На Кореличчине идет уборка льна-долгунца

Светла-зялёныя ленты, якія сыходзяць за гарызонт. Ільняное поле непаўторнае ў любы час. Яно супакойвае і заварожвае лёгкім шапаценнем. Аднак у механізатараў карэліцкага льнозавода амаль няма часу любавацца навакольнымі пейзажамі. Уся іх увага накіравана на якаснае выкананне даручанай справы – церабленне лёну-даўгунцу, кветкі якога займаюць пачэснаемесца на гербе Карэліччыны.

Да цераблення паўночнага шоўку мехатрад ААТ “Карэлічы-Лён” прыступіў 6 ліпеня. На раніцу 17 ліпеня механізатары льнозавода выцерабілі лён на 814 га, што складае 38% ад плана. Штодзень працаўнікідабаўляюць да гэтай лічбы каля 90-110 га. Усяго на Карэліччыне пасяўныя плошчы пад даўгунец складаюць 2150 га, з якіх 1950 га – арандуемыя ў сельгаспрадпрыемстваў раёна землі. Акрамя гэтага, вырошчваннем даўгунцу займаюцца КУСП “Чарняхоўскі-Агра” і “Малюшычы”, дзе паўночным шоўкам заняты 120 га і 80 га адпаведна.

– На першай стадыі ўборкі лёну, церабленні, задзейнічаны 10 самаходных двухпаточных ільноцерабілак, якія пакідаюць пасля сябе дзве паралельныя стужкі свежавырванага лёну, – расказвае намеснік дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён” Андрэй Комар. – Ільноцерабілкі вырываюць з зямлі даўгунец з каранямі без абчэсвання галовак. У залежнасці ад умоў надвор’я дзесьці праз 10-12 дзён пасля даспявання насення лёну да справы прыступаюць падборшчыкі, якія абчэшуць галоўкі і перагорнуць ільнотрасту, якая ляжыць у лентах. Зараз лён знаходзіцца ў ранне-жоўтай ступені паспявання. А гэта самы аптымальны час для яго цераблення, каб атрымаць якаснае льновалакно. Колер і нумар гатовай сыравіны поўнасцю залежаць ад працэсу вылежвання даўгунцу. Калі будуць багатыя росы і спрыяльныя ўмовы надвор’я, – будзем з добрым ураджаем. Увогуле, лён, як і любая сельскагаспадарчая культура, патрабуе выканання тэхналогіі вырошчвання. Неабходна дасканала прытрымлівацца тэрмінаў льнаводчага ланцужка – ад сяўбы насення да складзіравання сыравіны пад шаху.

Намеснік дырэктара ААТ «Карэлічы-Лён» Андрэй Комар і механізатар Аляксандр Вайцешык

Зразумела, гаварыць аб канчатковым выніку, нумары льновалакна і аб’ёмах ільновалакна вельмі рана. Аднак біялагічная ўраджайнасць ільнотрасты, якая на дадзеным этапе знаходзіцца на ўзроўні 35 ц/га, дае пэўныя надзеі на багатую льняную аддачу. Па словах намесніка дырэктара льнозавода, сёлетнія ўраджаі льновалакна і льнонасення не павінны быць горшымі за леташнія. Аднак наперадзе ў карэліцкіх ільнаводаў нямалаклопатаў па давядзенні льнотрасты да неабходнай кандыцыі. Таму застаецца пажадаць ім плённай працы і шчодрых жнівеньскіхросаў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара