Хлеборобы племзавода «Кореличи» закончили жатву с третьей по району урожайностью — 76,5%

Некаторыя сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур. 100-працэнтнага выніку на жніве ўжо дасягнулі КСУП “Лукі-Агра” і “Цырын-Агра”, СВК “Маяк-Заполле”, КСУП “Племзавод Карэлічы”. Так, племзавод сёння абмалочвае апошнія гектары збажыны.

Сёлетні зерневы клін племзавода выглядае наступным чынам: 145 га адведзена пад азімы трыцікале, 370 га займае азімая пшаніца, 40 га – яравая. Ячмень пасеяны на 145 га, жыта – на 45 га, пад аўсом – 26 га.

– Зрабілі стаўку на азімую пшаніцу, і яна апраўдала надзеі. Атрымалі прыкладна 78 цэнтнераў на круг, – дзеліцца галоўны аграном КСУП “Племзавод Карэлічы” Раман Шэўка. – Хоць кажуць, што поле полю розніца, аднак рэзкіх скачкоў ураджайнасці сёлета не адчувалі. Усе зерневыя культуры паказалі сябе прыкладна аднолькава. Сухое спякотнае надвор’е, зразумела, спрыяла хуткаму ходу жніва. Ды і зерне, якое паступала на зернесушыльны комплекс, не трэба было дасушваць. Аднак ёсць адно але. Усе культуры паспявалі практычна  адначасова, і, каб не страціць ніводнага каласка, тэхніка працавала ў полі з ранку да позняга вечара. І канчатковы вынік нас поўнасцю задаволіў: агульны вал збажыны перавышае 5 тысяч тон, сярэдняя ўраджайнасць – 74,4 ц/га, што значна вышэй леташняга выніку. Увогуле, жніво – складаны час, але вельмі прыемны. Гэта залатая пара, калі мы пажынаем плён сваёй працы.

Камбайнер Аляксандр Алясюк на жніве ў добрым настроі

Дырэктар КСУП “Племзавод Карэлічы” Сяргей Брынкевіч адзначае, што ўборка бягучага года прайшла зладжана і размерана, а багаты каравай гаспадаркі надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Для атрымання жадаемага ўраджаю, пачынаючы з позняй восені і да фінішнай кропкі — жніва, было зроблена шмат. Нямала фінансавых сродкаў было затрачана, каб паставіць збожжаўборачную тэхніку на лінейку гатоўнасці. Зразумела, падчас падрыхтоўкі камбайнаў нельга ўсё прадбачыць. Да таго ж тэхніка не новая. Таму паломкі падчас жніва былі, аднак інжынерная служба гаспадаркі аператыўна іх выпраўляла.

Камбайнавы экіпаж у складзе Віктара Станкевіча
і Аляксандра Акуліка

Збіраючы ўраджай бягучага года, племзавадчане надаюць вялікую ўвагу пасяўной кампаніі, якой зусім хутка будзе дадзены старт. Першым будзе зроблены задзел пад будучы ўраджай азімага рапсу.

– Работа агранома прадугледжвае пастаяннае планіраванне, – адзначае Раман Шэўка. – Калі зараз не паклапаціцца аб будучым ураджаі, можна застацца ні з чым. Таму своечасова ўбіраем салому з палёў, рыхтуем глебу пад сяўбу азімых культур, уносім мінеральныя ўгнаенні. Плануем крыху павялічыць плошчы пад азімыя зерневыя і рапс. Сёлета яны добра паказалі сябе. Таму прыкладзём усе намаганні, каб у наступным годзе мець багатыя засекі і фінансавы дабрабыт.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара