Столяр из Мира Николай Гиз сделал корабль из подручных материалов и превратил двор в порт

Мікалай Гіз не раз станавіўся героем нашых публікацый, і нездарма. Добры, шчыры і неверагода таленавіты сталяр Мірскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа, здаецца, ні хвіліны не сядзіць без працы. Вось і зараз, на вуліцы Сташэўскай, дзе жыве мужчына, каля другога пад’езда дома № 2 з’явіўся дзівосны карабель, які не толькі ўпрыгожвае клумбу, але і выклікае непадробны інтарэс у мінакоў і дзетвары.

Асобую незвычайнасць дэкаратыўнаму караблю надаюць матэрыялы, якія паслужылі асновай для яго стварэння. Так, на працягу года ў мужчыны назбіралася жалеза, дошак, ацынкаванай бляхі, захавалася старая швейная машынка, трубы ад каналізацыі, савецкія ліхтарыкі, колы ад дзіцячай калыскі і нават механізм ад зерневай сеялкі. Здаецца, як з усяго гэтага можна зрабіць карабель? Але для таленту перашкод не існуе. Вось і Мікалай Гіз, стварыўшы эскіз, павольна рухаўся ў патрэбным напрамку…

– Ведаеце, я патрыёт. Таму мне, вядома, хочацца, каб малая радзіма квітнела і прыгажэла. А калі ёсць ідэя і магчымасць, чаму б і не зрабіць свой сціплы ўнёсак? – разважае падчас размовы Мікалай Іванавіч. – Дарэчы, асаблівую падзяку мне хочацца выказаць начальніку Мірскага ўчастка Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалаю Саладуху, які дапамог у ажыццяўленні гэтай задумы.

Дапаўняюць карабель “Падарожнік” колы ад старога пыласоса, ножкі ложкаў, настольная лямпа, непатрэбныя замкі і коркі ад парфумы. Штосьці з запчастак мірскі талент знаходзіў сам, а штосьці яму прыносілі сябры і знаёмыя. Не абышлося і без сюрпрызаў: каб парадаваць жонку, мужчына набыў петуніі, астры, хрызантэмы і аксаміткі, высадзіў іх у гаршчкі і паставіў на драўляную палічку, дзе і месціцца карабель.

Але на адным “Падарожніку” Мікалай Іванавіч не спыніўся. Неўзабаве на сцяне суседняга пад’езда з’явілася… рыба, якая цудоўна ўпісваецца ў агульны кантэкст.


– Рыбка выраблена з ацынкаванай бляхі, якая калісьці была дахам старой бабулінай хаты. Спачатку я змайстраваў драўляны каркас, а на яго цвікамі прымацаваў дробныя металічныя дэталі, – расказвае нюансы працэсу Мікалай Гіз. – Рамку я зрабіў з дзвярной каробкі, пафарбаваў у шэры колер і аздобіў рознымі металічнымі дробязямі.
Вось так, пры дапамозе ўласнага таленту і імкнення да прыгажосці сталяр з Міра стварыў не толькі цудоўны аб’ект для фотасесій, але і нагадаў аб тым, як важна быць нераўнадушным да зямлі, што цябе ўзгадавала.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара