Спортсмены из кореличского клуба восточных единоборств «Белый тигр»: «Карате для нас — образ жизни»

Бягучы навучальны год юныя аматары каратэ з карэліцкага клуба “Белы тыгр” закончылі нязвыкла: апошнія два месяцы трэніраваліся дома, а традыцыйныя майскія спаборніцтвы “Зоркі Панямоння” прайшлі анлайн. Пандэмія карэкціруе планы і ў спартсменаў. Затое ў такой вымушанай разлуцы юныя спартсмены адчулі, што каратэ для іх — не проста захапленне, а ўжо лад жыцця.

— Бягучы год стаў для нашага клуба досыць паспяховым і ў пэўным сэнсе наватарскім, — расказвае трэнер Аляксандр Абадзінскі. — Рабяты ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і абласных турнірах па каратэ-до, прывезлі 2 залатых, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Гэта вынік не шматлікіх, але прадуктыўных выступленняў нашых спартсменаў. Сваімі поспехамі парадавалі Кірыл Арцюх, Ягор Сякач, Яраслаў Кандрусік, Мікалай Касцюк, якія маюць вялікі вопыт у спаборніцтвах. Але ў бягучым годзе мы вырашылі змяніць палітыку клуба і рабіць упор не на спаборніцтвы, а менавіта на трэніроўкі па самаабароне і аздараўленчую работу. Безумоўна, спаборнічаць і перамагаць важна, але больш важна, лічу, быць здаровым. Менавіта гэтаму і вучыць традыцыйнае каратэ.

Сёння ў клубе займаюцца 12 юных спартсменаў, сярод іх толькі адна дзяўчынка — 7-гадовая Соф’я Варэнік.

— Дачка прыйшла ў каратэ не так даўно, у студзені месяцы, — расказвае тата дзяўчынкі Аляксандр. — Прыклад сябра Лёшы Дораша, які ходзіць у “Белы тыгр”, так на яе паўплываў. Мы з жонкай падтрымалі яе выбар, не лічым, што каратэ не для дзяўчатак. Каратэ — гэта не спосаб даць здачы, напрыклад, а ў першую чаргу самадысцыпліна і работа над сілай духу. Таму хачу параіць іншым бацькам, калі яны сумняваюцца, аддаваць дзіця ў каратэ ці не, даверыцца сыну ці дачцэ: няхай паспрабуе, а раптам такое захапленне калі-небудзь выльецца ў залатыя медалі.

Сарамлівая і мініяцюрная, як Дзюймовачка, Соф’я кажа, што ў клубе ёй вельмі падабаецца. Раней, калі можна было наведваць трэніроўкі, адразу пасля выканання дамашніх заданняў яна спяшалася на татамі. Ды і дзе яшчэ знойдзеш адразу столькі старэйшых сяброў-абаронцаў, як не ў “Белым тыгры”? І сапраўды, хлопчыкі ў клубе не па гадах сур’ёзныя і дысцыплінаваныя, ведаюць, што такое рэжым і самакантроль.

Напрыклад, Кірыл Арцюх даволі паспяхова спасцігае таямніцы шатакан каратэ-до ўжо 5 гадоў. І нават 15-кіламетровая адлегласць ад роднай вёскі Баранавічы да Карэліч для яго не перашкода.


— Калі я прывёў сына ў клуб, ён быў вельмі сарамлівым, — расказвае тата спартсмена Аляксандр. — Можа, таму, што вясковы, а можа, гэта асаблівасці характару. Але за гэтыя гады дзякуючы спорту ён стаў больш упэўненым у сабе, падцягнуўся ў вучобе, памужнеў.

— Дзякуючы каратэ я стаў мацнейшым фізічна і духоўна, а вясковыя сябры паважаюць і называюць “наш караціст”, — дзеліцца Кірыл. — Пакуль з будучай прафесіяй не вызначыўся, але, магчыма, стану трэнерам, як Аляксандр Паўлавіч. У любым выпадку, заняткі каратэ планую працягнуць нават у дарослым жыцці.

На развітанне перад стартам летніх канікул трэнер Аляксандр Абадзінскі ўзнагародзіў пераможцаў спаборніцтваў “Зоркі Панямоння” дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Пераможцамі сёмых юнацкіх спаборніцтваў па ката “Зоркі Панямоння” сталі:
раздзел ката, 6-10 гадоў — Ілья Капіца (Карэлічы);
раздзел ката, 8-10 гадоў — Ангеліна Лагвіновіч (Навагрудак);
раздзел ката, 11-12 гадоў — Ягор Сякач (Карэлічы);
раздзел ката, 12-13 гадоў — Кірыл Арцюх (Карэлічы).

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара