В СПК «Маяк-Заполье» полным ходом идет заготовка кормов

З кожным днём у гаспадарках Карэліччыны набірае моц корманарыхтоўчая кампанія. Шырокім фронтам разгарнулася касавіца і нарыхтоўка сенажу ў СВК “Маяк-Заполле”.

Па дарозе на сенажаці, якія раскінуліся за аграгарадком Краснае ўздоўж ракі Сэрвач, адзін за адным ідуць трактары і МАЗы, нагружаныя зялёнай масай з сакавітай чэрвеньскай травы. У нарыхтоўцы кармоў на маякоўскіх палетках задзейнічаны важкі парк тэхнікі: касілкі, граблі, кормаўборачныя камбайны “Ягуар-850”, набыты ў мінулым годзе высокавытворчы “Krone BiG X”, а таксама больш за дзясятак адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы. Так, агульнымі намаганнямі, працуючы зладжана ў адной звязцы, аграрыі за два дні заклалі сянажную траншэю каля МТФ “Краснае” і адразу ж прыступілі да запаўнення наступнай.

Па інфармацыі агранамічнай службы СВК “Маяк-Заполле”, каб забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі ў поўным аб’ёме, аграрыям сельгаспрадпрыемства неабходна нарыхтаваць 19970 тон сенажу, 1350 тон сена і 19200 тон сіласу.

На сённяшні дзень уся ўвага аддадзена першаму ўкосу траў, якія пойдуць на нарыхтоўку сенажу. У першую чаргу аграрыі сельгаспрадпрыемства косяць і нарыхтоўваюць якасныя кармы з зёлкавых траў, затым прыступяць да касавіцы люцэрны і канюшыны. На сёлетні вынік аграрыі “Маяка” пачалі працаваць з восені. Падкармілі сенажаці хлорыстым каліем, вясной унеслі карбамід. Аднак з-за бясснежнай зімы і халоднай вясны першы ўкос зёлкавых траў атрымаўся слабейшы за леташні.

Тым не менш, знаходзячыся ў пачатку корманарыхтоўчай кампаніі, маякоўцы настроены аптымістычна і плануюць выканаць заданне па нарыхтоўцы кармоў. А калі атрымаецца, і перавыканаць яго. Так, напрыклад, летась аграрыі гаспадаркі нарыхтавалі каля 27 тысяч тон якаснага сенажу, лішкі якога прадаваліся сельгаспрадпрыемствам Карэліччыны і суседняга Баранавіцкага раёна.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара