Первый заместитель председателя Кореличского райисполкома Анатолий Коршун выслушал вопросы жителей деревни Некрашевичи

Субота для жыхароў вёскі Некрашэвічы пачалася з сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых улад першым намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоліем Коршунам, старшынёй КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Васіліем Ашуркам і старшынёй Турэцкага сельвыканкама Сяргеем Барычэўскім.

– Калі ехаў да вас, глядзеў на нашы дагледжаныя палі, ладныя статкі кароў, узгадаў, як пачыналася адраджэнне беларускай сельскай гаспадаркі ў 1990-х гадах. Нават не верыцца, што за мінулыя дзесяцігоддзі, мы змаглі разам так шмат зрабіць, – падзяліўся думкамі напачатку размовы Анатолій Коршун. – Паверце, мне ёсць з чым параўнаць. Я ўсё працоўнае жыццё звязаны з сельскай гаспадаркай, быў у розных краінах, таму кампетэнтна заяўляю, што ў гэтай сферы Беларусь дэманструе вялікія поспехі. У тым ліку і Карэліччына. Нездарма 70% даходаў у бюджэт раёна даюць працаўнікі сяла, а іх дасягненні штогод адзначаюцца на абласным і рэспубліканскім узроўнях. І на гэтым мы не збіраемся спыняцца. Бо пакуль у нашых гаспадарках жывуць ды рупліва працуюць такія цудоўныя, адданыя роднай зямлі людзі, беларуская вёска і, увогуле, наша краіна будуць развівацца і квітнець.

Падчас сустрэчы прысутныя абмеркавалі не толькі жыццё раёна ў цэлым, але разгледзелі самыя розныя надзённыя пытанні жыхароў Некрашэвіч. Пачалі з хлеба ў аўтамагазінах, гаварылі пра яго якасць і кошт, ды выказалі надзею, што райспажыўтаварыства іх пачуе і знойдзе рашэнне. Хваляваў людзей таксама стан будынка, дзе размяшчаецца ФАП і патрэбны рамонт. Усё ж такі жыхары вёскі, у большасці, пенсійнага ўзросту, і без медыцынскай дапамогі на месцы ім няпроста.

У ходзе размовы Сяргей Барычэўскі растлумачыў, чаму каля некаторых дамоў знялі даўней пастаўленую на калгасныя сродкі агароджу ды што рабіць, калі праз недобрасумленнасць суседа пагоршылася якасць вады ў калодзежы на адным з асабістых падворкаў. А таксама старшыня сельвыканкама нагадаў пра важнасць падтрымліваць парадак на сваіх участках, учас абкошваць і не забываць пра дагавор на вываз смецця.

На пытанне пра тое, ці будзе зноў у Некрашэвічах лазня, адказаў Васілій Ашурок. На жаль, на дадзены момант праз сур’ёзныя патрабаванні да таго ж катла і іншага абсталявання зрабіць гэта надзвычай складана і адназначна нерэнтабельна. А вось з водазабеспячэннем вёскі і наяўнасцю калонак сіламі гаспадаркі абавязкова разбяруцца. На кантролі мясцовых улад і асвятленне Некрашэвіч, у прыватнасці скрыжавання. «Нашы людзі з самага ранку і да позняй ночы працуюць дзеля дабрабыту нашай гаспадаркі, таму мы зробім усё магчымае, каб стварыць ім належныя ўмовы для дзейнасці і жыцця», – падсумаваў Васілій Ашурок.

Таксама напрыканцы сустрэчы жыхары Некрашэвіч скарысталіся магчымасцю і задалі надзённыя пытанні прадстаўнікам улады ў індывідуальным парадку.

Служба інфармацыі «Полымя»