Героизм в буднях. О непростом профессиональном пути пожарного рассказывает Геннадий Жук

У кожнага свая дарога ў пажарную службу. Але працаваць тут без самаадданай любові да прафесіі немагчыма, упэўнены Генадзій Фёдаравіч ЖУК.

З нашым героем мы сустракаемся ў яго роднай хаце ў вёсцы Лясок.

– Люблю гэтую зямлю. Таму, калі здараліся цяжкія сітуацыі на службе, я заўжды ведаў, дзеля чаго і каго працую, – падкрэслівае Генадзій Фёдаравіч. – Хаця ў юнацтве нават і не думаў пра прафесію пажарнага. Пасля школы пайшоў у армію. Служыў у Мінску, у батальёне міліцыі ў патрульна-паставой службе. Пасля дэмабілізацыі ў 1975 годзе не сядзеў без справы. Некаторы час працаваў у майстэрні, дзе рабілі помнікі. А тут якраз у пажарнай часці ў райцэнтры з’явілася вакансія інструктара па прафілактыцы. Маю кандыдатуру ўзгаднілі. І пасля вучобы ў Мінску ў Школе падрыхтоўкі малодшага і сярэдняга начскладу пажарнай аховы МУС БССР я прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у Карэлічах. Так было да 1983 года, калі мяне назначылі начальнікам пажарнай часці. Гэту пасаду займаў да 1993 года. Скажу толькі, што тады давялося ў сваёй працы спасцігнуць азы і другіх прафесій – вадзіцеля, касіра, бухгалтара, забеспячэнца. Да таго ж, нейкі час у мяне не было інструктара, таму сам праводзіў прафілактыку і наведваў з праверкамі розныя арганізацыі і ўстановы, месцы з масавым знаходжаннем людзей. Полем маёй дзейнасці былі Карэлічы, але даводзілася з інспекцыямі, напрыклад, перад уборкай ураджаю выязджаць у гаспадаркі. А ўсім раёнам займаліся на той момант два інспектары дзяржаўнага пажарнага нагляду пры мясцовым аддзеле міліцыі. Пры гэтым, людзей у нас у штаце было няшмат. Ды і матэрыяльна-тэхнічная база – мінімальная. Памятаю савецкія часы, калі працавалі нават без радыёстанцыі. А яшчэ, калі я паступаў на працу, наша пажарная размяшчалася непадалёк ад плошчы. Будынак быў не асабліва прыстасаваны, рукавы сушылі проста на платах, а машыны мылі з гідранта. А потым, у 1979 годзе, нарэшце пажарныя займелі добрае месца. Там і зараз знаходзіцца наш РАНС. Дарэчы, асабіста мне з калегамі давялося дапамагаць на той будоўлі.

Пасля 1993 года Генадзій Жук у Карэлічах быў начальнікам каравула. Службу пажарнага нёс яшчэ 6 гадоў. А ў 1999 годзе пайшоў на пенсію. Як і многім яго калегам, Генадзію Фёдаравічу і сёння не забыць вялікія пажары на льнозаводзе, якія даводзілася тушыць па некалькі сутак. Жывыя ў памяці былога пажарнага і другія балючыя моманты:

– Каб існаваць у нашай прафесіі, яе трэба любіць. Інакш звязаныя з нашай службай цяжкасці не вытрымаць. Тым больш, асноўная задача ў нас, пажарных, – выратаванне людзей. І тут самае страшнае – не паспець. Асабліва, калі здараецца няшчасце з дзецьмі. Гэта як нажом па сэрцы, праходзяць дзесяцігоддзі, а іх твары і сёння стаяць перад вачыма. Але што застаецца? Баліць, але на заўтра ты прачынаешся і зноў ідзеш на службу. Так, наша прафесія цяжкая. Але ў маёй сям’і не я адзін яе абраў. Ёсць яшчэ мой малодшы брат, а ўнук якраз збіраецца паступаць на пажарнага.

У Генадзія Жука не толькі цікавая і асаблівая прафесія, але і заняткі для душы. У свой час ён актыўна займаўся спортам. Разам з землякамі тры разы выйграваў кубак вобласці па футболе, а раз заняў на рэспубліцы трэцяе месца. Таксама актыўна выступаў на лыжах, гуляў у валейбол. Цяпер аддае перавагу “ціхаму спорту” – рыбалцы. З цікавасцю Генадзій Фёдаравіч сочыць і за сённяшнімі поспехамі калег. Таму шчыра зычыць ім служыць спраўна і з пачуццём гонару за сваю прафесію.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара