Геннадий Шатуев на встрече с работниками Мирского спиртзавода: «В первую очередь, нам следует рассчитывать на свои силы»

“Мы з вамі прытрымліваемся адной пазіцыі – працаваць дзеля дабрабыту і развіцця малой радзімы”, – напачатку сустрэчы з калектывам Мірскага філіяла ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” раставіў прыярытэты ў размове старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

– Мірскі спіртзавод мае багатую гісторыю і моцныя традыцыі. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам як у Беларусі, так і за яе межамі. Таксама вас вылучае стабільны і зладжаны калектыў. Таму ў размовах з кіраўніцтвам спіртзавода я заўжды акцэнтую ўвагу на тым, што гэта трэба захаваць, а значыць і заробкі ў работнікаў павінны быць належныя. У сваю чаргу, калектыву зычу каманднага духу і накіраванасці на высокія вынікі працы, – падкрэсліў старшыня райвыканкама і працягнуў. – Такія задачы мы ставім цяпер і пры складанні праграмы стратэгічнага развіцця Карэліччыны на 2021-2025 гады. У прыватнасці, паколькі раён сельскагаспадарчы, мы зацікаўлены ў мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны. Вядома, вялікі гонар, што адразу два нашы сельгаспрадпрыемствы сёлета занесены на Дошкі пашаны: СВК “Маяк-Заполле” – на абласную, СВК “Свіцязянка-2003” – на рэспубліканскую. Але патэнцыял ёсць і ў астатніх гаспадарак раёна. Гэта тычыцца і прадстаўнікоў іншых сфер. Так, наша УКП БАН знайшло рэсурсы і магчымасці. Як вынік – прадпрыемства на абласной Дошцы пашаны і ў лідарах па бытавым абслугоўванні насельніцтва ў краіне.

А пачаць варта, па словах Генадзія Шатуева, з элементарнага – з культуры:

– Я заўжды кажу кіраўнікам: добра, што вы клапоціцеся пра парадак на сваіх тэрыторыях. Але калі вы едзеце па дарозе, па якой, дарэчы, ходзяць на працу і вашы работнікі, то павінны падумаць пра яе добры стан. Маеце магчымасць сіламі прадпрыемства абкасіць тую ж траву, зрабіце гэта.

Дарожнае пытанне і, што асабліва актуальна для Міра, водазабеспячэнне сталі яшчэ аднымі тэмамі сустрэчы.

– Сёлета шмат раённых сродкаў пайшло на барацьбу з каранавірусам. Але гэта не значыць, што мы забыліся пра іншыя надзённыя патрэбы,– адзначыў кіраўнік раёна. – Так, у Міры павінна быць аб’язная дарога. На кантролі – прывесці ў парадак участак паміж гарпасёлкам і Аюцавічамі. Адносна водазабеспячэння ў Міры, то некаторыя тэрміны крыху змясціліся, але, у любым выпадку, усё запланаванае зробіцца ў бліжэйшы час. Наконт добраўпарадкавання адзначу, што ў гэтым годзе прыярытэт мы аддалі Карэлічам. Там займаемся дваровымі тэрыторыямі, раёнамі каля райбальніцы і аўтастанцыі, возерам Юбілейнае. Будзем думаць, што рабіць з пешаходнымі дарожкамі ў гарадскім парку і бегавой – на стадыёне “Юнацтва”. І тут шмат залежыць ад таго, як “спрацуе” ўраджай, бо пакуль усё ўпіраецца ў фінансы.

Накірункі размовы задавалі і прысутныя. Адных работнікаў спіртзавода непакоіў загароджаны гаспадарчы праезд на адной з вуліц і недастатковая перыядычнасць вывазу смецця ў Міры, другіх – лёс будынка былой школы ў Варончы і стадыёна “Юнацтва” ў Карэлічах. Усе агучаныя пытанні старшынёй райвыканкама былі растлумачаны і ўзяты пад кантроль.

– Я хачу, каб вы ведалі, што мы заўжды за людзей. І хоць, паўтаруся, у гэтым годзе эканоміцы давялося няпроста, але паступова мы ўсё вырашым. Будзем разам імкнуцца кожны на сваім працоўным месцы да эфектыўнасці, планавасці, акуратнасці і стабільнасці ў дзейнасці. Добра, калі прыйдуць спонсары і інвестары, але найперш нам варта разлічваць на свае сілы. Нам, беларусам, не звыкаць да выпрабаванняў. Узгадаем хаця б мінулае стагоддзе з яго страшнымі войнамі і стратамі. Але наша краіна ўсё перацярпела і перамагла, мы адбудаваліся і адрадзіліся да новага жыцця. Таму Дзень Незалежнасці, як і будучыя выбары, – асаблівыя даты для кожнага беларуса, бо мы падыходзім да іх са значнымі дасягненнямі і набыткамі. Жадаю вам сустрэць іх у добрым настроі і здароўі, міры і спакоі!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара