Друзья, присоединяйтесь к акции «Соберем детей в школу»!

Напярэдадні новага навучальнага года карэліччан традыцыйна аб’ядноўвае дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу».

– Да 1 верасня застаўся месяц. А значыць для бацькоў настала гарачая пара збору дзяцей у школу. Як вядома, гэта патрабуе нямала сродкаў. Таму так важна, што дзякуючы акцыі “Збяром дзяцей у школу” мы можам дапамагчы шматдзетным, малазабяспечаным сем’ям, дзецям-сіротам, выхаванцам дамоў-інтэрнатаў, сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі падрыхтавацца да навучальнага года, – адзначае начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. – Сёлета з мясцовага бюджэту для гэтай мэты выдзелена 24400 рублёў. Яны пойдуць на аказанне адначасовай матэрыяльнай дапамогі 216 шматдзетным сем’ям, дзе выхоўваецца 453 дзіцяці, і аднаму выхаванцу Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна. Атрымоўваецца ў сярэднім па 54 рублі на школьніка. Падкрэслю, што прыняць удзел у акцыі можа кожны жадаючы. Дарэчы, штогод дабрачынны праект падтрымліваюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна, а таксама прафсаюзы. Так, у гэтым годзе фінансавую дапамогу ўжо аказалі УКП БАН і КСУП “Малюшычы”. Ды і карэліччане па асабістай ініцыятыве актыўна далучаюцца да добрай справы і прыносяць школьныя прыналежнасці ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, сацыяльна-педагагічны цэнтр у агр. Палужжа, школы і дзіцячыя садкі. А гэта значыць, што юныя карэліччане пачнуць новы навучальны год у святочным настроі, атуленыя цяплом і клопатам.

Марына КАЗЛОВІЧ