Готовим вместе! Рецепты для вкусного и уютного семейного застолья

Рыба пад марынадам

Спатрэбіцца:

рыба – 600 г, буйныя морквы – 3 шт., цыбуля рэпчатая – 6 шт., таматная паста – 3-4 ст. л., соль і спецыі – на смак, яблычны воцат – 2 ст. л., алей для тушэння.

Моркву надзерці на буйной тарцы або дробна парэзаць, цыбулю парэзаць паўкольцамі і ўсё тушыць да гатоўнасці. За 2-3 хвіліны да гатоўнасці дадаць таматную пасту.

Рыбу пазбавіць костак і падзяліць на невялікія кавалачкі велічынёй з мезенец.

На дно каструлькі выкласці трохі марынаду і рыбу пластамі, затым тушыць да гатоўнасці на невялікім агні хвілін 20. За пару хвілін да заканчэння прыгатавання дадаць соль, спецыі і воцат. Пакінуць настояцца на 4-5 гадзін.

Бульбяное слоенае печыва

Спатрэбіцца:

бульбяное пюрэ – 200 г, масла (можна замяніць маргарынам) – 100 г, мука – 150 г + для раскаткі, яйка – 1 шт., соль – 0,25 ч. л., сыр паўцвёрды – 85 г.

Аддзяляем бялок ад жаўтка. У міску выкладваем наша пюрэ, дадаём жаўток, растопленае і астуджанае да пакаёвай тэмпературы масла, прасейваем муку, замешваем мяккае, падатлівае цеста. У залежнасці ад гушчыні пюрэ, мукі можа спатрэбіцца крыху больш. Фарміруем з цеста шар, заварочваем яго ў плёнку і прыбіраем у халадзільнік хвілін на 40.

Сыр надзіраем на сярэдняй або буйной тарцы. Бялок узбіваем да лёгкай пены.

Дастаём цеста. Падсыпаем на дошку муку, раскатваем з цеста каўбаску і дзелім яе на 16 прыблізна роўных кавалачкаў. Кожны кавалачак цеста раскатваем у тоненькую аладку. Складаем аладкі адна на адну двума стосікамі па 8 штук. Бярэм адзін стосік аладак і раскатваем яго ў круг дыяметрам каля 26-30 см. Змазваем круг паловай узбітага бялку, крыху падсольваем і рассыпаем палову надзёртага сыру. Дадаткова да сыру можна прысыпаць аладку кменам або кунжутам. Разразаем круг на 12 сегментаў. Раскладваем сегменты на бляху і выпякаем у разагрэтай да 190 градусаў духоўцы хвілін 15-20. Тое самае робім і з другім стосам аладак.

Цёплае печыва досыць мяккае, а халоднае – хрумсткае.

Лімонныя квадрацікі

Спатрэбіцца:

халоднае масла 100 г, мука 250 г, цукар 3 г, 5 яек, 3 сярэднія лімоны, форма для выпякання 25х30 сантыметраў.

Пакіньце 2,5 сталовай лыжкі мукі для начынкі. Надзярыце цэдру лімонаў. Разрэжце лімоны напалову і выцісніце сок. Складзіце халодныя кубікі масла і астатнюю муку ў блэндар і здрабніце на дробкі (або пасячыце масла з мукой нажом на дошцы). Дадайце 2,5 сталовай лыжкі цукру і адно яйка. Замяшайце цеста рукамі, дадаючы 1-2 сталовыя лыжкі лімоннага соку. Цеста не павінна быць ліпкае.

Раскатайце цеста да памераў формы. Ідэальная таўшчыня цеста – да 1 см. Перакладзіце ў форму. Зрабіце невысокія борцікі – да 3 см. Пракаліце цеста відэльцам у розных месцах. Выпякайце 10-15 хвілін пры 180 градусах да залацістага колеру.

Для начынкі міксерам узбіце 4 яйкі і цукар, які застаўся. Маса павінна павялічыцца ў тры разы. Дадайце 2,5 сталовай лыжкі мукі, 2 сталовыя лыжкі цэдры. Узбіце яшчэ раз. Уліце 80 мл лімоннага соку і зноў узбіце.

Выліце лімонную масу на цеста, выпякайце яшчэ 20-25 хвілін. Гатовы лімонны пласт павінен быць мяккі і цягучы, але не дрогкі. Калі ён не гатовы, запякайце яшчэ 5-7 хвілін. Пірог астудзіце і патрымайце ў халадзільніку 1-2 гадзіны. Разрэжце на квадрацікі, прысыпце цукровай пудрай.

Сырны рулет з гарбушай

Спатрэбіцца:

сыр цвёрды – 300 г, плаўлены мяккі сыр – 150 г, гарбуша слабасалёная – 300 г, зяленіва кропу і пятрушкі – змешаны пучок (каля 50 г).

Цвёрды сыр надзіраем на тарцы. Зяленіва дробна сячэм. Змешваем з сырам.

Кладзём сыр з зяленівам у рондаль і ставім награваць на вадзяной лазні, каб сыр расплавіўся. Як варыянт, можна расплавіць сыр у мікрахвалёўцы або, склаўшы ў поліэтыленавы пакет, апусціць у кіпень, не адпускаючы кончык (2-3 хвіліны). У любым з варыянтаў сыр павінен расплавіцца, ператварыўшыся ў пластычную масу.
Гэтую сырную масу з зяленівам раскладаем паміж двух слаёў харчовай плёнкі і тонка раскачваем качалкай.

Знімаем з раскачанага сыру верхнюю плёнку. Намазваем плаўлены сыр. Чырвоную рыбу як мага танчэй наразаем і раскладваем на сыр. Абрэзкі, калі будуць, раскладваем у вольным месцы. Пры дапамозе ніжняй плёнкі згортваем сырны пласт з рыбай у рулет. Загортваем рулет у харчовую плёнку і адпраўляем у халадзільнік. Можна пакласці пад лёгкі прэс.

Пры падачы сырны рулет наразаем на лустачкі.