Рассказываем про отдых наших ребят в лагере «Вясёлка»

Бягучы год выдаўся няпростым не толькі для жыхароў Беларусі, але і цэлага свету. Нягледзячы на тое, што планы многіх парушыла пандэмія, дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” сёлета сабраў сорак шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак, распачаўшы сваю працу ў новым рэжыме.

Як паведамілі арганізатары, змена прадоўжыцца з 22 ліпеня па 8 жніўня. За гэты час выхаванцаў лагера, большасць з якіх – дзеці-сіроты, дзеці з няпоўных і шматдзетных сем’яў, а таксама апякунскіх і прыёмных, – чакаюць насычаныя дні, праведзеныя пад лозунгам “3D: Дружи! Дерзай! Действуй!”. Сёлета змена ў “Вясёлцы” носіць грамадзянска-патрыятычны характар, таму рабят чакае падарожжа да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёску Ятвезь і шмат мерапрыемстваў, якія сталі ўжо традыцыйнымі: Дзень Нептуна, Дзень наадварот, малыя Алімпійскія гульні і інш.

– У лагеры працуюць тры атрады, дзе жывуць дзеці ад шасці да сямнаццаці гадоў, – расказвае старшы выхавальнік ДАЛ “Вясёлка” Святлана Казак. – Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў нас выконваюцца ўсе меры па ахове здароўя. Так, напрыклад, ложкі ў пакоях знаходзяцца на адлегласці ў паўтара метра, а ў сталовай колькасць дзяцей за адным сталом не перавышае двух чалавек. Ведаеце, калі першае ноу-хау выхаванцы лагера ўспрынялі з неахвотай, то другое, наадварот, – з вялікім энтузіязмам, бо вольнай прасторы ў памяшканні стала больш.

Дарэчы, харчаванне арганізавана ў тры змены: спачатку сталовую наведваюць адны дзеці, потым – іншыя. Часавы прамежак складае прыкладна пятнаццаць хвілін, таму рызыка захварэць мінімізавана.

– Перад пачаткам змены ўсе выхаванцы прайшлі медыцынскую камісію, якая пацвердзіла адсутнасць захворвання, – працягвае Святлана Казак. – Да таго ж сёлетні лагер існуе ў закрытым рэжыме: бацькі могуць убачыць дзяцей толькі на ўваходзе, а візіты гасцей строга забаронены. Акрамя гэтага, на ўсёй тэрыторыі ўсталяваны сродкі для дэзінфекцыі, а кожную раніцу і вечар педыятр правярае выхаванцам тэмпературу.

– Так, магчыма, умовы складаныя, але мы павінны разумець: усё гэта робіцца толькі дзеля дзяцей і іх уласнай бяспекі, – падагульняе размову старшы выхавальнік. – Што ні гавары, а гульні на свежым паветры, музыка і разнастайны адпачынак адназначна лепш за аднастайныя будні ў хаце! Таму, спадзяёмся, адпачынкам дзеці застануццца задаволеныя.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара