Спецпроект «Земляки» путешествует по Мирскому сельсовету

Землякі: Мірскі сельскі Савет

УСЕ ДАРОГІ ВЯДУЦЬ У СЕЛЬСАВЕТ

Сёння сельскі Савет для вяскоўцаў — сапраўдная служба выратавання. Сюды ідуць з самымі рознымі праблемамі і просьбамі: спілаваць дрэва, прывезці паліва, заараць агарод… Як задавальняюцца патрэбы самага вялікага па памерах у раёне сельскага Савета, расказвае старшыня Мірскага сельсавета Аляксандр Маркевіч.

— Аляксандр Лявонцьевіч, статыстыка сведчыць пра тое, што колькасць сельскага насельніцтва няўмольна скарачаецца. Якія дэмаграфічныя паказчыкі ў Мірскага сельскага Савета?

— На 1 студзеня бягучага года ў нас пражывае 3511 чалавек, з іх 1930 працаздольных, 587 дзяцей і 994 чалавекі пенсійнага ўзросту. Нас радуе, што колькасць нованароджаных расце. Так, у 2018 годзе на свет з’явілася 13 немаўлят, у 2019 годзе — 19, а ў бягучым — ужо 10. На жаль, смяротнасць перавышае нараджальнасць у разы: у 2018 годзе з жыцця пайшлі 53 чалавекі, у 2019 г. — 65.

Прыемна, што ў нашых жыхароў назіраецца тэндэнцыя да шматдзетнасці. На сёння 43 сям’і выхоўваюць траіх і больш дзетак. Прычым колькасць такіх сем’яў расце з году ў год. У 2018 годзе 3 сям’і атрымалі статус шматдзетных, у 2019 г. — 5, у бягучым — ужо 4. У 2018 годзе жыхарка нашага сельсавета Надзея Крэнь атрымала ордэн Маці як нарадзіўшая і выхаваўшая пецярых дзяцей. Спадзяёмся, што ў бягучым годзе яшчэ адна наша зямлячка будзе ўдастоена гэтай узнагароды.

— Што зроблена ў населеных пунктах сельсавета за апошнія некалькі гадоў па добраўпарадкаванні?

— Дзякуючы таму, што гарадскі пасёлак Мір увайшоў у Дзяржаўную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці, у 2018 годзе капітальна добраўпарадкаваны вуліцы Сташэўскай, Школьная і Зорная, дзе асвоена больш за 800 тысяч рублёў. Мадэрнізавана вулічнае асвятленне, газавая кацельня і каналізацыйная помпавая станцыя. Адрамантаваны фасады будынкаў гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва, сувязі, аўтазаправачнай станцыі.

Завершана мадэрнізацыя вуліцы Танкістаў, на якую затрачана больш за 1,5 млн рублёў.

Зараз вядуцца работы па будаўніцтве новай станцыі абезжалезвання ў Міры, якія будуць завершаны ў гэтым годзе.

Шмат увагі надаём азеляненню гарадскога пасёлка. Толькі сіламі прафтэхкаледжа ў бягучым годзе было высаджана больш за 200 дрэў. Дарэчы, вакол гэтай навучальнай установы з’явілася новая агароджа з металаштыкетніка.

Маладых матуль і дзетак парадавалі тры дзіцячыя пляцоўкі, аздобленыя малымі архітэктурнымі формамі.

Што тычыцца сельскіх населеных пунктаў, у мінулым годзе мы ўстанавалі і пафарбавалі больш за 450 метраў агароджы ў вёсцы Сімакава. На вясковых могілках у Беражна заняліся спілоўваннем аварыйных дрэў. Міране каталіцкай канфесіі правялі вялікі фронт работ на старых каталіцкіх могілках. У бягучым годзе плануем выдаліць старыя і пагражаючыя дрэвы на пагостах у Хлюпічах і Возерскім.

— З якімі праблемамі часцей за ўсё жыхары ідуць у сельсавет?

— Амаль палова ўсіх зваротаў звязана з пытаннямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Часта людзі просяць прагрэйдзіраваць дарогу, спілаваць аварыйнае дрэва, замяніць лямпачку на вулічным ліхтары. Мы звязваемся з адпаведнымі службамі, якія праводзяць гэтыя работы. Нядаўна людзі паведамілі, што на вуліцы Танкістаў аварыйнае дрэва можа ўпасці на пешаходны пераход. Работнікі камунгаса хутка зрэагавалі і ліквідавалі пагрозу.

Дапамагаем паляпшаць жыллёвыя ўмовы нашых людзей. Так, трое маладых спецыялістаў з ліку настаўнікаў і ўрачоў атрымалі арэнднае жыллё.

У такія моманты, калі ўдалося дапамагчы чалавеку, сапраўды душа радуецца.

— Ці ёсць на тэрыторыі Міршчыны ініцыятыўныя людзі, якія гатовы дапамагчы мясцовай уладзе?

— Безумоўна, ёсць, і гэта нашы старасты вёсак. На іх трымаецца многае. Яны актыўна дапамагаюць наладжваць работу па добраўпарадкаванні вёсак, могілак, правядзенні пагаспадарчага ўліку, прафілактыцы правапарушэнняў. З гэтай кагорты — Часновіч Яніна Анатольеўна, стараста вёскі Беражна, — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Менавіта па яе ініцыятыве мясцовыя жыхары, а гэта ў асноўным пажылыя людзі, за свае сродкі спілавалі пагражаючыя дрэвы на могілках. У мінулым годзе яна стала адным з арганізатараў свята вёскі Беражна, на якое прыехалі госці нават з Расіі. Хачу адзначыць плённую работу старасты Вялікага Сяла і Возерска Уладзіміра Мікалаевіча Печанко, які займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторый вакол пустуючых дамоў, могілак. Стараста Хлюпіч Алена Аляксандраўна Крупнік стала ініцыятарам збору сродкаў на ліквідацыю аварыйных дрэў на могілках. А нядаўна зладзіла талаку: вяскоўцы выйшлі на суботнік, каб прыбраць на святым месцы смецце, зняць стары плот і паставіць замест яго сетку.

— Асобая трывога мясцовай улады і жыхароў — асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Ці ўдаецца знайсці агульную мову з гэтай катэгорыяй насельніцтва?

— На тэрыторыі сельсавета жывуць 5 сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, і адна сям’я, куды дзіця было вернута з прытулку. Мы запрашаем гэтых людзей на прафілактычныя гутаркі, наведваем па месцы жыхарства кожны тыдзень. Галоўнае — знайсці з імі агульную мову, сумець дастукацца да сэрцаў. Была ў нас праблемная сям’я, у якой з-за сужыцеля жанчына пачала зазіраць у бутэльку. Ніякія размовы на яе не ўздзейнічалі, таму прыйшлося забраць дзіця ў прытулак. На шчасце, яна ўзялася за розум і змагла вярнуць дзіця. Мы дапамаглі ёй з жыллём, работай.

— Пустуючыя дамы — гэта сёння праблема для вашага сельсавета?

— Такія дамы ёсць у кожнай вёсцы, і яны псуюць знешні выгляд населеных пунктаў. У бягучым годзе судом Карэліцкага раёна на тэрыторыі Мірскага сельсавета тры дома прызнаны пустуючымі і будуць знесены. У мінулым годзе 4 непрыдатных для пражывання будынка былі разабраны. Што цікава, у бягучым годзе ў Міры ўпершыню праводзіцца аўкцыён, з якога будзе прададзены адзін з пустуючых дамоў. Магчыма, у яго знойдуцца новыя гаспадары. Дарэчы, у нашым сельсавеце назіраецца тэндэнцыя па набыццю такіх дамоў. Напрыклад, у вёсцы Любна гараджане набываюць такое жыллё пад дачы. У Возерскім купіў дом і пераехаў з Расіі мужчына, які доўгі час працаваў у Аргенціне. Кажа, спадабаліся нашыя мясціны, працуе цяпер на спіртзаводзе. Многія гараджане вяртаюцца на малую радзіму.

— Як працуеце з ільготнымі катэгорыямі грамадзян: ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, інвалідамі, адзінокімі пажылымі людзьмі?

— Пра іх мы клапоцімся ў першую чаргу. Так, ветэранаў вайны ў нас трое, людзей, маючых інваліднасць, — 188, больш за 400 адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей. Апроч таго, што многія з іх маюць сацыяльных работнікаў, мінімум раз на год наведваем іх. Калі трэба нешта адрамантаваць, спілаваць, прывезці паліва, усё робіцца хутка і якасна. Напрыклад, у Міры нядаўна замянілі пячное ацяпленне двум адзінокім пенсіянерам, у Аюцавічах дапамаглі адзінокай бабульцы замяніць дымаход.

— У чым, на Ваш погляд, місія старшыні сельскага Савета?

— Служыць дзяржаве, служыць народу, я так лічу. Інакш і за справу брацца не варта.

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”
У склад Мірскага сельсавета ўваходзяць 17 населеных пунктаў: 15 вёсак, аграгарадок Аюцавічы і гарпасёлак Мір.

Жыццё як хобі

Пра такіх людзей звычайна гавораць “майстар на ўсе рукі”. І сапраўды, яны, адораныя боскім талентам, ствараюць прыгажосць навокал і робяць гэты свет яшчэ больш цікавым і дзівосным. Вось і майстар вытворчага навучання Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Людміла Ложачнік – з іх ліку.

Дзяўчына скончыла Клецкую сярэднюю школу, паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, сустрэла будучага мужа і… пераехала за ім у Мір, дзе на працягу шасці гадоў працавала настаўніцай геаграфіі. Тут па волі лёсу Людміла пазнаёмілася з майстрам па саломапляценні, якая і навучыла здольную вучаніцу гэтаму старажытнаму рамяству.

– У той час я была ў дэкрэтным водпуску, таму ў вольную хвіліну хацелася заняць сябе чымсьці цікавым, – узгадвае жанчына. – Спачатку гэта былі аплікацыі і пано, а потым я ўжо навучылася плесці… Муж майму занятку не перашкаджаў, а толькі падбадзёрваў, бачачы мае радасныя і шчаслівыя вочы.

Салому Людміла Антонаўна збірала сама: разам з мужам ехала ў поле (абавязкова да Купалля, бо сабраная да гэтага часу салома лічылася найбольш мяккай), а затым сушыла і адкладвала да неабходнага часу. Гатовыя вырабы спачатку ўпрыгожвалі жыллё сям’і Ложачнік, а потым сталі арыгінальным падарункам для знаёмых і блізкіх.

Але на гэтым творчы запал жанчыны не скончыўся. Наступным “прыпынкам” у яе жыцці стала пляценне з бісера. Цікава, што звычайныя дрэўцы Людміле Антонаўне рабіць было нецікава – яна адразу перайшла на ўпрыгожванні. Так, за некалькі год ў яе назбіралася бранзалетаў, брошак і іншых “жаночых штучак”, зробленых з якаснага матэрыялу і нават паўкаштоўных камянёў.

– Часам бывала так, што я магла па дванаццаць гадзін прасядзець за працай – хіба што з перапынкам на абед, – працягвае размову Людміла. – Вядома, для кагосьці праца можа здацца маруднай і надзвычай цяжкай, але мяне яна захапляла і давала магчымасць развівацца, адчуваць, што я не стаю на месцы.

Але таленавітаму чалавеку заўсёды хочацца больш. Вось і Людміла Ложачнік у хуткім часе знайшла для сябе новы занятак – валенне з воўны. Скончыўшы двухтыднёвыя курсы ў Мінску, жанчына пачала вырабляць шалікі, рукавіцы, капелюшы, тапачкі, торбы і многае іншае. Штосьці з вырабаў таленавітай майстрыхі шло на падарункі, а штосьці – на продаж. Так, па словах Людмілы Антонаўны, яе работы носяць і за мяжой…

– У гэтай справе мне заўсёды падабалася бачыць тое, што атрымаецца ў выніку, – расказвае жанчына. – Так, напрыклад, ты плануеш зрабіць адно, адныя дэталі на працягу працы прыбіраеш, іншыя – дадаеш, а ўрэшце рэшт у руках красуецца зусім іншы выраб (усміхаецца).

Зараз у жанчыны новае захапленне – вырабы з гліны, якім яна вучыцца сама і вучыць іншых. Але гэта сёння. Хто ведае, чым нас здзівіць заўтра таленавіты майстар на ўсе рукі?..

БЫЦЬ ГОДНЫМ РАДЗІМЫ

Сціплы, але адкрыты для размовы жывёлавод МТК “Аюцавічы” Генадзій Доўгі – яскравы прыклад працавітасці і самаадданасці Радзіме. Нарадзіўшыся ў Барысаве, мужчына ўжо амаль дваццаць гадоў будуе ўласнае жыццё на гасціннай карэліцкай зямлі…

Атрымаўшы спецыяльнасць электрамантажніка, чвэрць стагоддзя Генадзій Кліменцьевіч адпрацаваў на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай Святланай. Праз некалькі гадоў лёс склаўся так, што маладая сям’я павінна была пераехаць – і тут іх гасцінна сустрэла Карэліччына.

– Дзякуючы кіраўніцтву прадпрыемства мы атрымалі жыллё і ўладкаваліся на ферму, – расказвае Генадзій Доўгі. – Тут ціха, спакойна і ўтульна. А што яшчэ патрэбна для жыцця?..

Кожны дзень мужчыны пачынаецца з кармлення жывёлы, а гэта – амаль сто пяцьдзясят галоў. Трэба сказаць, што сумленная праца дае і свой плён: з пачатку года сярэднясутачная прывага ў яго групе склала 929 грамаў, а самае прыемнае, па словах жывёлавода, гэта бачыць здаровых і накормленых цялят і рагуль, з чым Генадзію дапамагае яго жонка. Павага і ўзаемаразуменне ў сям’і Доўгіх пануюць не толькі дома, але і на працы.

– Калі б мне прапанавалі вярнуцца ў горад ці нават пераехаць у сталіцу, ні за што б не пагадзіўся, – працягвае аповед мужчына. – Мы са Светай ужо так звыклі да гэтага краю, да людзей, да некранутай прыроды, што жыцця па-за Карэліцкім раёнам не ўяўляем увогуле. Вось ці змог бы я, напрыклад, у тым жа Мінску ездзіць на працу на матацыкле? Наўрад ці. А тут што? Ні мітусні табе, ні шалёнага рытму – сеў і паехаў (усміхаецца)!

Акрамя любові да жалезных каней – матацыкла і машыны, – Генадзій Доўгі нараўне з жонкай з задавальненнем завіхаецца і па гаспадарцы: у Вялікай Мядзвядцы, дзе жыве сям’я, маюцца двое парасят і дваццаць курэй. Не даюць мужчыне сумаваць і ўнукі, якія час ад часу завітваюць на карэліцкую зямлю.

– Сакрэт шчаслівага жыця, на мой погляд, заключаецца ў тым, каб працаваць па сумленні, – падагульняе размову аюцавіцкі жывёлавод. – Тады і людзі, і кіраўніцтва, і нават увесь сусвет будуць спрыяць табе, рабіць шчаслівым і годным таго краю, што клічуць Радзімай.

Ёсць любоў – будзе лад

Што такое сям’я? Гэта дружная і творчая каманда, упэўнены Ілья і Алена Цюленевы са сваімі чароўнымі дзеткамі.

– Вяселле мы адсвяткавалі ў 2007 годзе, так што сёлета нашай сям’і – 13 шчаслівых гадоў, – узгадваюць афіцыйны старт сумеснага жыцця Ілья і Алена.

Праўда, пачалася гісторыя пары яшчэ раней, калі ўраджэнку Мастоў Алену накіравалі на працу фельчарам-лабарантам у родны горад Ільі Навагрудак.

– Менавіта там адбылася сустрэча маладога спецыяліста і маладога салдата, – з усмешкай узгадвае знаёмства з будучым мужам Алена. – Ілья тады праходзіў тэрміновую службу і якраз выйшаў у звальненне, а я на прагулку. Далей усё здарылася па традыцыйным сцэнарыі: узаемная сімпатыя, рамантычныя спатканні і, нарэшце, стварэнне сям’і. Зараз Ілья працуе інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ў замкавым комплексе “Мір”, я – лабарантам у Стаўбцоўскай ЦРБ. У нас свой дом у Міры і самы вялікі скарб – трое дзетак.

На пытанне “ці не хочацца пераехаць у вялікі горад?”, муж з жонкай упэўнена адказваюць:

– У Міры нам цудоўна і за дзяцей спакойна. А калі што патрэбна, заўжды можна сесці ў машыну і з’ездзіць за гэтым у больш буйны населены пункт. Увогуле, мы надзвычай мабільныя і актыўныя, любім усёй сям’ёй падарожнічаць і марым аднойчы даехаць да Байкала. Некаторыя нашы прыгоды можна пабачыць на YouTube. Мы завялі там канал, які называецца “Семья Тюленевых”. Туды мы скідваем і відэа нашых творчых нумароў. Бо, дзе бы нам не прапанавалі, мы заўжды гатовыя ўсёй сям’ёй выступіць: у дзіцячым садку, у школе, на конкурсе. Летась нават сталі ў раёне “Сям’ёй года – 2019”. А на гэты Новы год былі Дзедам Марозам і Снягуркай не толькі для сваіх дзетак, але і прымалі заказы ад іншых бацькоў.

Падабаецца жыць насычана і дзецям. Лізавета і Яўгенія вучацца ў беларускамоўных класах сярэдняй школы г.п. Мір. За парту сёлета сядзе і самы маленькі ў сям’і Цімафей. У кожнага з дзяцей, апроч вучобы, ёсць заняткі для душы. Яўгенія ходзіць у школу мастацтваў, вучыцца граць на сінтэзатары і гітары, спрабуе здымаць на тэлефон відэаролікі. Ліза таксама музычна адораная, займаецца на цымбалах і з задавальненнем спявае. Цімафей прыслужвае падчас набажэнстваў у касцёле св. Мікалая ў Міры. Дарэчы, там можна пачуць, як іграюць ды спяваюць і самі Ілья з Аленай. А яшчэ ў будучым яны хочуць арганізаваць у касцёле дзіцячы хор.

Любяць у сям’і Цюленевых таксама радаваць адзін аднаго незвычайнымі прэзентамі. Так, Ілья падарыў Алене гітару. А нядаўна бацькі ашчаслівілі дзяцей ролікамі. Так што цяпер малечу чакаюць канікулы на высокай хуткасці.

Якраз з такіх момантаў і складаюцца гарманічныя адносіны, адзначаюць Ілья з Аленай:

– Рэцэпт ладу ў сям’і – не крыўдзіць адзін аднаго, а калі здараецца непаразуменне – умець выслухаць і пагаварыць па душах, каб зняць пытанне і знайсці кампраміс. Яшчэ добра, калі ёсць нейкая агульная справа, цікавы занятак, што аб’ядноўвае. Наконт бацькоўскага выхавання, то тут важна накіраваць дзіцячую энергію ў правільнае рэчышча. А самае галоўнае ў сям’і – любіць і шчодра дзяліцца з блізкімі гэтым пачуццём.

Ландшафтные фантазии

Если, гуляя по Миру, вы вдруг внезапно окажетесь словно в красивом кино: увидите большой дом, ухоженный двор с газоном и туями и много разнообразных цветов, а вам приветливо улыбнутся хозяева, – не сомневайтесь, вы встретили семью Кучко.

Глава семейства Павел Александрович гостеприимно приглашает в беседку. Во дворе то и дело встречаютя дизайнерские задумки хозяев. Красиво высаженные деревья и цветы, совсем маленький, но идеально подходящий к дизайну двора мостик, оригинальный фонтан…

– Знакомьтесь, это моя жена Зинаида Семёновна, – представляет Павел Кучко. – Совсем недавно мы с ней отметили 40 лет совместной жизни.

Павел и Зинаида родом из деревни Качичи Малюшичского сельсовета, вместе учились в Витебске на художественно-графическом факультете ВГУ имени П. Машерова.

– Одним словом, художники мы, – улыбается Павел Александрович. – В средней школе № 2 райцентра я посещал три кружка: авиамоделирование, техническое моделирование и живопись. С тех пор моя жизнь – это искусство.

– А как же познакомились? – спрашиваю у хозяев.

– Как-как? – смеется глава семейства. – Как все. Вечером в субботу на танцах. Познакомились раз и навсегда. Знакомы уже больше сорока лет, воспитали троих детей. Все творческие.

Супруги замечают, что их высшее творческое образование помогает и с людьми общаться, и детей воспитывать, наставлять, и, конечно, работать с учениками. После окончания учебы молодые супруги оказались в Мирском колледже, где проработали много лет.

– Жена моя раньше ушла на пенсию, а я, хоть и пенсионер тоже, но еще работаю мастером производственного обучения, сейчас первый год преподаю художественные специализации. Раньше был столяром-резчиком, а теперь, так сказать, вернулся к истокам, занимаюсь тем, что мне действительно нравится.

А то, чем нравится заниматься семье Кучко, видно даже невооруженным взглядом. Любой ландшафтный дизайнер позавидует такому двору.

– Все это – заслуга моей жены, – признается Павел Александрович. – А я исполнитель.

– Сперва мы на этой площади сажали картошку, – вспоминает Зинаида Семеновна. – Но с каждым годом я постепенно отвоевывала места для своих задумок. Все, что вы видите, – мои идеи, которые Павел Александрович воплотил в жизнь. Раньше ведь не было никаких книг по ландшафтному дизайну. Что-то я придумаю, сделаем, а через пару лет встречаю в книге такую же идею, которую мы уже воплотили. Даже удивительно.

– Не жалко было? Все-таки свой огород – дело хорошее.

– Нет. Огород у нас остался, хоть и небольшой, – поясняет Павел Кучко. – Но мы – люди искусства. Важно, чтобы мы могли вечером посидеть в беседке, включить музыку, зажечь свет, насладиться природой.

Теперь во дворике есть где отдохнуть, есть где и поработать. Достаточно пройти чуть дальше – встретите растущий картофель, а чуть левее – ульи, а справа – мастерская хозяина.
Павел и Зинаида Кучко любят пообщаться с соседями.

– Мы люди простые, и соседи у нас тоже простые. Все хорошие, – добавляет Павел Александрович. – Нам важно, чтобы между всеми нами были теплые отношения: не было ни зависти, ни интриги. А сам поселок Мир – это нечто шикарное, как будто для нас созданное место. Мы как только переехали, сразу все закрутилось, стали принимать участие в возрождении Мира. Думаю, это судьба.

Матэрыялы падрыхтавалі
Іна ЛЕЙКА, Вікторыя КАСЦЮК, Марына КАЗЛОВІЧ, Лізавета АЙКЯН
Фота аўтараў