Аграрии Кореличчины — в лидерах области по темпам сева озимых зерновых культур

Па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолія Коршуна, на сённяшні дзень усе тэхнічныя і працоўныя рэзервы сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны задзейнічаны на такіх асноўных відах восеньскіх палявых работ, як сяўба азімых зерневых культур, уборка кукурузы на сілас і капанне цукровых буракоў.

Па тэмпах пасяўной кампаніі азімых зерневых культур Карэліцкі раён – у лідарах на Гродзеншчыне. Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на раніцу 17 верасня пасеяна амаль палова азімага зерневага кліна – 6058 га з неабходных 12705 га, альбо 48%.

– Бягучы год стаў анамальным для росту і развіцця большасці сельскагаспадарчых культур, у тым ліку і цукровых буракоў, – адзначае Анатолій Коршун. – Па масе кожны караняплод адстае дзесьці на 150 грамаў ад леташніх паказчыкаў. Адпаведна тэрміны ўборкі змясціліся. Калі раней цукровыя буракі пачыналі капаць ужо ў канцы жніўня, то сёлета толькі з 15 верасня. Першапачаткова прыступілі да праблемных участкаў, а таксама да аддаленых ад дарог палёў, каб пазбегнуць далейшых цяжкасцей з вывазкай караняплодаў.

На раніцу 17 верасня да ўборкі цукровых буракоў прыступілі 6 гаспадарак раёна: СВК “Маяк-Заполле”, «Свіцязянка-2003» і “Жухавічы”, КСУП “Малюшычы”, «Лукі-Агра» і племзавод “Карэлічы”. На першапачатковым этапе ўборкі сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 492 ц/га. Відавочнымі лідарамі з’яўляюцца аграрыі СВК “Маяк-Заполле” з ураджайнасцю 560 ц/га. Цукрыстасць салодкіх караняплодаў на ўзроўні базіснай – 16,95%.

Усе 10 сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны актыўна працягваюць корманарыхтоўчую кампанію бягучага года.

– Зараз кукурузныя пачаткі знаходзяцца на піку пажыўнасці. Таму марудзіць нельга, трэба актыўна закладваць сілас, каб не страціць якасных паказчыкаў кармоў, – адзначае Анатолій Коршун. – У той жа час нарыхтоўка сіласу – адзін з самых працаёмістых відаў работ. Штодзень ва ўсіх гаспадарках раёна задзейнічана каля 110 адзінак тэхнікі. На раніцу 17 верасня працаўнікамі раёна нарыхтавана амаль 70 тысяч тон сіласу, што складае 42% .

Аграрыі КСУП “Цырын-Агра” актыўна капаюць, перабіраюць і сартуюць бульбу для далейшай рэалізацыі і адпраўкі на перапрацоўку. Сёлета да ўборкі ў гаспадарцы належыць 70 га другога хлеба, з якіх на раніцу 17 верасня выкапана 31 га. Нягледзячы на сёлетнія няпростыя ўмовы надвор’я, ураджайнасць бульбы радуе – 315 ц/га.

Аксана ЯНУШ