27 сентября — Всемирный день туризма. Кореличчина ждёт туристов

Штогод  27  верасня   большасць  краін свету адзначае Сусветны дзень турызму, які быў зацверджаны Генеральнай асамблеяй Сусветнай турыстычнай арганізацыі  ў 1979 годзе ў Іспаніі. Дата была абрана  ў сувязі з тым, што ў гэты дзень у 1970 годзе быў зацверджаны Статут Сусветнай турыстычнай арганізацыі.

Гэта свята кожнага, хто хоць адзін раз адчуў сябе падарожнікам, змяніўшы будзённасць і марнасць на бераг рэчкі, лес, поле ці іншыя цудоўныя мясціны,  да якіх кліча нас наша планета Зямля. Ну і, вядома, гэта свята тых, хто непасрэдна заняты ў галіне турыстычнага бізнесу: супрацоўнікаў турыстычных кампаній, музейных работнікаў, кіраўнікоў і персаналу гасцініц, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, аграсядзіб.

Свята адзначаецца ўжо больш за 40 гадоў, і кожны раз яно прысвячаецца пэўнай тэматыцы. У гэтым годзе яно будзе святкавацца пад дэвізам  “бяспечнае, справядлівае і экалагічнае ўзнаўленне турыстычнай галіны”.

Беларусь — прывабная краіна для экатурыстаў усяго свету. Тут захаваліся буйныя лясныя масівы, якія называюць зялёным золатам. У краіне больш за 11 тысяч азёр і 20 тысяч рэк і ручаін. Па плошчы балот Беларусі няма роўных. Яны займаюць 11,5%  ад усёй тэрыторыі краіны. Пры гэтым 6,1% знаходзяцца пад аховай.

Не выключэнне і Карэліцкі раён. Турыстычная сфера  налічвае 15 аграэкасядзіб, 4 гасцініцы, 9 аб’ектаў харчавання, 29 аб’ектаў, якія ўключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, 11 помнікаў прыроды, 3 заказнікі (з іх 2 – Рэспубліканскага значэння), 1 сядзібны дом, 2 значныя гістарычныя пахаванні.

Турыстычная галіна Карэліччыны паступова развіваецца. Кожны год павялічваецца колькасць аграэкасядзіб, аб’ектаў харчавання. Усё болей інфармацыі пра Карэліччыну турыстычную  з’яўляецца ў сацыяльных сетках, распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты, павялічваецца колькасць брэндавых мерапрыемстваў,  населеныя пункты  становяцца больш прывабнымі для турыстаў.  Пройдзе час, стабілізуецца эпідсітуацыя — і Карэліцкі раён ізноў з задавальненнем будзе агортваць цеплынёй і гасціннасцю турыстаў з усяго свету.

 

Нэллі МАІСЕЕНКА,

галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама