На хлебной ниве СПК «Свитязянка-2003» трудятся братья Николай и Виталий Савко

На Карэліччыне завяршылася адна з найадказнейшых кампаній бягучага года – уборка зерневых і зернебабовых культур. Хлебаробы раёна могуць уздыхнуць з палёгкай: старанна вырашчаны ўраджай збажыны абмалочаны і беражна захоўваецца ў засеках гаспадарак. Самы час узважыць агульны каравай Карэліччыны, які ўвабраў у сябе старанні ўсіх працаўнікоў раёна, у тым ліку і хлебаробаў СВК “Свіцязянка-2003”.

У жніво аграрыі сельгаспрадпрыемства ўвайшлі 18 ліпеня. Да ўборкі азімага рапсу прыступілі праз два дні, 20 ліпеня. Такім чынам на плечы працаўнікоў гаспадаркі лягла адказная задача – адначасова і без стратаў убраць зерневыя і алейную культуры. З ёй аграрыі справіліся выдатна, атрымаўшы добрую ўраджайнасць як збожжа, так і алеенасення.

– Сёлета азімы рапс быў пасеяны на 350 га. Адчуваючы добрую аддачу ад культуры, вырашылі ў наступным годзе павялічыць пасяўныя плошчы на 100 га, – расказвае галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца. – Па выніках уборкі атрымалі 44,7 цэнтнера алеенасення на круг. Увогуле ўраджайнасць добрая, але на некаторыя палі былі лепшыя віды. У той жа час гібрыды замежнай селекцыі фірмы “KWS” парадавалі ўраджайнасцю каля 50 ц/га. Агульны вал алеенасення склаў 1566 тон, з якіх 610 тон пайшлі на выкананне дзяржзаказу, астатнія – на рэалізацыю.

Зерневы клін СВК “Свіцязянка-2003” – адзін з самых вялікіх у раёне і займае 2170 га.

Па структуры ён размеркаваны наступным чынам: азімымі зерневымі занята 1300 га, з якіх на 850 га пасеяна азімая пшаніца, на 250 га – жыта, на 200 га – азімы трыцікале. Пад ячмень адведзена 590 га, яравую пшаніцу – 100 га.

– Найбольшую аддачу чакалі ад азімай пшаніцы. І атрымалі. У сярэднім мелі 70,5 цэнтнераў на круг, – адзначае Аляксандр Мяцеліца. – Самую высокую ўраджайнасць у 82 ц/га дало поле плошчай каля 20 га, дзе была пасеяна азімая пшаніца нямецкага гатунку “Плацін”. Піваварны ячмень замежнай селекцыі гатунку “Ірына” таксама парадаваў, даўшы каля 80 цэнтнераў на круг. Сёлета добра паказала сябе і гібрыднае жыта.

Для таго, каб якасна арганізаваць уборку на такой вялікай плошчы, неабходны багаты арсенал тэхнікі. Ён у гаспадарцы ёсць. Сёлета на жніве на свіцязянскай хлебнай ніве адпрацавалі 9 збожжаўборачных камбайнаў: “Лексіён” і “Джон-Дзір”, дзве “Мегі” і пяць “Палессяў”. За штурвалам адной з “Мегаў” – сямейны экіпаж Мікалая і Віталія Саўка. Жыццёвыя шляхі братоў склаліся па-рознаму: Мікалай жыве і працуе ў Баранавічах, Віталій – у Мінску. Аднак падчас жніва яны вяртаюцца на малую радзіму і прымаюць удзел ва ўборцы хлеба. Дарэчы, трэці брат Аляксандр таксама задзейнічаны на ўборцы збажыны. У дзень візіту ў “Свіцязянку” ён працаваў на “Палессі” на другім вытворчым участку.

– Наш шосты сезон на хлебнай ніве падыходзіць да завяршэння. А вось нашаму камбайну – утрая больш, – дзеліцца старэйшы брат Мікалай. – За столькі гадоў працы разам з братам ужо разумеем адзін аднаго без слоў. Ды і плячо, падтрымку роднага чалавека заўсёды адчуваеш, што вельмі важна і неабходна ў рабоце.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара