Медпомощь, вывоз мусора и асфальтирование улиц. Как решены вопросы жителей Кореличского района?

На працягу летніх месяцаў кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама наведала шэраг населеных пунктаў раёна, дзе людзі задавалі пытанні і выказвалі просьбы. Карэспандэнт “Полымя” высветліла, як гэтыя пытанні вырашаны.

Без меддапамогі ніхто не застанецца

Падчас сустрэчы са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Генадзіем Шатуевым жыхары вёскі Вялікая Мядзвядка Мірскага сельвыканкама прасілі адкрыць у вёсцы фельчарска-акушэрскі пункт. Намеснік галоўнага ўрача Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Данута Скварада патлумачыла, што ў Мядзвядцы ФАП быў, але ў сувязі з аптымізацыяй зачынены яшчэ ў 2014 годзе. Тады медустанова абслугоўвала тры невялікія вёскі з агульнай колькасцю насельніцтва ў 253 чалавекі. Сёння тут жыве ўвогуле 226 чалавек. Але людзей ніхто без меддапамогі не пакінуў: яе аказваюць медыцынскія работнікі Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Штомесяц урач прыязджае ў Вялікую Мядзвядку, каб прыняць хворых.

“Смеццевае” пытанне

Жыхары вёскі Сіняўская Слабада Ярэміцкага сельвыканкама прасілі мясцовую ўладу перагледзець графік вывазу смецця. Вяскоўцам было б зручней, каб смеццявоз забіраў адходы не ў пятніцу, а ў панядзелак. У Карэліцкім камунгасе паведамілі, што графік вывазу цвёрдых бытавых адходаў будзе зменены ў верасні бягучага года і пажаданні людзей будуць улічаны.

Жыхары вуліцы Сташэўскай, д. 2 у г.п. Мір пацікавіліся, ці можна ўстанавіць каля іх дома пляцоўку для збору смецця. Дырэктар Карэліцкага жылкамунгаса Аляксандр Рудак патлумачыў, што ў чацвёртым квартале бягучага года каля суседняга дома №4 па вуліцы Сташэўскай плануецца пашырыць пляцоўку для збору смецця і павялічыць колькасць смеццевых кантэйнераў з двух да чатырох.

Жыхары Міра лічаць, што камунальнікі недастаткова часта вывозяць смецце з тэрыторыі пасёлка. У адміністрацыі Карэліцкага жылкамунгаса расказалі, што смеццявозы працуюць згодна з графікам, які зацверджаны Карэліцкім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Так, ад шматкватэрных жылых дамоў смецце забіраюць тры разы на тыдзень, па вуліцы Танкістаў — 2 разы і ў прыватным сектары — 1 раз на тыдзень.

Куды прапала вада?

Жыхары адразу двух аграгарадкоў — Аюцавічы і Турэц — сутыкнуліся з аднолькавай праблемай: па выхадных днях у водаправодах знікае вада або ўвогуле цячэ ржавая і брудная. Карэліцкія камунальнікі выехалі на месцы і высветлілі: праблема ўзнікае з-за таго, што на выхадных людзі пачынаюць актыўней карыстацца вадой, і ў выніку зніжаецца ціск у водаправоднай сетцы. Спецыялісты наладзілі аўтаматыку на свідравіне і станцыі абезжалезвання, а значыць перабоі з вадой павінны знікнуць.

Двары просяць асфальта

На пытанне жыхароў вуліц Камсамольская і 8 Сакавіка ў Карэлічах, калі будуць заасфальтаваны дваровыя тэрыторыі, у Карэліцкім жылкамунгасе патлумачылі: на вуліцы 8 Сакавіка асфальтаванне дваровай тэрыторыі завершана, а Камсамольскую апрануць у асфальт у чацвёртым квартале бягучага года. Што датычыцца пракладкі сетак гарачага водазабеспячэння да жылых дамоў па гэтых вуліцах, то такія работы не плануюцца.

Жыхарам жа вуліцы Зарэчнай у Карэлічах з асфальтаваннем прыдзецца пачакаць да 2021 года. Тыя апошнія 2 кіламетры незаасфальтаваных у райцэнтры вуліц абавязкова атрымаюць новую “вопратку”.

Іна ЛЕЙКА