Благоустроенное жильё и собственный автомобиль. В День молодёжи рассказываем, как живут и работают молодые специалисты в СПК «Свитязянка-2003»

Часта поспех арганізацыі або прадпрыемства залежыць ад новых, маладых кадраў. Яны, яшчэ ўчарашнія выпускнікі, з азартам і задавальненнем гатовы спасцігаць азы атрыманай прафесіі і рабіць усё, каб выйсці на перадавую. А гаспадарка, у сваю чаргу, імкнецца не толькі стварыць умовы для якаснай і прадуктыўнай працы, але і заахвоціць маладых і амбіцыёзных людзей і надалей заставацца і працаваць у вёсцы.

Ветэрынарны ўрач МТФ “Райца-1” аднаго з вядучых сельгаспрадпрыемстваў раёна СВК “Свіцязянка-2003” Крысціна Салалыкіна запэўнівае: “Мне з размеркаваннем пашанцавала”. Шчаслівыя вочы дзяўчыны не даюць схлусіць, і яна з задавальненнем расказвае пра ўсе плюсы працы ў невялікім аграгарадку.

Ветурач МТФ «Райца-1» Крысціна Салалыкіна ведае падыход да кожнага са сваіх падапечных

Калі малады спецыяліст прыехала на карэліцкую зямлю, ёй адразу далі жыллё: і не якое-небудзь, а камфортную кватэру ў новенькім інтэрнаце ў Райцы, які спецыяльна для моладзі пабудавалі пяць гадоў назад. Праўда, спачатку там жылі сямейныя пары, якія працавалі ў гаспадарцы і для якіх з цягам часу кіраўніцтва пабудавала домікі – іх на вуліцах Гастэлы і Першамайскай амаль паўсотні. Сем’і перасяліліся – свабодныя кватэры засялілі маладымі спецыялістамі. Крысціне ж, у сваю чаргу, прыйшлося прывезці з роднай Брэстчыны толькі пасцельную бялізну – усім астатнім яе забяспечыла “Свіцязянка”.

– Умовы ў інтэрнаце насамрэч выдатныя, – расказвае дзяўчына. – Ложак, шафа, уласная кухня і ванны пакой, пральная машына… Нягледзячы на тое, што я чалавек пераборлівы, жыць тут сапраўды добра. Да таго ж мне прыходзіцца аплочваць толькі камунальныя плацяжы, якія ў сярэднім складаюць трыццаць рублёў у месяц. Ведаеце, у параўнанні з тым, што многія аднагрупнікі зараз жывуць у дамах, дзе нават гарачай вады няма, то яшчэ раз скажу: з Райцай мне пашанцавала.

Не абдзяляе гаспадарка маладых прафесіяналаў і фінансавай падтрымкай. Так, на працягу першых двух гадоў для іх прадугледжаны штомесячныя даплаты ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду. Акрамя гэтага, дапаўняе зарплату моладзі і рэспубліканскі бюджэт.

– Ведаеце, майго заробку мне хапае, – прызнаецца Крысціна. – За два гады, што тут працую, я змагла набыць сабе ўласны аўтамабіль і купіць рэчы, на якія не хапала раней… Нягледзячы на тое, што прафесія ветурача для жанчыны няпростая, пасля размеркавання я ўсё ж такі планую застацца ў гаспадарцы. Ёсць жыллё, ёсць зарплата, каханне… Што яшчэ трэба для шчасця?

Такой жа думкі прытрымліваецца і дваццацісямігадовы вытворца работ СВК “Свіцязянка-2003” Дзмітрый Буцкевіч, для якога Карэліцкі край таксама стаў другім домам. Прыехаўшы па размеркаванні, хлопец, як і ўсе, жыў у інтэрнаце, пакуль адна сустрэча не перавярнула ўсё яго жыццё… Будучая жонка Таццяна таксама прыехала ў Райцу па размеркаванні, дзе працавала заатэхнікам да таго, як выйшла ў дэкрэт.

На сваім участку Дзмітрый Буцкевіч пабудаваў арэлі і ўжо пачаў дзіцячую горку для дачкі Алісы

– Дзякуючы кіраўніцтву гаспадаркі мы атрымалі ўтульны домік па вуліцы Гастэлы, дзе жывём зараз утрох: я, жонка і васьмімесячная дачушка Аліса, – расказвае малады чалавек. – Калі ажаніліся, нас чакаў сюрпрыз у выглядзе дваццаці базавых: яны прадугледжаны ў выпадку, калі ты адпрацаваў у кааператыве не менш за год і заключаеш шлюб упершыню.

Важным момантам у сацыяльнай падтрымцы маладых спецыялістаў з’яўляецца і магчымасць беспрацэнтнай пазыкі, якую гатовы прадаставіць у выпадку заключэння працоўнага дагавора як мінімум на пяць гадоў. Так, пры яе дапамозе жадаючыя могуць палепшыць жыллёвыя ўмовы, пачаць будаўніцтва ўласнага дома, набыць мэблю, атрымаць дадатковую адукацыю і інш. Дзмітрый і Таццяна Буцкевіч такім правам пакуль не скарысталіся, а вось іх суседзі – сям’я Воўк – яшчэ як. Грошы пайшлі на набыццё тавараў для дома.

Студэнты, якія вучацца па мэтавым накіраванні ў профільных установах адукацыі Рэспублікі Беларусь, акрамя дзяржаўнай стыпендыі, штомесяц атрымліваюць прыемны бонус – дзве базавыя велічыні ад СВК “Свіцязянка-2003”, куды яны будуць уладкаваныя пасля выпуску.

– Часам людзі шукаюць шчасця ў мегаполісах, не бачачы таго, што побач, – працягвае Дзмітрый. – Навошта марыць аб чымсьці лепшым, калі, па сутнасці, гэтае лепшае ў цябе ўжо ёсць?.. Глядзіце самі: мне ёсць дзе жыць, ёсць дзе працаваць і за што карміць сваю сям’ю, таму прычын для пераезду я не бачу: нам з дзяўчатамі, ведаеце, і тут добра (усміхаецца).

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара