От частной практики до полноценной и слаженной системы здравоохранения. Как развивалась медицина Кореличчины? (Часть 2)

Радзільны дом і амбулаторыя ў вёсцы Уша

Ракурс на раён

Пачнем з бальніцы ў Міры. Час яе аднаўлення настаў адразу пасля вызвалення Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ужо ў ліпені 1944 года першых пацыентаўчакалі 35 ложкаў. Паступова з’яўляліся новыя аддзяленні. У 1960-я гады колькасць ложкаў павялічылася да 125. Пабудавалі корпус паліклінікі і бальніцы, гараж, адкрылі пункт хуткай дапамогі.

Калектыў Мірскай бальніцы, 1940-я гг.

Да верасня 1939 года ў Райцы мясцовыя жыхары лячыліся ў манахіняў, а роды прымалі павітухі, пакуль у былым манастыры не адкрылася бальніца. У 1955 годзе тут налічвалася 25 ложкаў. У 1964 годзе ў Райцы пачала працу туберкулёзная бальніца. Пасля яе закрыцця ў 1990-х гадах сюды пераехала звычайная бальніца. А амбулаторыя знаходзілася ў будынку XIX стагоддзя.

Райцаўская сельская бальніца размяшчалася ў будынку былога манастыра

Райцаўская туберкулёзная бальніца

Гісторыя Цырынскай бальніцы бярэ адлік ад 1944 года. Першапачаткова яна размяшчалася ў былой яўрэйскай хаце і была разлічана толькі на 10 ложкаў. Таму ў вёсцы Асташын меўся яе філіял. Апроч таго, у Цырыне таксама ў звычанай жылой хаце была амбулаторыя, якую ў 1960-х гадах размясцілі ў будынку былой калгаснай канторы, пакуль, нарэшце, яна не займела ўласны тыпавы будынак. У 1947 годзе стацыянар перавялі ў вёску Альшаны, у былы панскі маёнтак. Цікавыя дэталі: каб пацыенты мелі добрае харчаванне, пры бальніцы трымалі дзвюх кароў і свіней, а ездзілі тады не на аўтамабілі, а на кані.

Асташынскі ФАП

У Турцы бальніца на 15 ложкаў з’явілася ў 1945 годзе ў прыстасаваным будынку. Паступова ў ваколіцах – у Вялікай Слабадзе, Ярэмічах, Пагарэлцы, Скорычах – адкрыліся ФАПы.

1946 год у гісторыі Жухавіч адзначаны пачаткам працы бальніцы. Спачатку яна была разлічана на 15 ложкаў, у 1960 годзе іх тут стала ўжо 25 і меўся свой санітарны аўтамабіль. Але ў 1977 годзе бальніцу зачынілі. Замест яе ў Жухавічах у чатырохпакаёвай кватэры з’явіўся ФАП, рэарганізаваны ў 1985 годзе ва ўрачэбную амбулаторыю. Пазней яна пераехала ў новы будынак.

Вяскоўцы спяшаюцца ў новую бальніцу ў Луках

Гісторыя Лукскага ўрачэбнага ўчастка адсылае нас у вёску Вышкава, дзе ў 1940 годзе ў панскім доме дзейнічала бальніца на 20 ложкаў. Падчас вайны яна згарэла, але аднавіла працу ў 1945 годзе. Новы будынак участковай бальніцы на 50 ложкаў з’явіўся ў Лукскім краі ў 1966 годзе.

Калектыў радзільнага аддзялення райбальніцы, 1950-я гг.

Медыцына нашага часу

Карэліцкая ЦРБ

Сёння медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляецца Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцай і цэнтральнай раённай паліклінікай, Мірскай гарпасялковай бальніцай і паліклінікай, 5 амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі ў Райцы, Цырыне, Жухавічах, Турцы і Луках, 14 ФАПамі.

У падраздзяленнях ЦРБ працуе 520 чалавек, з іх 79 урачоў і 207 сярэдніх медработнікаў. На іх ускладзена вялікая адказнасць і значны масіў абавязкаў. Штогод медработнікамі выяўляецца ў сярэднім каля 10 тысяч захворванняў. Стацыянарную дапамогу атрымліваюць не менш 3 тысяч пацыентаў, а амбулаторная ажыццяўляецца па 23 спецыяльнасцях. Асобна варта сказаць пра прафагляды, бо вопыт нашай ЦРБ у гэтым напрамку пераймаюць установы аховы здароўя ўсёй вобласці.

У райбальніцы зацікаўлены як у аказанні якаснай і высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі пацыентам, так і ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Рэгулярна набываецца сучаснае абсталяванне і лячэбна-дыягнастычная апаратура. За перыяд з 2000 па 2019 год праведзены рамонты ўсіх стацыянарных аддзяленняў ЦРБ, аперацыйнага блока, Мірскай гарпасялковай бальніцы. З апошняга варта вылучыць афарбоўку фасада ЦРБ і рамонт мясцовага харчаблока.

Сярод знакавых аб’ектаў, адкрытых у апошнія 30 гадоў, – аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, Лукская бальніца сястрынскага догляду, прыбудова да Мірскай гарпасялковай бальніцы, дзе размясціліся харчаблок і дзённы стацыянар, Цырынская амбулаторыя, аддзяленне гемадыялізу.

Лукская бальніца сястрынскага догляду

Дасягненні нашых медыкаў рэгулярна адзначаюцца на самых высокіх узроўнях. З апошніх перамог – першыя месцы Карэліцкай ЦРБ на вобласці і рэспубліцы па выніках агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод раёнаў з насельніцтвам менш за 30 тысяч. Дыпломам І ступені адзначана і Лукская бальніца сястрынскага догляду, якая стала ў сваёй катэгорыі лепшай па выніках дзейнасці за 2019 год.

Шэраг былых і цяперашніх медработнікаў ЦРБ маюць асабістыяўзнагароды і ганаровыя граматы. Гэтыя людзі – арыенціры для маладога пакалення медыкаў. Гаворка ідзе пра Аляксандру Нячай, Міхаіла Ушкевіча, Кацярыну Ушкевіч, Ганну Жарскую, Валерыя Жарскага, Аляксандра Баршчэўскага, Таісію Баршчэўскую, Георгія Будрэвіча, Лілію Юхнік, Алену Майсак, Сяргея Плескача, Мікалая Клімко, Мікалая Саўко, Вольгу Галецкую.

Алена Майсак

Сяргей Пляскач

Ганна Жарская (другая злева)

Такім чынам, значны вопыт мінулага і сённяшнія дасягненні Карэліцкай ЦРБ з’яўляюцца надзейным падмуркам для эфектыўнай і паспяховай работы сістэмы аховы здароўя нашага раёна ў будучым.

Частка 1 па спасылцы ТУТ!

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з фондаў з архіва «Полымя» і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея