Рассвет на Свитязи и свадебное платье сестры. Кореличчане рассказали, как несколько десятилетий назад праздновали выпускной

Часам абставіны складваюцца не на нашу карысць, таму прыходзіцца раптоўна мяняць тыя ці іншыя планы. Менавіта так сталася і з выпускнікамі 2020 года: з-за пандэміі каранавіруса традыцыйныя апошнія званкі і выпускныя вечары прыйшлося адмяніць. Аднак кіраўніцтва школ рыхтуе на дзясятага чэрвеня – дзень, калі рабяты атрымаюць атэстаты, — прыемныя сюрпрызы, якія дадуць магчымасць запомніць ім гэты памятны дзень.

Так, у некаторых школах Карэліччыны юнакі і дзяўчаты змогуць не толькі атрымаць дакумент аб заканчэнні навучальнай установы, але і закружыцца ў традыцыйным развітальным вальсе. Іншых рабят чакаюць паветраныя шары з пажаданнямі, торт з феерверкам і нават выкананне гімна выпускнікоў разам са сваімі настаўнікамі. Самі ж школьнікі таксама не застаюцца ў баку, а рыхтуюць шматлікія пажаданні і творчыя праграмы. Некаторыя з іх вырашылі пасадзіць туі з памятнымі таблічкамі ў гонар сваіх любых настаўнікаў.

Мы пацікавіліся ў жыхароў Карэліцкага раёна, як прайшоў выпускны вечар у іх.

Аляксандр ШКАДАЎ,
старшыня раённага Савета дэпутатаў:

Аляксандр Шкадаў (злева ў другім радзе) з настаўніцай і аднакласнікамі, 1976 г.


– Пасля выпускнога нас чакала дарослае жыццё, таму свята было адначасова і вясёлым, і сумным. У 1976 годзе яшчэ не было такіх традыцый, як салодкі стол ці ўрачыстае шэсце на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Мы з аднакласнікамі атрымалі атэстаты, а затым пайшлі сустракаць світанак у бярозавы гай. Памятаю, што ішлі мы туды басанож, таму што да гэтага часу ўжо трошкі стаміліся… Асабіста ў мяне ніякіх праблем з выбарам касцюма не было, а вось дзяўчаты больш адказна ставіліся да свайго ўбора: думалі, выбіралі, прыглядаліся да сябровак… Наконт праграмы, на жаль, нічога не скажу, бо не памятаю: усё ж такі амаль паўстагоддзя прайшло… Але ўсё роўна выпускны вечар перыядычна ўзгадваеш, бо разумееш: лепшага часу ў жыцці ўжо не будзе.

Ірына АСТАШЭВІЧ,
начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама:

Ірына Асташэвіч з матуляй, 1986 г.


– У няпростым 1986 годзе я скончыла тады яшчэ адзіную ў Карэлічах школу № 1 пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхайлавіча Зайца. Год быў складаны: у красавіку адбылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС. Памятаю, як ва ўрачыстай абстаноўцы нам уручылі атэстаты і… ўсё. Салодкага стала не было, а сустрэць світанак нам не дазволіў дождж. Але мы ўсё ж такі знайшлі выйсце і адсвяткавалі выпускны ў жніўні, якраз на мой дзень нараджэння. Сабраліся ў маёй кватэры – нас было аж дваццаць чалавек – і дружна адзначылі заканчэнне школы, заадно павіншаваўшы адзін аднаго з паступленнем. Цікава, што ў тыя часы такой падрыхтоўкі да выпускнога вечара як зараз, не было. Напрыклад, сукенку я ўзяла ў стрыечнай сястры, якая нядаўна выйшла замуж. Абрэзала яе, дзесьці штосьці дапрацавала – і гатова! Прычоска, макіяж – тады кожная дзяўчына рабіла ўсё сама, без шматлікіх візажыстаў і стылістаў, а адпаведна, без вялікіх выдаткаў.

Дзмітрый МАНКЕВІЧ,
загадчык аддзела па экскурсійнай працы ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”:

Дзмітрый Манкевіч, 1987 г.


– Нягледзячы на тое, што раней выпускныя вечары адзначаліся больш сціпла, чым зараз, па сваёй душэўнасці яны не саступалі сучасным. Мы, юнакі і дзяўчаты, выпускнікі Райцаўскай школы 1987 года, не рабілі шумных фуршэтаў і вечарынак, а пасля ўручэння атэстатаў проста ішлі сустракаць світанак. Памятаю, было гэта дзесьці непадалёк ад Свіцязі, а дамоў мы вярнуліся толькі а другой гадзіне ночы… Гутарылі, смяяліся і думалі аб экзаменах, якія чакалі нас ужо зусім хутка. Тады, дарэчы, здавалі не тры-чатыры іспыты, а значна больш. Дакладную колькасць я ўжо не памятаю, але ўспамінам праносіцца тое, што ўсе думалі пра паступленне і аб тым, што іншага шанцу не будзе. Пра спіртное мы тады ўвогуле не ведалі і ведаць не хацелі: жыццё і так было цікавым і насычаным.

ДАРЭЧЫ
Сёлета ў самастойнае жыццё адправяцца 164 навучэнца дзявятых і 80 – адзінаццатых класаў. На залаты медаль прэтэндуюць 10 чалавек, 7 з каторых – выпускнікі ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”. Упершыню адбудзецца выпуск аграрнага класа ў Цырыне і ў чарговы раз — педагагічнага ў Міры.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з асабістага архіва герояў