Член Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь Эльвира Сороко провела прием граждан в Еремичском сельисполкоме

31 ліпеня падчас прыёму грамадзян у Ярэміцкім сельвыканкаме член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока сустрэлася з ініцыятыўнымі жыхарамі вёскі Зарэчча.

Напачатку размовы вяскоўцы падзякавалі прысутнаму на прыёме старшыні Ярэміцкага сельсавета Пятру Навумовічу за клопат і падтрымку ў вырашэнні надзённых пытанняў, у прыватнасці за дапамогу ў добраўпарадкаванні могілак. А затым звярнуліся да парламентарыя з просьбай знайсці рашэнне, каб адрамантаваць царкву ў Зарэччы. Жыхары вёскі гатовыя скласціся на добрую справу, вось толькі сума грошаў для іх выходзіць непад’ёмная. У ходзе канструктыўнага дыялога з прадстаўнікамі ўлады былі абмеркаваны магчымыя варыянты, як знізіць кошт матэрыялаў і работ.

Царква ў Зарэччы. Фота: Васіль Тарасевіч

Яшчэ адно актуальнае пытанне для жыхароў Зарэчча, як транспарту дабірацца да іх вёскі. Па адной дарозе вадзіцеляў чакае мост, які даўно патрабуе рамонту і ўжо не вытрымлівае буйную тэхніку. А другі шлях часта затапліваецца праз актыўную «дзейнасць» мясцовых баброў. «Сапраўды, такі стан дарожных спраў патрабуе ўмяшання адказных служб. Я яшчэ раз закцэнтую ўвагу кіраўніцтва раёна на вашай праблеме», — падкрэсліла Эльвіра Сарока.

Пётр Навумовіч таксама звярнуўся да парламентарыя з прапановамі. Так, сельсавету патрэбны рабочы, які будзе наглядаць за тымі ж могілкамі і маланаселенымі вёскамі, каб там усюды было чыста і прыбрана. Яшчэ на тэрыторыі Ярэміцкай зоны знаходзіцца каля 68 пустуючых дамоў. Ёсць зацікаўленыя ў іх людзі, але сёння варта на заканадаўчым узроўні спросціць і аблегчыць для такіх грамадзян працэдуру набыцця будынкаў. Эльвіра Сарока заўважыла слушнасць агучаных ідэй і занатавала іх для далейшага і больш дэталёвага разгледжання, а завяршыла прыём словамі падзякі за ініцыятыўнасць, любоў да малой радзімы і грамадзянскую адказнасць.

Служба інфармацыі «Полымя»