Обряд «Зажинки» состоялся на хлебной ниве КУСП «Черняховский-Агро»

21 ліпеня ў КУСП “Чарняхоўскі-Агра” правялі абрад “Зажынкі”.

“Зажынкі” — традыцыя, якая адкрывае ўборачную кампанію. Нашы продкі грунтоўна рыхтаваліся да гэтага абраду: начышчалі да бляску серп і загаворвалі яго, прасілі благаслаўлення ў царквы. Першы сноп павінна была зрэзаць старэйшая жанчына ў сям’і. Вось і сёння першымі ў поле выйшлі жанчыны — жыхаркі Турэцкага сельсавета.

Пад спевы яны сабралі першыя каласкі і перадалі іх старшыні КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Васілію Ашурку.

Ён па абраду тройчы падкінуў сноп і загадаў жаданні на паспяховую ўборку. Усім камбайнерам, вадзіцелям і гасцям свята былі прыпаднесены хлебныя каравай і квас.

— Падчас уборачнай кампаніі цэніцца кожная пагодлівая хвіліна, — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Нездарма ўборка хлеба ва ўсе часы называлася бітвай за ўраджай. У гэтым годзе надвор’е ўнесла карэктывы ў работу земляробаў. У мінулым годзе ў 20-х чыслах ліпеня на Карэліччыне рапс быў убраны на 95% плошчаў, а сёлета мы фактычна толькі некалькі дзён як прыступілі да яго ўборкі.

Кіраўнік раёна высока ацаніў правядзенне корманарыхтоўчай кампаніі ў “Чарняхоўскім-Агра”, а таксама спрагназаваў добры ўраджай кукурузы. Зараз жа, у перыяд уборкі хлеба, важна кантраляваць бяспеку працы, а таксама забяспечыць хлебаробам дастойны заробак.

Старшыня Турэцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі адзначыў, што земляробы заўсёды знаходзяцца ў чаканні пачатку ўборачнай. Асабліва падкрэсліў, што на іх работу спадзяецца не толькі Карэліцкі раён, але і ўся Гродзеншчына.

— Усе нашы 8 збожжаўборачных камбайнаў гатовыя да работы, — адзначыў Васілій Ашурок, — тэхніка для прасавання саломы таксама. Машын для адвозкі зерня дастаткова — 10 адзінак. А галоўнае, што ў механізатараў ёсць настрой на адказную і аператыўную работу.

Масавая ўборка зерневых і зернебабовых культур на Карэліччыне стартуе з устанаўленнем спрыяльных умоў надвор’я.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара