Кореличский поэт Алесь Милють воспевал малую родину в стихах и защищал ее на фронтах Великой Отечественной войны

Алеся Мілюця на Карэліччыне добра ведаюць як таленавітага паэта. Але ў гады Вялікай Айчыннай вайны яму давялося змяніць пяро на зброю, каб мужна абараняць Радзіму і ўрэшце аддаць за яе жыццё.

Старонкі жыцця Творцы

Аляксандр Макаравіч Мілюць (больш вядомы як Алесь Мілюць, таксама сустракаецца псеўданім Алесь Нядоля) нарадзіўся 6 кастрычніка 1908 года ў хаце пад нумарам 18 у вёсцы Скорычы Карэліцкага раёна ў сялянскай сям’і, дзе ўсяго было восем душ. Яму было наканавана кароткае жыццё, але асаблівы лёс. Моц яго творчасці і памяць удзячных нашчадкаў і землякоў перамаглі час.

Алеся Мілюця можна смела назваць сапраўдным самародкам. Ён скончыў усяго 2 класы пачатковай школы і шмат гадоў прысвяціў самаадукацыі. Яго родзічы і зараз памятаюць, што ў небагатай сялянскай хаце стаяла этажэрка з кнігамі, бясцэннымі для Алеся Мілюця. Асабліва ён любіў “Новую зямлю” Якуба Коласа, лічыў лепшым беларускім творам.
Дарэчы, кнігі найперш і натхнілі будучага паэта на спробы пяра. У 20 гадоў ён пачаў друкаваць свае першыя вершы і матэрыялы ў перадавых выданнях Заходняй Беларусі. Сярод іх – газеты “За працу”, “Сялянская ніва”, “Народ”, часопісы “Шлях моладзі”, “Пралескі”, “Хрысціянская думка”. Звярнулі ўвагу на творчасць таленавітага карэліччаніна (праўда, адбылося гэта, калі паэта ўжо не стала) і іншыя літаратары. Асобныя вершы Алеся Мілюця былі апублікаваныя ў калектыўных паэтычных зборніках “Мы іх не забудзем” (1949), “Сцягі і паходні” (1965), “Крывёю сэрца” (1967), “Ростані волі” (1990). А ў 2003 годзе пісьменнік Мікола Бусько, таксама ўраджэнец Карэліцкага раёна, выдаў у Слонімскай друкарні першы зборнік Алеся Мілюця “Паэзія баразны”. Тут яскрава праявіліся асноўныя тэмы, якімі была пранізана яго творчасць, – пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, заклік да грамадзянскай актыўнасці і салідарнасці з прыгнечанымі, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення, а галоўнае – прыгажосць роднай зямлі і любоў да Айчыны і свайго народа.

Яго родныя расказвалі, што Алесь мог цэлы дзень хадзіць за плугам і адначасова складаць вершы, якія вечарам ён акуратна запісваў, гаворачы блізкім: “Пачакайце крыху, да мяне прыйшла Муза”.

Важнай падзеяй для Алеся Мілюця стаў 1939 год, калі ў Заходняй Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада. Адоранага маладога чалавека запрасілі на працу ў Стаўбцоўскую раённую газету. Да гэтага ён працаваў рахункаводам у сельспажыўтаварыстве ў вёсцы Прылукі, а затым у банку ў Міры. Пасля Алесь Мілюць стварыў кааператыўнае таварыства, звязанае з ткацтвам і прадзеннем, якім і кіраваў. Што датычыцца творчага перыяду ў Стаўбцах, то ён быў нядоўгім, бо ў жыццё маладога мужчыны ўварвалася Вялікая Айчынная вайна.

Між радкоў франтавых пісьмаў

У грудзях Алеся Мілюця білася не толькі таленавітае сэрца, але і шчыра адданае Радзіме. Нездарма ў яго вершах мы знаходзім такія словы: “Абаронім святую зямліцу ад навалы, крыві і пакут”.

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт знаходзіўся ў родных месцах ў партызанскай зоне, дапамагаў народным мсціўцам, а затым, у ліпені 1944 года, яго прызвалі на службу ў Чырвоную армію, дзе ён адносіўся да войск ІІІ Беларускага фронту. Служыў ён і ў мінамётнай часці, якая дыслацыравалася пад Оршай.

Карэліччанін мужна змагаўся за родную зямлю. У баі ён і спаткаў смерць ад снайперскай кулі. Алесь Мілюць загінуў 26 кастрычніка 1944 года на фронце ва Усходняй Прусіі, а свой апошні прытулак знайшоў у брацкай магіле ў пасёлку Ватуціна Калінінградскай вобласці. Да слова, яго пахаванне знайшоў ужо ў пасляваенны час Янка Брыль.

Цеплынёй і шчырасцю пранізаны пісьмы паэта, якія ён дасылаў з фронту ў 1944 годзе сваёй старэйшай сястры Марыі. Вось невялікі фрагмент яго вестачкі з вайны: “Я шчаслівы, што і так пражыў ледзь не 36 гадоў. Самае галоўнае – не думаць пра смерць, не баяцца паміраць. Ты ж, дарагая сястрычка, не плач і не шкадуй, а глядзі толькі сябе.

Галоўнае, не прастуджвайся. Апранайся і абувайся як мага цяплей, таму што цяпер цябе няма каму абараніць” (6 жніўня 1944 года). Ці такі ўрывак з пісьма ад 2 верасня 1944 года: “Я ніколі не забуду тваёй працы, і, калі Бог мяне аберажэ, я ніколі цябе не пакіну ў крыўдзе”. А 26 верасня 1944 года Алесь Мілюць пісаў: “Цяпер, пакуль я яшчэ жывы, падзялюся з табою хоць некалькімі думкамі, якія выплываюць з глыбіні маёй душы. Перш за ўсё я хачу перадаць табе свой душэўны стан – ён у вышэйшай ступені спакойны, і я ўжо свядома рашыўся на ўсё. Я стаў цяпер надзіва смелым, як і трэба байцу-чырвонаармейцу, так што ты не паверыш, як я тут нічога не баюся, ніякіх бітваў і баявых страхаў. Чаму? Я і сам не скажу, можа ўжо прывык, а можа ў мяне зарадзілася баявая адвага, нешта ў гэтым родзе. Потым я нічога не шкадую – ні мінулага жыцця, ці іншага чаго: усё ўжо ў мяне скончана, я ўжо ад жыцця сваё атрымаў. Шкада толькі цябе як лепшай маёй роднай сястры, але нічога не зробіш – такая ўжо доля. Я толькі хачу, каб ты па мне не тужыла, не ўбівалася і не плакала. Гэта табе пашкодзіць, а мне нічога не дапаможа”. Апошняе франтавое пасланне ад паэта сястры датуецца 11 кастрычніка 1944 года: “Я думаю, сястрыца, цябе гэтае пісьмо засмуціць і усхвалюе, таму што ў ім ёсць развітальныя матывы. Не пранікайся гэтым, улічы, што кожную хвіліну я магу быць забіты або паранены, а таму я пішу табе так, як гэта ўжо апошні раз, такое ўжо ваеннае становішча. Але глыбока веру, што Бог дасць мне магчымасць вярнуцца дадому. Вайна ўжо набліжаецца да канца. Вораг дабіваецца, і недалёкі той дзень, калі я з перамогаю вярнуся дадому, і мы тады разам зажывём новым ціхамірным шчаслівым жыццём, яшчэ мацней любячы і памагаючы адно аднаму, а цяпер нейкі час трэба пацярпець. Калі будзеш пісаць мне, пішы многа, пісьмо ўсё роўна дойдзе. Пішы ўсялякую дробязь. Гэта мяне вельмі парадуе. Але як можна хутчэй пішы. А цяпер – бывай!”

Памяць жыве ў нашчадках і творах

У 2018 годзе Карэліччына адзначыла 110-годдзе з дня нараджэння знакамітага земляка. Ва ўстановах культуры раёна прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, а фонды Карэліцкага краязнаўчага музея папоўніліся электроннымі копіямі ненадрукаваных вершаў і франтавых пісьмаў паэта. Дарэчы, у калекцыі музея сабраны розныя матэрыялы пра Алеся Мілюця: рэдкія фотаздымкі, дакументы, творы.

Унікальным матэрыялам падзялілася і яго праўнучка Наталля Ярашэвіч: упершыню на старонках раённай газеты “Полымя” былі апублікаваны ўспаміны пра Алеся Мілюця класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля. Аказалася, што літаратараў звязвалі гады сяброўства. Яны жылі ў суседніх вёсках і бачыліся даволі часта. Янка Брыль часам ставіў спектаклі. Алесь прыходзіў на іх паглядзець і нярэдка прыносіў з хаты кнігі, а затым калегі па пяры доўга размаўлялі пра творчасць і, у цэлым, пра жыццё. Больш таго, Алесь, які на той момант ужо друкаваўся ў перыёдыцы, стаў у многім настаўнікам для будучага знакамітага літаратара, што ў тыя гады толькі марыў пра паэтычны шлях. Янка Брыль узгадваў: “Мілюця землякі любілі. Ён чытаў свае вершы, а ўсе яго слухалі”. Па словах класіка, у сям’і паэта, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей, асабліва ганарыліся талентам Алеся. Старэйшая сястра Марыя і малодшы брат Іван падтрымлівалі роднага чалавека ў творчых пачынаннях, ведалі напамяць яго вершы.

У наш час нашчадкі Алеся Мілюця таксама старанна вывучаюць біяграфію і творчую спадчыну знакамітага родзіча, наведваюць малую радзіму, а ў будучым плануюць стварыць у Скорычах яго дом-музей. А пакуль пра паэта нагадвае размешчаная на яго радавым гняздзе мемарыяльная дошка.

Не забыты Алесь Мілюць і землякамі. Пра яго расказваюць ва ўстановах адукацыі раёна, работнікі сферы культуры знаёмяць з творчасцю паэта праз розныя мерапрыемствы, а ў Карэліцкай раённай бібліятэцы работнікі па каталогу заўсёды дапамогуць знайсці артыкулы пра асобу Алеся Мілюця, ёсць у іх і кніга “Паэзія баразны”.

Асаблівым чынам захоўваюць памяць пра Алеся Мілюця ў Ярэміцкім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, што знаходзіцца, як і родная вёска паэта Скорычы, на тэрыторыі КСУП “Царука”. Кіраўнік музея ўстановы Любоў Пляскач дэманструе ўсім жадаючым папкі, дзе сабраныя фотаздымкі, ксеракопіі з друкаваных выданняў і кніг, а таксама газетныя выразкі пра знакамітага земляка, навукова-даследчыя работы вучняў і сцэнарыі мерапрыемстваў, прысвечаныя самародку са Скорычаў. А яго партрэт размешчаны на стэндзе са знакамітымі ўраджэнцамі ярэміцкай зямлі.

Ёсць у аграгарадку Ярэмічы і вуліца Мілюця. Яна цягнецца каля 500 метраў. Тут размясціліся больш за 40 каларытных вясковых хат. З вышыні стагоддзяў на вуліцу пазірае старадаўні храм Узнясення Гасподняга са званіцай, узведзеныя ў камені ў 1867 годзе на месцы драўлянай царквы. Таксама ў мясцовым скверы знаходзіцца помнік загінулым 20 мая 1920 года падпольшчыкам.

Памятаюць пра сялянскага паэта і ў Карэлічах. Вуліцу Мілюця ў райцэнтры можна знайсці ў прыватным сектары. Яна даволі маладая. Яе працягласць – каля 400 метраў. Тут знаходзяцца прыкладна 20 дамоў.

Сапраўды, чалавек будзе жыць у стагоддзях, калі пра яго памятаюць. Так і адважнае сэрца паэта Алеся Мілюця будзе біцца ў грудзях тых, хто захоўвае гэтую памяць.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і адкрытых інтэрнэт-крыніц