Николай Карпейчик из Райцы рассказывает об уникальной самодельной технике

На райцаўскай зямлі Мікалай КАРПЕЙЧЫК добра вядомы не толькі як адказны і сумленны механізатар СВК “Свіцязянка-2003”. Яшчэ ён – аматар-вынаходнік, які з бляскам у вачах, творчым запалам і непадробным захапленнем расказвае аб унікальнай самаробнай тэхніцы.

Майстраваць Мікалай Карпейчык пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Убачыўшы матацыкл з каляскай, 12-гадовы Мікалай вырашыў зрабіць свой аналаг, які б важыў значна менш. Таму ўзяў за аснову звычайны дарослы веласіпед і прымацаваў да яго каляску ад матацыкла. Ва ўспамінах з юнацтва засталася і драўляная брычка на двух калёсах, ідэя стварэння якой узнікла пасля прагляду аднаго з мастацкіх фільмаў.

– Добра памятаю, як запрагалі каня і каталіся з хлопцамі на той брычцы, – дзеліцца Мікалай Карпейчык. – Зразумела, сёння магчымасцей для вынаходніцтва значна больш. Адзін толькі інтэрнэт вялікую колькасць ідэй прапаноўвае. А раней што? Усе задумкі самі па сабе ў галаве нараджаліся, штосьці цікавае з тэлеперадач мог узяць. Памятаю, як піянерамі металалом збіралі. Гледзячы на якую-небудзь жалязяку, я адразу ўяўляў, куды яе можна прымяніць, каб даць ёй другое жыццё.

Да юнацкіх вынаходніцтваў Мікалая Карпейчыка можна дадаць і надзіманую лодку з камеры ад трактарнага кола, у якасці паруса якой выкарыстоўвалася плёнка. З усмешкай мужчына ўспамінае, што плыла яна толькі ў адзін бок.

З цягам часу вынаходніцтвы Мікалая Карпейчыка станавіліся больш складанымі і практычнымі. Напрыклад, самаробны трактар, які стаў незаменным памочнікам у хатняй гаспадарцы. Час ад часу аматар-вынаходнік прыязджае на работу на мехмайстэрні “Свіцязянкі” на мапедзе, які таксама сабраны сваімі рукамі з падручных дэталяў і сродкаў.

– Раму для мапеда сабраў з веласіпедных запчастак, колы ўзяў ад садовай тачкі, рухавік – ад трымера, – расказвае Мікалай Карпейчык. – Зразумела, жадаемы вынік не заўсёды атрымліваецца з першай спробы. Але калі я штосьці задумаў, абавязкова зраблю. Нават калі шмат разоў прыйдзецца перарабляць. Своеасаблівы спартыўны азарт з’яўляецца. Зразумела, часу не хапае. Днём я на рабоце. Таму толькі па вечарах застаецца магчымасць заняцца любімым хобі.

Цяжка пералічыць усе творчыя вынаходніцтвы Мікалая Карпейчыка, сярод якіх асаблівай увагі заслугоўваюць аэрасанкі. Улетку ж тэхніка з лёгкасцю ператвараецца ў аэрамабіль.

– На жаль, гэтай зімой снегу было мала. Таму аэрасанкі засталіся незапатрабаванымі, – адзначае вынаходнік. – А вось аэрамабіль развівае хуткасць да 60 км у гадзіну. Ёсць у мяне мара – скарыць неба. Зразумела, не ўсё так проста. Лятаць —гэта не па зямлі ездзіць. Дзеля бяспекі неабходна ўсё дасканала прадумаць, купіць спецыяльныя крылы.

Гледзячы на творчае захапленне бацькі, сын Мікалая Карпейчыка, трэцякласнік Цімур, з задавальненнем бавіць час у гаражы, праяўляючы недзіцячую цікавасць да майстравання. Бацька толькі падтрымлівае інтарэс хлопчыка да вынаходніцтва. А калі яно так, то, магчыма, праз некаторы час мы пачуем аб новых унікальных транспартных сродках, зробленых рукамі сямейнага тандэма Карпейчыкаў з Райцы.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара