Преподаватель БГАТУ Юрий Напорко летом работает на комбайне на своей малой родине

Асабісты ўклад камбайнера Юрыя Напоркі ў агульны каравай СВК “Маяк-Заполле” важкі. За час жніва ён намалаціў 2190,5 тоны зерня. І, несумненна,  атрымаў шчырае задавальненне ад працы на хлебнай ніве малой радзімы.

– Лета ў мяне асацыюецца з полем спелай збажыны і гулам камбайнаў. Таму штогод прыязджаю ў “Маяк” на жніво, – дзеліцца камбайнер Юрый Напорка, які працуе выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. – Мне хочацца дапамагчы гаспадарцы ўбраць хлеб, бо я мясцовы і душой прырос да красненскай зямлі. Да таго ж з тэхнікай на “ты”.  Любоў да яе мне прывіў бацька Анатолій Леанідавіч, які таксама працуе ў “Маяку” механізатарам.

Сёлетняе жніво для камбайнера, як і для ўсёй гаспадаркі, прайшло паспяхова. Хлеб убралі ў аптымальныя тэрміны без стратаў, атрымаўшы другую ў раёне ўраджайнасць – 79,7 ц/га і добры вал збажыны – больш за 16600 тон зерня.

– Убіраць ураджай заўсёды прыемна, а калі ён багаты – удвая, – адзначае Юрый Напорка. – Сёлета надвор’е хлебаробам спрыяла, палегліцы практычна не было. Тэхніка працавала добра. Здараліся некаторыя паломкі, але інжынерная служба аператыўна рэагавала. Запчасткі ў гаспадарцы заўсёды ў наяўнасці. Таму паломкі хутка выпраўляліся. Другі год працую без памочніка. Ці складана аднаму працаваць? З аднаго боку, так. Зразумела, дзве рукі – не чатыры. Увечары прыходзіцца даўжэй каля камбайна затрымацца, каб раніцай разам з астатнімі ў поле выйсці. У той жа час разлічваеш толькі на свае сілы і спадзяешся на сябе.

За штурвал камбайна Юрый Напорка сеў у 2009 годзе. Для яго сёлетняе жніво стала адзінаццатым па ліку, а для жалезнага волата “Лексіёна” – дваццатым. У памяці камбайнера добра захаваўся першы выхад на хлебную ніву гаспадаркі.

– Памятаю, як старшыня “Маяка” Іван Шыш прапанаваў мне папрацаваць на жніве. Я згадзіўся, не без хвалявання. Прызнаюся, першая мая ўборка была складанай. Гэта зараз я з заплюшчанымі вачыма магу ўпраўляць камбайнам. У той жа момант не ведаў усіх нюансаў. Усё прыходзіць з вопытам. Аднак першы блін не выйшаў комам. Я добра тады намалаціў. З таго часу па закліку душы штогод летам прыязджаю ў “Маяк”. Спачатку рыхтую камбайн, а потым шчырую на хлебнай ніве маёй малой радзімы.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара