Артисты Жуховичского СДК создают праздничное настроение хлеборобам

Апошні месяц лета славіцца працай хлебаробаў. Ужо з 13 чэрвеня ў СВК “Жухавічы” пачалася ўборка зерневых культур і рапса. Усяго задзейнічана 11 камбайнаў і 15 машын для адвозкі зерня. Працаўнікі калгаса прыкладваюць шмат намаганняў, каб ураджайнасць была на высокім узроўні. Вядома, што на сённяшні дзень у СВК “Жухавічы” ўраджайнасць складае 76,3 ц/га, усяго намалочана 8379 тонн. Але, вядома, што без пазітыўнага настрою, які дораць песні, і праца не ідзе.

Вось і калектыў Жухавіцкага Дома культуры вырашыў правесці незвычайную акцыю — музычная шкатулка “Хвілінкі радасці” ў падтрымку ўборачнай кампаніі ў СВК “Жухавічы”.

5 жніўня артысты з задавальненнем наведалі ўсе зернесушыльныя комплексы сельгаспрадпрыемства (Малыя і Вялікія Жухавічы, Пясочная). Нягледзячы на тое, што ў работнікаў было шмат працы, музычныя хвілінкі радасці прыйшліся ім па густу. Адпачынак выдаўся не толькі прыемным, але і бадзёрым. Калектыў Дома культуры дарыў сваю энергетыку, вясёлыя і ўсім знаёмыя песні, жадаў добрай працы і вялікай ураджайнасці. Пасля невялічкага канцэрту работнікі КЗС з ахвотай узяліся за працу, добры настрой на якую быў забяспечаны.

У далейшым у межах акцыі музычная шкатулка “Хвілінкі радасці” калектывам Жухавіцкага Дома культуры плануецца наведаць палявыя станы СВК “Жухавічы”. Каб хлебаробам і праца была ў радасць, і намалоты дасягалі высокіх паказчыкаў.

Кацярына ЖАМОЙДА,
агр. Жухавічы