О значимом вкладе Кореличчины в продовольственную безопасность страны рассказывает первый заместитель председателя райисполкома, начальник управления сельского хозяйства и продовольствия Анатолий Коршун

На сучасным этапе Беларусь не только забяспечвае сябе хлебам надзённым, але і з’яўляецца буйным экспарцёрам, які пастаўляе на сусветныя рынкі якасную сельскагаспадарчую прадукцыю. Так, наша краіна ўваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па вытворчасці малака і мяса, займае трэцяе месца ў свеце па экспарту сметанковага масла, чацвёртае – па экспарту сыроў і тварагу. Па такому крытэрыю, як вытворчасць малака на душу насельніцтва, – першую пазіцыю ў свеце з паказчыкам у 786 кг на чалавека. Да таго ж Беларусь займае першае месца сярод краін СНД па вытворчасці мяса на душу насельніцтва – 132 кг на чалавека. Дасягненне такіх высокіх паказчыкаў аграпрамысловага комплексу стала рэальнасцю дзякуючы поўнай перабудове ўсёй аграрнай сістэмы краіны. Пасля распаду Савецкага Саюза сельская гаспадарка і айчынны спажывецкі рынак перажывалі не самыя лепшыя часы. Аб заняпадзе пачатку 1990-х гадоў, яго пераадоленні і сучасных дасягненнях Карэліччыны аграрнай расказваем у інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоліем КОРШУНАМ.

– Анатолій Мікалаевіч, у пачатку 1990-х гадоў Вы з’яўляліся кіраўніком аднаго з племянных прадпрыемстваў Нясвіжскага раёна. Што адбывалася ў сельскай гаспадарцы ў тыя гады?

– Назіралася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння паказчыкаў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін. Пытанні спецыялізацыі і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці пачалі даваць збой, зніжаліся як пагалоўе, так і прадуктыўнасць буйной рагатай жывёлы. Пэўныя змены адбыліся ў структуры пасяўных плошчаў. Машынна-трактарныя паркі гаспадарак практычна не абнаўляліся. Зразумела, на пераадоленне крызісу і паляпшэнне становішча ў сельскай гаспадарцы спатрэбіліся гады. Пераломным этапам у развіцці аграрнай галіны рэспублікі стала Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Крок за крокам сельская гаспадарка краіны змагла выйсці на станоўчыя тэндэнцыі развіцця.

– Штогод Карэліцкі раён знаходзіцца ў ліку перадавікоў вобласці па тэмпах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці зерневых. Не так даўно дадзены старт жніву. Ці радуе хлебная ніва карэліцкіх аграрыяў?

– Сапраўды, Карэліччыну можна смела назваць жытніцай Гродзеншчыны. За апошнія пяць гадоў раён неаднаразова станавіўся пераможцам абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. У 2015 і 2019 гадах Карэліцкі раён заняў другое месца ў вобласці, у 2016 і 2018 гадах – трэцяе.

Сёлета ў хлебаробаў Карэліччыны ёсць усе шансы перавысіць леташнія вынікі. Спрыяльныя ўмовы зімоўкі і ўмераная па тэмпературным рэжыме вясна дазволілі азімым зерневым культурам сфарміраваць добры колас. У цэлым аграрыям раёна неабходна ўбраць 19937 га ранніх зерневых і зернебабовых культур. Даваць прагнозы наконт агульнай вагі караваю раёна пакуль што рана. На сённяшні дзень ідзе абмалот падгарэлых участкаў. Таму сярэднераённая ўраджайнасць трымаецца на ўзроўні 51,9 ц/га. Плануецца, што па меры ўборкі лепшых палёў яна будзе павялічвацца.

– Другі ўкос траў знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Анатолій Мікалаевіч, нельга не ўзгадаць аб поспехах корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года.

– Сапраўды, кампанія па нарыхтоўцы кармоў бягучага года стала для карэліцкіх аграрыяў паспяховай. Дарэчы, каторы год запар Карэліцкі раён з’яўляецца абсалютным лідарам вобласці па аб’ёмах нарыхтаваных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Бягучы год не выключэнне. У сярэднім па раёне назапашана 14 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Бясспрэчным лідарам вобласці сталі аграрыі “Цырын-Агра”, якія нарыхтавалі 24,8 адзінкі. Зразумела, акцэнт быў зроблены не толькі на колькасць, але і якасць кармоў. Усе травы ўбіраліся ў аптымальныя тэрміны на піку іх пажыўнасці. Таму ў якасці нарыхтаваных кармоў можна не сумнявацца. Створаная трывалая кармавая база служыць гарантам паспяховай зімоўкі грамадскага статку, а значыць і дасягнення неабходных паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі.

– Анатолій Мікалаевіч, якія задачы пастаўлены перад жывёлаводамі раёна на бягучы год?

– У 2020 годзе сельгаспрадпрыемствамі раёна плануецца атрымаць 86500 тон малака, што на 6,5% больш, чым у 2019 годзе. На канец года надой ад каровы павінен скласці 6544 кг малака, а сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 750 грамаў. Будзе забяспечана станоўчая дынаміка і ў свінагадоўчай галіне. Плануецца атрымаць 8700 тон свініны, што складае 102,1% да ўзроўню мінулага года.

– За апошнюю пяцігодку свінагадоўля на Карэліччыне зрабіла вялікі крок наперад, значна павялічыўшы аб’ёмы вытворчасці. Гэта так?

– Так. Калі ў 2015 годзе ў раёне налічвалася 18690 свіней, то ў 2019 годзе іх колькасць павялічылася да 43959 галоў. Такі рост звязаны з будаўніцтвам буйных жывёлагадоўчых аб’ектаў. У 2015 годзе ў КУСП “Чарняхоўскі-Агра” ўведзена ў эксплуатацыю ферма на 250 чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак. У наступным годзе пачаў працаваць комплекс па вырошчванні і адкорме 27 тысяч парасят у год пры в. Камаровічы СВК “Маяк-Заполле”. Стабільна высокія паказчыкі мае свінагадоўчы комплекс КСУП “Лукі-Агра”, які адносіцца да прадпрыемстваў поўнага цыклу. У 2019 годзе ён прызнаны лепшым на Гродзеншчыне.

– Заканамерна, што росту аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці спрыяе мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне аграрнай галіны. Што робіцца ў гэтым накірунку?

– Па меры фінансавых магчымасцей сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна будуюць новыя і рэканструіруюць дзеючыя жывёлагадоўчыя аб’екты. Так, восенню 2018 года завершаны інвестыцыйны праект “Будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ “Райца-1” СВК “Свіцязянка-2003”. У гэтым жа годзе завершаны бягучы рамонт МТФ “Юравічы” ў СВК “Жухавічы”, а таксама секцый для адкорму свіней на свінакомплексе “Лукі”.

Паступова абнаўляюцца машынна-трактарныя паркі гаспадарак, набываецца новая высокавытворчая тэхніка айчыннай і замежнай вытворчасцей. За апошнія пяць гадоў сельгаспрадпрыемствы раёна купілі 10 энерганасычаных трактароў, 10 збожжаўборачных і 8 кормаўборачных камбайнаў, 18 касілак.

Мы добра разумеем, што на сучасным этапе асноўная стаўка ў развіцці аграрнай галіны робіцца на павышэнне вытворчасці працы шляхам механізацыі і аўтаматызацыі сельскай гаспадаркі, укаранення энергаэфектыўных і энергазберагаючых тэхналогій і абсталявання. Толькі так, ідучы ў нагу з часам і адпавядаючы патрабаванням ХХІ стагоддзя, можна павялічваць паказчыкі сельгасвытворчасці і дасягаць высокіх вынікаў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара