўзніклі сумненні, выдаю чалавеку маску з пальчаткамі і вязу яго на здымак у райбальніцу. Там мы чакаем вынікаў. Калі рэнтген паказвае пнеўманію, то нашага пацыента адразу накіроўваюць на шпіталізацыю, у адваротным выпадку ён зноў вяртаецца на самаізаляцыю і хатняе лячэнне.

Хачу звярнуць увагу і на псіхалагічны аспект. Асабліва ў першыя тыдні, калі пачалі выяўляцца выпадкі каранавіруса ў раёне, было бачна, як няпроста людзям эмацыйна спраўляцца з новымі абставінамі жыцця. Здараліся сітуацыі, калі мне шчыра хацелася, каб у нашай брыгадзе працаваў яшчэ і псіхолаг. Бо ўсялякія страхі, паніка, трывожнасць заўжды ўскладняюць барацьбу з любой хваробай. Таму так важна, каб людзі не накручвалі сябе ды не бралі лішняе ў галаву. Зараз у гэтым плане сітуацыя паступова наладжваецца. Такога вялікага эмацыйнага ажыятажу ўжо няма, людзі ў большасці з разуменнем ставяцца да ўсіх пытанняў, звязаных з COVID-19.

Хаця, безумоўна, каранавірус змяніў і маё жыццё – не толькі прафесійнае, але і звычайнае. Найперш давялося максімальна абмежаваць свае кантакты і перагледзець планы на вольны час, абысціся без лішніх перамяшчэнняў. Адным словам, жыву ў рэжыме “праца-дом”. Таксама я вырашыла, пакуль сітуацыя не стабілізуецца, не наведваць бацькоў і родных.

Вядома, медыкі аказаліся лепш псіхалагічна падрыхтаваныя да такіх рэалій. Бо кожны дзень мы і без пандэміі сутыкаемся то з адной хваробай, то з іншай і ведаем, што панікаваць няма сэнсу, а трэба жыць далей і лячыць людзей.

Карэліччане ўдзячныя медыкам за іх прафесійны аптымізм і самаадданасць

Генадзій Богуш працуе вадзіцелем у РУП ЖКГ у аварыйна-дыспетчарскай службе. А яшчэ сёлета яму аднаму з першых у нашым раёне давялося сутыкнуцца з каранавірусам:
– Жыццё ў такіх маленькіх населеных пунктах ідзе спакойна. Складваецца адчуванне, што каранавірус недзе далёка, а не тут. Так думаў і я, калі, здавалася, проста прастыў. Спачатку былі ўсе сімптомы бранхіту. Тэмпература трымалася невысокая, у межах 38 градусаў, але працяглы час. Зрабілі здымак, а там двухбаковае запаленне лёгкіх. Ды і аналіз на COVID-19 даў станоўчы вынік. Мяне адразу шпіталізавалі, назначылі лячэнне, граматна падабралі прэпараты, пастаянна кантралявалі ўзровень кіслароду ў крыві, ставілі кропельніцы. І так працягам двух тыдняў. Загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Карэліцкай райбальніцы Вераніка Сяргееўна Звонка, медсёстры, дзяўчаты з лабараторыі – менавіта яны ўвесь гэты час былі побач. І я адчуваў, што знаходжуся ў надзейных руках, а значыць абавязкова пайду на папраўку, што неўзабаве і сталася. Пасля прапаноўвалі з’ездзіць на рэабілітацыю. Але я адмовіўся, бо ў мяне свой дом, участак, унукі, дзеці, камфорт, адным словам, і так санаторый. А нашым медработнікам адрасую самыя сардэчныя словы падзякі. На іх зараз ляжыць вялікая адказнасць. Я бачу гэта і па сваёй жонцы, якая працуе лабарантам у Карэліцкай ЦРБ. Але, падкрэслю, нашы медыкі на сваіх месцах і ведаюць, што рабіць у самых складаных сітуацыях. Таму і нам варта не падаць духам, бо з добрым настроем любое лячэнне ідзе хутчэй.

З такой пазіцыяй згодны і яшчэ адзін пацыент райбальніцы – слесар Карэліцкага раёна газазабеспячэння Ігар Бурак:
– Захварэў я ў сярэдзіне мая. Вечарам паднялася тэмпература, з’явіўся кашаль, на раніцу лягчэй не стала, таму звярнуўся да ўрача. Пасля абследавання аказалася, што ў мяне двухбаковае запаленне лёгкіх, а пазней і станоўчы аналіз на каранавірус. Адразу з прыёму мяне адправілі ў бальніцу, дзе я правёў 10 дзён. Як успрыняў дыягназ? Падумаў, што ў жыцці ўсялякае можа здарыцца, і гэтая хвароба не выключэнне. Таму адкінуў лішнія негатыўныя эмоцыі і выконваў усе назначэнні медыкаў. Бо ў такой сітуацыі важна ўсё: рэжым, таблеткі, кропельніцы, гігіена, правільнае становішча цела, абмежаванне перамяшчэнняў і кантактаў. Таксама неабходна ўважліва ставіцца пасля выпіскі да рэкамендацый па рэабілітацыі. Увогуле, поўнае выздараўленне – гэта не толькі правільна назначанае лячэнне, але найперш стаўленне да свайго здароўя самога пацыента. І яшчэ хочацца сказаць вось што. Там, у бальніцы, мы сустракаемся толькі з медработнікамі. Праўда, бачым іх у поўнай экіпіроўцы. За маскамі і шчыткамі часта нават не ведаем, хто дакладна клапоціцца пра нас. Але мы шчыра цэнім працу кожнага з медработнікаў і вельмі ўдзячныя за іх прафесіяналізм, каласальную падтрымку, баявы настрой і выключныя чалавечыя якасці!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара