В агрогородке Большие Жуховичи открыли памятный знак в честь погибших воинов 29-ой танковой дивизии

З кожным годам няўмольна аддаляюцца ад нас часы Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула след у сэрцы кожнага беларуса. Імёны герояў – знакамітыя і невядомыя – павінны жыць не толькі ў памяці народа, але і быць увекавечаныя, як гэта адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці ў аграгарадку Вялікія Жухавічы. Менавіта тут 2 ліпеня 1941 года пры спробе прарыву з акружэння прынялі бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі рэшткі 29-ай танкавай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Мікалая Студнева. У выніку няроўнага бою палкоўнік Студнеў, а таксама байцы і камандзіры штаба дывізіі загінулі.

Дзмітрый Кіенка

Удзел у цырымоніі адкрыцця памятнага знака ў гонар загінулых ваенаслужачых прынялі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук, ваенны камісар Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў падпалкоўнік Сяргей Бурак, члены ваенна-патрыятычнага клуба ”Віцязь”, старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі і госці з Гродна – кіраўнік навукова-даследчай групы “Рубон”, аўтар кнігі “Першы ўдар: 29-ая танкавая дывізія ў баях за Гродна 22-25 чэрвеня 1941 года” Дзмітрый Кіенка і сааўтар выдання Дзмітрый Люцік.

– Сёння мы з вамі адкрываем чарговую мемарыяльную дошку у памяць аб тых, хто мужна і самааддана абараняў інтарэсы нашай Радзімы, – адзначыў Яўген Чычкан. – Гэта яшчэ адзін крок, яшчэ адна ступень у гонар героў, нашых землякоў, пра якіх мы не павінны забываць. Я бязмерна ўдзячны ўсім, хто зрабіў значны ўнёсак у стварэнне гэтага мемарыялу, бо дзякуючы вам памяць аб подзвігу жыла, жыве і будзе жыць.

Месца для памятнага знака абрана невыпадкова: менавіта на гэтай дарозе, каля Вялікіх Жухавіч, у далёкім 1941-ым годзе пры прарыве “навагрудскага катла” 2 ліпеня загінулі камандзір 29-ай танкавай дывізіі палкоўнік Мікалай Студнеў, байцы і камандзіры штаба дывізіі. Па словах кіраўніка ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Уладзіміра Матусевіча, дакладнае месца смерці і пахавання салдат невядома: гэта можа быць як у дзесяці метрах ад помніка, так і ў двухстах. Але тое, што гэта адбылося на выездзе з Вялікіх Жухавіч, не выклікае ніякіх сумненняў.

Дзмітрый Люцік

Баявы шлях падраздзялення падрабязна апісаны ў кнізе Дзмітрыя Кіенкі і Дзмітрыя Люціка, якія на працягу не аднаго года збіралі інфармацыю пра лёс 29-танкавай дывізіі. Як адзначылі аўтары, франтавыя дарогі байцоў і камандзіраў былі няпростыя: на працягу свайго баявога шляху яны страчвалі тэхніку, таму на Карэліччыне апынуліся амаль без яе. Менавіта тут, у Вялікіх Жухавічах, 2 ліпеня байцоў сустрэлі немцы і не далі магчымасці прарвацца на ўсход…

– Памятны знак прысвечаны не аднаму канкрэтнаму чалавеку, а ўсяму камсаставу штаба, звычайным салдатам, якія назаўжды склалі галовы на карэліцкай зямлі, – адзначыў адзін з аўтараў кнігі пра шлях дывізіі Дзмітрый Кіенка. – У сваю чаргу, я хачу падзякаваць раённаму выканаўчаму камітэту і кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі за тое, што дапамаглі ажыццявіць задуманае.

Не застаўся ў баку і гродзенец Дзмітрый Люцік, для якога 29-ая танкавая дывізія ўяўляе асаблівы інтарэс. Па яго словах, 22 чэрвеня 1941 года пад Гродна дывізія першай сустрэла немцаў і правяла абараняльныя баі, пра якія, дарэчы, усё жыццё збірала звесткі жыхарка Гродна Майя Дзянісава – негалосны сааўтар кнігі пра 29-ую танкавую дывізію.

Пасля хвіліны маўчання ў гонар загінулых воінаў ваенны камісар Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў падпалкоўнік Сяргей Бурак уручыў юбілейныя медалі тым, хто сваёй працай робіць значны ўнёсак у героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі – кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, падпалкоўніку запаса Уладзіміру Матусевічу і старшыні СВК “Жухавічы” Дзмітрыю Янкоўскаму.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара