22 сентября — День без автомобиля. Готовы ли кореличчане оставить авто дома?

У аўторак, 22 верасня, Беларусь у чарговы раз далучыцца да Сусветнага дня без аўтамабіля – сімвалічнай акцыі міжнароднага ўзроўню, якая нагадае грамадству пра шкоду празмернай аўтамабілізацыі для прыроды і чалавека.

Традыцыя праводзіць Дзень без аўтамабіля нарадзілася ў Францыі 22 верасня 1997 года, затым гэтую ініцыятыву падтрымалі іншыя еўрапейскія краіны. У 2008 годзе да акцыі далучылася Беларусь. Сярод арганізатараў Дня без аўтамабіля ў рэспубліцы – Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства ўнутраных спраў.
Не сакрэт, што занадта вялікая колькасць машын – праблема не толькі вялікіх гарадоў. Яна ўжо досыць даўно з’яўляецца глабальнай. Аўтатранспарт руйнуе і біясферу планеты, і самога чалавека. У сярэднім за дзень у рэспубліцы ў атмасферу выкідваецца з адпрацаванымі газамі больш за 3000 тон забруджвальных рэчываў. Гэтыя рэчывы, якія ўтвараюцца з выхлапаў рухавіка аўтамабіля, прадуктаў зносу механічных частак, пакрышак, дарожнага пакрыцця, у канчатковым рахунку наносяць велізарную шкоду ўсяму жывому. Да таго ж аўтамабілі не толькі забруджваюць атмасферу, але і забіраюць у нас грамадскую прастору: вуліцы і двары, а таксама зялёныя зоны.

Разумеючы, што ў сучасных умовах цалкам адмовіцца ад аўтамабіляў проста немагчыма, кіраўнікі дзяржаў і розных арганізацый хочуць нагадаць грамадскасці аб праблемах, якія нясе з сабой аўтатранспарт. Таму раз у год буйныя гарады Еўропы ў гэты дзень скарачаюць выкарыстанне аўтамабіляў для паездак па горадзе на карысць грамадскага транспарту, а таксама ровараў і пешай хады. Традыцыйна 22 верасня міжнародная акцыя пройдзе і ў нашым раёне. Вадзіцелям рэкамендуюць зладзіць разгрузачны дзень, адмовіўшыся ад выкарыстання асабістага аўтатранспарту і загадзя спланаваць, як рухацца іншым спосабам. Асноўны ўклад у забруджванне атмасферы ўносяць перасоўныя крыніцы, на долю машын з рухавікамі ўнутранага згарання прыпадае каля 80% выкідаў шкодных рэчываў на тэрыторыі раёна.

22 верасня раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае ўсіх жыхароў Карэліччыны па меры магчымасці адмовіцца ад выкарыстання асабістага аўтатранспарту ў гэты дзень і тым самым унесці пасільны ўклад у змяншэнне забруджвання атмасфернага паветра. Такі добраахвотны крок дазволіць знізіць негатыўнае ўздзеянне аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе і зрабіць наш раён чысцейшым і прыгажэйшым.

Васілій ЛЯЎКОВІЧ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

А ці гатовы вадзіцелі раёна хаця б на адзін дзень адмовіцца ад “жалезных коней”?

Кацярына АЛФЁРАВА,
галоўны бухгалтар упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Асабіста я без аніякіх цяжкасцей змагу адмовіцца ад аўтамабіля, тым самым далучыўшыся да сусветнай акцыі. Зразумела, усім нам падабаецца хуткае і камфортнае перамяшчэнне на аўто. Аднак мы павінны клапаціцца і аб навакольным асяроддзі, праблема забруджвання якога сёння з’яўляецца глабальнай. Таму 22 верасня я пакіну аўто дома. Адна з альтэрнатыў – прыйсці на работу пешшу. Акрамя таго, я вельмі люблю катацца на ровары: і для здароўя, і для экалогіі карысна.

Іван КУЗЬМІЧ,
вадзіцель Карэліцкага РАНС:
– Аб правядзенні 22 верасня сусветнай акцыя “Дзень без аўтамабіля” не толькі ведаю, але і некалькі гадоў назад прымаў удзел у веламарафоне ў гэты дзень. Аднак сёлета не змагу далучыцца да акцыі, бо зранку 22 верасня заступлю на сутачнае дзяжурства. Адпаведна ў выпадку надзвычайнай сітуацыі сяду за руль службовага аўтамабіля, каб дапамагчы людзям і пазбегнуць трагедыі. У якасці кампенсацыі гатовы далучыцца да акцыі ў іншы дзень. Увогуле, калі дазваляе надвор’е, часта хаджу на работу пешшу. Жыву ў Карэлічах, таму атрымліваецца 15 мінут хады па свежым паветры з карысцю для здароўя.

Аксана ЯНУШ