Ветеран труда из г.п. Мир Лилия Дивакова 50 лет посвятила медицине

Сёлета жыхарцы Міра Ліліі Дзіваковай споўнілася 80 гадоў, з іх больш за 50 яна прысвяціла медыцыне. Яе багатае на падзеі жыццё можна дакладней за ўсё апісаць як шчыры клопат пра іншых.

– Мне заўжды хацелася, каб людзям навокал было добра. І няма розніцы, гэта твой родны чалавек, пацыент ці выпадковы знаёмы. Нездарма і Мірскую гарпасялковую паліклініку я падчас працы называла сваім другім домам, а сустрэнутых там людзей успрымала як блізкіх, – пачынае нашу размову Лілія Сцяпанаўна. – А сталася, напэўна, так таму, што мне нічога ніколі ў жыцці лёгка не даставалася. Мае бацькі былі простымі людзьмі, працавалі рабочымі ў Міры. Тата Сцяпан – сталяр, маці Надзея наглядала ў школе за цяпліцамі. Мы жылі небагата, ведалі кошт кожнай капейцы, але заўжды радаваліся самаму малому. Дапамагала і тое, што тата меў залатыя рукі, а мама адрознівалася незвычайнай дабрынёй. Яна нават, калі мы, дзеці, выраслі, дарыла нам такую цеплыню, што цяжка перадаць словамі. Памятаю, як толькі мы з мужам пераехалі пасля інстытута ў Мір, матуля атуліла нашу маладую сям’ю асаблівым клопатам. Бачыла, што мы практычна жывём на працы, таму заўжды клікала на абед да сябе. І яшчэ ў дзяцінстве, калі я назірала за сваімі бацькамі, то дала клятву, што зраблю так, каб яны ў будучым ні ў чым не мелі патрэбы. Гэта і стала для мяне самай моцнай матывацыяй.

Час не сцёр і іншыя дзіцячыя ўспаміны Ліліі Сцяпанаўны:

– Нам з братамі яшчэ ў маленстве давялося пазнаць рэаліі дарослага жыцця. Так, у гады Вялікай Айчыннай вайны наш дом згарэў. Нас пасялілі ў Мірскім замку. І толькі праз 10 гадоў мы пераехалі ў сваё жыллё. Там быў уладкаваны невялікі пакойчык, практычна без мэблі, але такі цёплы, без вільготнасці. Толькі ўявіце, уваходзім мы туды, а там так утульна, натоплена. Мы з братамі былі такія шчаслівыя, куляліся і нават песні спявалі ад радасці, хоць першым часам спаць даводзілася на падлозе ў радок. Яшчэ адзін успамін з дзяцінства звязаны з хлебам. Тады яго выдавалі па картках. Дзесьці ў тры гадзіны ночы, бывала, бацькі пасадзяць мяне ў чарзе за хлебам, бо самім трэба на працу. А я моцна-моцна, каб хаця не згубіць і не пакінуць родных галоднымі, трымаю карткі, пакуль мне не дадуць запаветны акрайчык. Пасля, калі даўно мінулі тыя дэфіцытныя часы, я доўга сніла гэта і прачыналася са сціснутымі кулакамі.

На радасць бацькам дзеці ў сям’і Сцяпана і Надзеі выраслі годнымі людзьмі. Старэйшы Віктар служыў на флоце, але, на жаль, яго рана не стала. Яшчэ адзін сын Аляксандр спачатку працаваў зубным урачом у Луках, затым лёс яго закінуў на БАМ, а пасля вяртання адтуль да пенсіі быў інжынерам-механікам у калгасе ў Малюшычах.

– Дарэчы, Сашына дачка стала ўрачом. Так што медыцынская традыцыя ў нашай сям’і працягваецца, – з гонарам кажа Лілія Сцяпанаўна. – А наконт мяне – гісторыя наступная. Я з першага класа вельмі сур’ёзна ставілася да вучобы і атрымоўвала добрыя адзнакі. Праўда, быў у маім школьным жыцці вельмі павучальны выпадак з “двойкай”. Я з маленства вельмі любіла кнігі і адну з іх вырашыла пачытаць на ўроку фізікі. Ды так захапілася, што не пачула, як настаўніца выклікае мяне да дошкі. Вядома, я разгубілася і нічога дарэчнага не адказала. Вось і атрымала “двойку”. Затое потым, каб выправіць адзнаку, так вывучыла і палюбіла фізіку, што стала “экспертам” у ёй. Магла ў дэталях расказаць нават пра рэактыўныя самалёты. Дарэчы, пры паступленні на ўрача, якое цікавае супадзенне, мне давялося якраз і здаваць тую самую фізіку.

А як захапілася медыцынай? Скажу шчыра – нечакана. Школу я скончыла з сярэбраным медалём, думала, куды пайсці. Хацела на філолага, на замежныя мовы, спецыяльна чытала газеты па-нямецку. Адначасова мяне вабіла сцэна, і я марыла звязаць жыццё з тэатрам. Але я была паслухмяная дачка. Бацькі параілі ісці на доктара, сказалі, што з гэтай прафесіяй не прападу і заўжды буду пры справе. А тут знаёмы прынёс газету з аб’явай пра набор у Віцебскі медінстытут. Я падумала – чаму бы і не, ды вырашыла туды паступаць. Праўда, дарога выдалася з прыгодамі, хоць раман пішы, але я ўсё ж такі даехала. Спачатку думала накіравацца на стаматалагічны факультэт, бо там было вучыцца менш – пяць гадоў, а значыць я магла выйсці раней на працу і дапамагаць бацькам. Але ў той год на стаматолагаў набору не было. Так я стала студэнткай лячэбнага факультэта.

І раптам на маладую дзяўчыну пасыпаліся цяжкія выпрабаванні. Падчас першай сесіі Лілія Сцяпанаўна захварэла, месяц праляжала ў бальніцы, вярнулася ў інстытут, спраўна ўзялася за вучобу, але яе зноў чакаў вымушаны перапынак. Аказалася, цяжкая форма туберкулёзу, і як вынік – год у акадэмічным водпуску. Але наша гераіня не апусціла рукі, узнавілася на першым курсе. І тут новы страшны дыягназ – запаленне мазгавых абалонкаў і паўгода ў бальніцы. Пасля чаго давялося зноў пайсці ў “акадэмку”. На гэтых словах ў размове настае паўза. Бачна, як няпроста Ліліі Сцяпанаўне ўзгадваць той час, але яна працягвае:

– У гэты цяжкі перыяд мяне падтрымаў выкладчык Валянцін Натанавіч Блюмкін. Ён сказаў, што я атрымала ад жыцця другі шанс, таму трэба радавацца, адкінуць перажыванні і праз год вярнуцца ў інстытут здаровай. Я так і зрабіла. Больш таго, за той год нават навучылася іграць на гітары ды выступала з музычнымі нумарамі на сцэне. Яшчэ хвароба дапамагла абраць мне спецыялізацыю – неўралогію. А з якім захапленнем я вучылася пасля вяртання! Мяне не цікавілі ні прагулкі, ні кіно, ні танцы. У маім студэнцкім жыцці быў строгі рэжым – толькі інстытут, бібліятэка і кнігі. Затое потым на дзяржэкзамене так ладна адказвала, што здзівіла нават прысутных мінскіх прафесараў.

У Віцебску Лілія Сцяпанаўна не толькі набыла прафесію, але і сустрэла сваю другую палову. Яшчэ ў інстытуце яна выйшла замуж за аднакурсніка Аляксандра. Хлопец закахаўся ў міранку з першага погляду і зачараваў выбраніцу сваёй любоўю да паэзіі ды гульнёй на фартэпіяна, акардэоне і баяне. І хоць муж быў родам з Пскоўскай вобласці, а практыку маладая пара праходзіла на Віцебшчыне, усё ж такі працаваць вырашылі ў Міры. Ён – рэнтгенолагам, пасля – хірургам, а яна спачатку педыятрам, праз два гады, пасля праходжання спецыялізацыі, – неўролагам, яшчэ праз год – загадчыкам Мірскай гарпасялковай паліклінікі.

Усяго медыцыне Лілія Сцяпанаўна аддала больш за 50 гадоў і на заслужаны адпачынак выйшла зусім нядаўна. Кажа, давялося адпрацаваць яшчэ дзве пенсіі. Але і зараз яе тэлефон не змаўкае, людзі звяртаюцца да вопытнага спецыяліста за парадамі. Не забываюць Лілію Сцяпанаўну і пацыенты, якіх яна вяртала літаральна з таго свету. Маці аднаго з такіх, здавалася б, безнадзейна хворых, назвала яе “другой матуляй” для свайго сына, бо падарыла таму шанс на новае жыццё.

Прафесійны лёс Ліліі Сцяпанаўны адзначаны шматлікімі падзякамі і граматамі. Ёсць сярод узнагарод за працу і медаль М.І. Пірагова, а па выніках апытання газеты “Медыцынскі веснік” на лепшага ўрача рэспублікі наша гераіня ў свой час заняла другое месца. Нездарма ёй не раз прапаноўвалі ўзначаліць вялікія бальніцы ў іншых месцах. Але Лілія Сцяпанаўна памятала, што яшчэ ў дзяцінстве паабяцала заўжды знаходзіцца побач з бацькамі, таму і засталася ў родным пасёлку. Яе матуля казала, калі дачка кудысьці ад’язджала нават на некалькі дзён: “Без цябе Мір пусты”, а па вяртанні сустракала словамі: “З табой мой Мір ажыў”. А Лілія Сцяпанаўна звычайна прывозіла матулі ў падарунак розныя гатункі кветак – з Польшчы, Прыбалтыкі і Каўказа.

– Калі мы ўжо загаварылі пра падарожжы, то я яшчэ і вадзіцель з саракагадовым стажам. Мне было ўжо пад 70, а я сама ездзіла ў Польшчу. Там чытала ў розных гарадах лекцыі і вяла прыём пацыентаў. Прычым, рабіла гэта па-польску. Адкуль ведаю мову? Ад мамы, якая скончыла польскую школу. Ды і мая бабуля, якая паходзіць са знакамітага мірскага роду Заслаўскіх, выйшла замуж якраз у Польшчы.

Пра сваю сям’ю, як і пра прафесію, Лілія Сцяпанаўна можа расказваць гадзінамі. Між тым, жанчына рана засталася ўдавой, адна выхавала і дала добрую адукацыю – хіміка-тэхнолага ў фармацэўтычнай галіне – дачцы Юліі, у якой зараз самой двое дзетак. Дзеліцца, што ў самыя складаныя моманты не ўпасці духам ёй дапамагала яшчэ і вера. Дарэчы, ужо больш за 20 гадоў Лілія Сцяпанаўна спявае ў царкоўным хоры ў Міры.

– Так што і на заслужаным адпачынку маё жыццё не суцішае ход, – усміхаецца наша гераіня. – Бо для кожнага чалавека галоўнае — верыць, спадзявацца на лепшае і не спыняцца. А для ўрача што? Быць добрым і ўважлівым да пацыента. Калі я суткамі знаходзілася каля хворых, мяне часам пыталі, навошта табе ўсё гэта? А маё жыццё было падпарадкавана толькі аднаму – выратаваць чалавека.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара