Каменные заборы и деревенские плетни. Рассуждаем с Галиной Колтуновой о том, как не отгородиться от жизни

Жыццё не раз падкідвае нам сюжэты, якія міжволі выклікаюць роздумы і разважанні, патрабуюць пераасэнсавання ўбачанага ці пачутага і нярэдка дапамагаюць пазбегнуць непапраўных памылак альбо пасля пэўных ваганняў прыняць правільнае рашэнне, выклікаюць жаданне нешта змяніць у сваёй асобе. Я запрашаю вас, паважаныя чытачы, далучыцца да сумеснага абмеркавання прапаноўваемых жыццёвых сюжэтаў, таму кажу вам:

«Паразважаем разам!»

Люблю, бывае, прагуляцца па вуліцах нядаўна забудаваных мікрараёнаў пасёлка. Не дзеля зайздрослівай цікаўнасці, а дзеля магчымасці парадавацца, гледзячы на прыгожыя дамы, дызайнерскую эстэтыку афармлення прысядзібных участкаў, парадак і чысціню. Але апошнім часам усё часцей лаўлю сябе на думцы: чаму, гледзячы на навакольную прыгажосць, да радасці пачало падключацца пачуццё трывогі і няёмкасці? Што не так? І разумею: агароджы паміж суседнімі дамамі, ад вуліцы! Высачэзныя, непрыступныя, пагардлівыя, суровыя ў сваёй недапушчальнай для сэрца маналітнасці… Дамы за імі падаюцца бастыёнамі…

Думкамі вяртаюся ў родную вёсачку Падгайна, спрабую ўспомніць: ці былі ў ёй такія агароджы паміж хатамі і ад брукаванай, заўсёды чысценька вымеценай, вуліцы? Не было! Ні ў пасляваенны час, ні пазней, калі да людзей вярнуўся дабрабыт. Надворкі, абсаджаныя кветкамі, — вяргінямі, мальвай, гладыёлусамі, півонямі — збягалі да вуліцы і заканчваліся кустамі бэзу, язміну і абавязковымі лавачкамі пад імі, на якіх адпачывалі вяскоўцы, чакаючы кароў з пашы, ці вечарамі пасля працоўнага дня, абмяркоўваючы навіны. Жанчыны абменьваліся гатункамі кветак, стараліся надаць вонкаваму выгляду двара ўтульнасць і гасціннасць, быццам запрашаючы: “Зайдзіце, калі ласка!” Жылі адкрыта, дзялілі гора і радасць на ўсіх, ведалі адзін пра аднаго ўсё. Мяжу паміж суседскім і сваім агародамі людзі аддзялялі невысокімі, фігурна сплеценымі з тонкага арэшніку платамі, якія можна было лёгка пераступіць. На іх звычайна вешалі для прасушкі збаны для малака, чыгуны. Уздоўж плоту звычайна сеялі фасолю, якая прыгожа вілася па арэшнікавым спляценні. Ствараўся дарагі сэрцу вясковы дызайн, і нікому ў галаву не прыходзіла ідэя адгарадзіцца наглуха ад суседа. Па-сялянску, па-людску не разумелі: ад каго хавацца і што хаваць? Бывала, ужо з раніцы чулася, як адна суседка крычыць другой: “ Зіна, я ў цябе збан вазьму, масла збіла, няма куды сыроватку пераліць, мае малаком занятыя!” “Не пытайся, бяры, вісяць на плоце!”, — чулася ў адказ. З другога боку неслася: “Маня, у цябе пігулка (таблетка) ад галавы ёсць? Баліць нешта з ночы галава”. І Маня ўжо мчыцца да мяжы з лекамі. З трэцяй хаты даносіцца: «Гэля, твой Янак дома? Мая карова целіцца, хай падыдзе, паглядзіць”. Без разважанняў, напрасткі, цераз агарод бяжыць мужчына да суседскага хлява. А каб узвышалася жалезная ці драўляная, каменная агароджа, як дастукацца, дакрычацца, паспець з дапамогай?! Весела і дружна адзначалі таксама, збіраючыся дварамі, святы. Пераступіў з пачастункамі фасолевую ўмоўную перашкоду — і ты ўжо ў гасцях… Да скону дзён не забудуся той даўнішні летні дзень, калі над вёскай праляцеў упершыню верталёт. Мама была ў полі, я, васьмігадовая дзяўчынка, ірвала зелле для парасят у агародзе каля хаты. І раптам здалёку пачулася гучнае стракатанне: яно неслася з нябёсаў, нарастала, прыбліжалася. Памятаю, ад страху прысела ў бульбянішчы. У гэты момант з поўнымі вёдрамі вады ішла па вуліцы суседка, цётка Зіна. Убачыўшы мяне, кінула вёдры, маланкай пранеслася цераз надворак, прыкрыла мяне сваім целам. А потым ужо, калі верталёт знік удалечыні, не адпускала, абнімала, скрозь слёзы прыгаворвала: “Дзіцятка маё родненькае, а я ж думала: вайна…!” Сёння з жахам устрапянецца душа: “А каб жыла за высокім двухмятровым плотам, хто б абараніў?”.

Дзякуй Богу, большасць людзей не пераймае моду, прыйшоўшую не так ужо даўно, каб пераўтварыць свой дом у бастыён. І я зусім не супраць агароджаў, бывае, без іх аніяк. Адно трывожыць: каб не сталі яны першым званочкам для маладога пакалення ў жаданні пераняць імкненне адгарадзіцца і жыць па прынцыпе: “Мая хата з краю, і я нічога не знаю…”

Галіна КАЛТУНОВА