Виды на урожай зерновых в Кореличском районе хорошие

Не так шмат часу застаецца да жніва – адной з важнейшых сельскагаспадарчых кампаній аграрнага года. Каб ацаніць стан пасеваў азімых і яравых збожжавых культур на палях Карэліччыны, узровень культуры земляробства ў гаспадарках раёна, пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолія Коршуна быў праведзены раённы семінар-агляд.

Наведаўшы ўсе сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны і аглядзеўшы палі каласістай збажыны, Анатолій Коршун падзяліўся сваім меркаваннем наконт будучага хлебнага ўраджаю.

– На сённяшні дзень мы маем добрыя віды на багаты каравай, – адзначыў начальнік райсельгасхарчу. – Гушчыня і кусцістасць пасеваў добрыя, засмечанасць пустазеллем нізкая. Зараз ідзе наліванне коласу, таму многае залежыць ад надвор’я. Калі пройдуць дажджы, існуе вялікая верагоднасць павысіць леташнюю ўраджайнасць па раёне, якая была на ўзроўні 53 ц/га. Зразумела, моцным гаспадаркам, напрыклад, СВК “Маяк-Заполле”, дзе ў мінулым годзе атрымана больш за 77 ц/га збажыны, будзе нялёгка перавысіць узятую планку. Таму павялічыць сярэднераённую ўраджайнасць можна ў першую чаргу за кошт тых сельгаспрадпрыемстваў, якія не ўваходзяць у пяцёрку лідараў раёна.

Падчас семінара-агляду пэўная ўвага звярталася на стан палявых дарог, па якіх зерне ад камбайнаў будзе дастаўляцца на зернесушыльныя комплексы. Зразумела, для таго, каб зменшыць страты і зберагчы тэхніку, дарогі павінны быць у належным стане, без ямаў і выбоінаў.

Не засталася без увагі ўдзельнікаў семінара бягучая корманарыхтоўчая кампанія. Па словах Анатолія Коршуна, аграрыі раёна пачалі першы ўкос траў крыху пазней чем летась, аднак змаглі нагнаць тэмпы касавіцы. Сёння ідзе інтэнсіўнае адрастанне траў. Люцэрна, якая падчас першага ўкосу была скошана ў аптымальныя тэрміны, павінна ў хуткім часе парадаваць ураджайнасцю. Увогуле пры спрыяльных умовах надвор’я існуюць усе шансы перавысіць колькасныя і якасныя паказчыкі мінулага года.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара