Жить работой ради жизни других. Николай Лазар из Мира вспоминает о знаковых событиях в истории пожарной службы за последние десятилетия

1990-я гады для пажарнай службы Беларусі сталі перыядам вялікіх зменаў. Мікалай Іванавіч ЛАЗАР з Міра стаў сведкам і актыўным удзельнікам гэтых падзей.

Усё жыццё Мікалая Лазара звязана са службай на карысць малой радзіме. Нарадзіўся наш герой у карэліцкай вёсцы Горныя Руткавічы. Там хадзіў у пачатковыя класы, васьмігодку скончыў у Палужжы, а сярэднюю школу – у Смольчычах.

– Думка стаць пажарным прыйшла ў дзявятым класе, – распачынае аповед пра прафесійны шлях Мікалай Іванавіч. – Хаця, калі здаваў школьныя экзамены, камісія раіла звязаць жыццё з гісторыяй. Але я ўжо абраў для сябе дарогу і ў 1989 годзе падаў дакументы ў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС СССР. Каб паступіць, давялося здаваць сачыненне, матэматыку, фізічную падрыхтоўку. Былі яшчэ дадатковыя выпрабаванні на вышыні. А перад самім паступленнем чакала сур’ёзная ваенна-ўрачэбная медыцынская камісія. Не гледзячы на жорсткія крытэрыі адбору, нас, абітурыентаў, набралася шмат. Конкурс склаў аж восем з паловай чалавек на месца. Справа ў тым, што на той момант у СССР было толькі 8 пажарна-тэхнічных вучылішчаў і 1 вышэйшая пажарна-тэхнічная школа ў Маскве. Іспыты я вытрымаў спраўна. Вось толькі здаць экзамены гэта адно, а прайсці курс маладога байца зусім іншае. Давялося пажыць месяца паўтары ў лесе ў палатках, дзе нам давалі значную нагрузку. Не кожны справіўся, і добрая палова кандыдатаў у курсанты адсеялася, але я быў прыняты. Памятаю, калі вучыўся, быў малады і рамантык ды марыў паехаць па размеркаванні ў раёны Крайняй Поўначы. Але ў час маёй вучобы Савецкага Саюза не стала. Таму ў 1992 годзе вярнуўся на радзіму.

Па размеркаванні Мікалай Лазар трапіў ў пажарную частку па ахове філіяла Мінскага трактарнага завода ў Смаргоні. Але там адпрацаваў толькі 4 месяцы. Кажа, вельмі цягнула на малую радзіму.

– Мне пашчасціла перавесціся ў Карэлічы, – працягвае наш суразмоўца. – Тут я пачынаў у 1992 годзе, калі пажарная інспекцыя была ў складзе Карэліцкага аддзела ўнутраных спраў. Але ў 1993 годзе ў рэспубліцы прынялі рашэнне стварыць ваенізаваную пажарную службу. Гэта значыць, што грамадзянскіх асоб замянялі работнікі ў форме і пры званні. На Карэліччыне ваенізацыя прыпала на другую палову 1994 года. У асноўным да нас прыйшла моладзь. І мне давялося ў 23 гады з інспектара стаць намеснікам начальніка ваенізаванай пажарнай часці. Літаральна за 5 месяцаў мы мусілі набраць новую каманду і даць маладым хлопцам неабходныя веды і навыкі. Таму выпадкі, калі на дзяжурства заступаў каравул з абсалютных навічкоў, былі нярэдкімі. Я адчуваў за гэтых хлопцаў адказнасць. Разумеў, што ніхто з іх не выязджаў на пажар, таму заставаўся дзяжурыць разам з імі. Часам праводзіў на працы па некалькі сутак запар.

Першая палова 1990-х гадоў запомнілася Мікалаю Іванавічу не толькі кадравымі пытаннямі і выхаваннем маладых байцоў, але цяжкасцямі з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем пажарных:

– З транспартам было адносна нядрэнна. Вядома, мы выязджалі на машынах больш старэйшых мадыфікацый, чым зараз, – гэта ЗІЛ-130 і ГАЗ-53. Але яны добра неслі сваю службу. Пытанне стаяла па аварыйна-выратавальным абсталяванні. Шчыра кажучы, яго практычна не было, бо гаворка ішла пра лом і пілу-дзвюхручку. Але ў 1995-1996 гадах усё змянілася ў лепшы бок. На той момант у Беларусі ўвялі падатак, згодна з якім суб’екты гаспадаркі адлічвалі сродкі на фінансаванне і мадэрнізацыю пажарнай службы. І тады мы нядрэнна перааснасціліся.

У тыя часы давялося Мікалаю Лазару разам з калегамі спасцігнуць і азы будаўніцтва:

– У раёне пажарныя часці былі толькі ў Карэлічах і Міры. У сельскіх населеных пунктах у савецкія часы ўсё функцыянавала наступным чынам. Некалькі гаспадарак аб’ядноўваліся фінансава, набывалі пажарную машыну, выдзялялі пад яе будынак і ўтрымлівалі невялікі штат. Але пачатак 1990-х гадоў моцна ўдарыў па эканоміцы, і калгасы пачалі адмаўляцца ад такой практыкі. Таму ў 1995 годзе ў краіне паклапаціліся пра тое, каб у сельскай мясцовасці з’явіліся пажарныя пасты. У гэты перыяд мне і іншым нашым работнікам давялося пабыць і будаўнікамі. Так, у Цырыне пост узводзілі з нуля. Мелі дачыненне пажарныя і да будаўніцтва нашых апорных пунктаў у Міратычах і Ярэмічах. Ведаеце, які тады ў нас быў графік? Суткі працавалі ды тушылі пажары, другія адпачывалі, а на трэція прыходзілі на будоўлю.

Асобна спыняецца Мікалай Іванавіч на ўспамінах пра баявыя будні ў барацьбе з вогненная стыхіяй:

– Калі параўноўваць, то ў тых жа 1990-х гадах у раёне было больш людзей, гаспадарак, прадпрыемстваў, а значыць вялікая колькасць будынкаў і пажаранебяспечных сітуацый. Ды і дзяцей летам прыязджала на канікулы шмат, а яны любілі пазабуляцца з агнём. Ды яшчэ нашы людзі садзілі бульбу на тарфяніках. Кіне там нейкі гаспадар цыгарэтку, вось вам і пажар. Былі і такія “спецыялісты”, якія спецыяльна падпальвалі торф, каб дым аберагаў ураджай ад замаразкаў. Асабліва шмат клопату нам давалі былыя торфараспрацоўкі ў раёне Міранкі, Кожава, Цетры. Мы дзесьці на працягу 5-6 гадоў, пачынаючы з ранняй вясны і да восені, атрымлівалі там фактычна “прапіску”. Нядзіўна, што за змену часам не раз даводзілася выязджаць на выклікі. Наконт самых запамінальных падзей, то гэта, безумоўна, пажар на Карэліцкім ільнозаводзе. Урэзалася ў памяць і дата – 13 лістапада 1995 года. Мы тады тушылі ў Тударава дом, як па радыёстанцыі перадалі, што гарыць ільнозавод. Паднялі галовы, а над Карэлічамі – зарыва. І мы адразу рванулі на льнозавод. Прычым большасць – маладыя пажарныя, для некаторых з якіх гэта, увогуле, быў першы выезд на такое маштабнае здарэнне. Сцягнулі тэхніку не толькі з нашага, але і з іншых раёнаў. Патушылі толькі праз чацвёра сутак. Але самыя цяжкія пажары, звязаныя з гібеллю людзей. Так, на адным з іх у вёсцы Даўгінава загінула цэлая сям’я. Жудасна…

Пасля гэтага ў размове наступае цяжкае маўчанне. Пасля паўзы, зладзіўшы з эмоцыямі, наш герой дадае:

– Я сваім маладым калегам заўжды казаў, што на нашай службе трэба быць падрыхтаваным як да фізічных, так і да маральных цяжкасцяў. Бо нам даводзіцца ўсялякае бачыць на пажарах, і трэба ўмець спраўляцца з пачуццямі. А яшчэ, як бы гэта не здавалася дзіўным у наш мірны час, варта жыць па прынцыпе: калі ёсць у імя чаго, то ў нашай прафесіі трэба быць гатовым у любы момант ісці на рызыку дзеля выратавання жыцця іншых. Што яшчэ галоўнае ў буднях пажарных? Як і ўсюды – быць чалавекам, надзейным, мужным, адказным, сумленным.

Мікалай Іванавіч дзеліцца, што заўжды імкнуўся служыць згодна з гэтым прынцыпам: і ў Карэлічах, дзе працаваў намеснікам начальніка райаддзела па аператыўна-тактычнай рабоце да 2003 года, і ў Міры на пасадзе начальніка пажарнай часці, пакуль у 2013 годзе не выйшаў у адстаўку ў званні маёра.

– Зараз на заслужанным адпачынку, але, відаць, так і не навучыўся адпачываць, – усміхаецца Мікалай Лазар. – Таму на дадзены момант працую ў замкавым комплексе “Мір” дзяжурным аператыўнікам па сістэмах пажарнай аўтаматыкі. Проста звык, што служба заўжды забірала ўвесь час. Памятаю, як пачаў працаваць, нават забыў, што такое рыбалка ці іншы занятак для душы. Праўда, цяпер нарэшце магу больш часу прысвяціць сям’і. Тым больш, дачка яшчэ вучыцца ў школе. А сын ужо на парозе самастойнага жыцця. Сёлета скончыў магістратуру Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікава тое, што ў свой час я не абраў шлях гісторыка, а мой сын здзейсніў гэта і спецыялізуецца па мінулым Беларусі. Таксама скарыстаюся магчымасцю павіншаваць калег з прафесійным святам, пажадаць здароўя, каб поспех быў заўжды на іх баку і ўсё ладзілася ў сем’ях!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара