Чудесное творение рук Божьих и человеческих. В деревне Загорье освятили церковь в честь святой праведной Анны (+видео с высоты)

Божая міласэрнасць не залежыць ад кропкі на карце. Яна дзейнічае праз людзей добрай волі паўсюль: і ў вялікіх гарадах, і ў такіх маленькіх вёсках, як Загор’е.

7 жніўня праваслаўны свет адзначае Успенне святой праведнай Ганны. Асаблівым чынам адсвяткавалі гэты дзень на Карэліччыне. У вёсцы Загор’е адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы, названнай ў гонар святой Ганны — маці Багародзіцы і бабулі Ісуса Хрыста.

Урачыстасць сабрала разам шмат вернікаў і духавенства не толькі з Навагрудскай епархіі, але і з розных куткоў Беларусі. Прысутныя сталі сведкамі надзвычайнай падзеі. Сакральныя імгненні асвячэння царквы, узнёслы настрой літургіі, крэсны ход вакол святыні, упрыгожаныя спевамі мужчынскага хора з Мінска, — усё гэта разам з глыбокай і шчырай малітвай дзясяткаў людзей стварыла непаўторную духоўную атмасферу.

Шмат натхняючых і прывітальных слоў прагучала ў гэты дзень ад святароў, у прыватнасці ад сакратара Навагрудскай епархіі, благачыннага Навагрудскай акругі протаіерэя Анатолія Герасімука, благачыннага Карэліцкай акругі, настаяцеля Свята-Петрапаўлаўскага храма ў райцэнтры протаіерэя Мікалая Орсы, настаяцеля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Турэц і новаасвечанага храма ў Загор’і іерэя Андрэя Абрамовіча і іншых духоўных асоб.

— Сёння на праваслаўнай карце свету ярка заззяла яшчэ адна свечка — дзівоснага хараства царква ў гонар святой Ганны, — адзначыў Анатолій Герасімук. — Хай для шматлікіх людзей яна стане сапраўдным Божым домам, дзе яны знойдуць спакой і радасць ды ўмацуюцца ў веры.

Цеплынёй і святлом напоўніла падзея і сэрца ўраджэнца вёскі Загор’е — прафесара, доктара біялагічных навук, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалая Ламана: «Паглядзіце, якое цудоўнае стаіць надвор’е, нібы прырода святкуе разам з намі! І я шчаслівы раздзяліць гэты знамянальны дзень найперш са сваімі вяскоўцамі. Бо ў 1861 годзе менавіта жыхары Загор’я зрабілі ўсё магчымае, каб на тутэйшых могілках з’явілася царква. Не адно пакаленне і ў маёй сям’і звязана з гэтай святыняй. Напрыканцы ХІХ стагоддзя мой прадзед Якуб быў яе старастам. А на змешчанай у царкве мармуровай дошцы з імёнамі жыхароў Загор’я, воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх я знаходзіў па архівах, ёсць і прозвішча майго бацькі Афанасія Ламана. Сам я ў падзяку за нараджэнне ўнука і ў памяць аб продках зрабіў асаблівы падарунак святому месцу — высадзіў па перыметры могілак хвоі, а зараз працую над кнігамі па гісторыі святыняў у Загор’і і Турцы. Бо хочацца, каб чытач, напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі мог узяць у рукі такое выданне і даведацца пра нашы ўнікальныя храмы».

Адраджэнне царквы св. Ганны стала сямейнай справай і для Генадзія Сабалеўскага з роднымі. Менавіта дзякуючы яго шчодраму і вялікаму сэрцу, на Карэліччыне у старэнькі храм на вясковых могілках удыхнутае новае жыццё. Пры яго шырокай падтрымцы святыня паўстала за лічаныя гады з цэглы, з вітражамі, мазаікамі, скульптурай святой міратворыцы, непаўторным іканастасам і абразамі, сярод якіх ёсць прывезеныя з замежжа, у тым ліку з Афона, а яшчэ з умураваным у сцяну камнем з Іерусаліма ад Гроба Гасподня. Прычым, царква здзіўляе не толькі мастацкім аздабленнем, але і тэхнічным. Так, на яе даху змешчаны сонечныя батарэі, таму і ўначы храм бачны здалёк. Сам жа Генадзій Леанардавіч у адказ на падзякі вернікаў за дабрыню сціпла заўважае:

— Гэта я вам усім удзячны за тое, што прыйшлі на асвячэнне і раздзялілі нашу радасць. Хочацца, каб кожны чалавек, які будзе пераступаць парог храма ў Загор’і, адчуваў, з якой любоўю ён створаны, нёс яе іншым людзям і рабіў свет лепшым. А працы па царкве працягваюцца. Паўтаруся, наша святыня — для людзей. Таму будуць удасканалены задзейнічаныя тут камп’ютарныя праграмы па начным асвятленні, ды і звонку з’явяцца новыя іконы. Бо, паколькі храм знаходзіцца на вясковых могілках, ён не можа быць увесь час адчынены, а хочацца, каб вернікі заўжды маглі сюды прыехаць і пабачыць хаця бы часцінку хараства нашай святыні.

За неацэнную дапамогу Генадзію Сабалеўскаму і яго сям’і падчас урачыстасці ўручылі медалі прападобнага Елісія Лаўрышэўскага ад Навагрудскай епархіі і спіс з Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Дарэчы, новы абраз атрымаў у гэты дзень і храм у Загор’і ад святароў царквы Марыі Магдаліны ў Мінску.

Працягнуўся ўзаемны абмен падзякамі ўручэннем заслужаных ўзнагародаў за падтрымку ў справе адраджэння царквы св. Ганны духавенству, вернікам, прадстаўнікам мясцовай улады, у тым ліку старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзію Шатуеву і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву, будаўнікам і іншыя людзям добрай волі.

Пасля афіцыйнай праграмы прысутныя яшчэ на некаторы час засталіся падзівіцца хараством святыні. Усе сышліся на думцы, што на сёння гэта, напэўна, прыгажэйшая ў Беларусі царква на вясковых могілках. І, дадамо мы, сапраўдная духоўная жамчужына на карце Карэліччыны.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

МОМАНТЫ ПАДЗЕІ