Церковь святой Троицы в г.п. Мир славится своими чудесами

Ізноў вітаю вас, дарагія сябры, і запрашаю працягнуць падарожжа па Міры. У нашай турыстычнай скарбонцы ёсць яшчэ адна жамчужына — Троіцкая царква — аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Літаральна насупраць Мікалаеўскага касцёла праз плошчу 17 Верасня займае сваё пачэснае месца царква Святой Жываначальнай Троіцы. Ёсць меркаванне, што некалі гэтыя храмы былі пабудаваны побач дзеля канкурэнцыі, каб можна было перацягнуць да сябе больш вернікаў, павялічыць прыход. Можа, гэта і байка, але, згадзіцеся, версія цікавая.

Свята-Троіцкая царква, размешчаная ў цэнтры гарадскога пасёлка (на ўсходнім баку былой базарнай плошчы), з’яўляецца найбольш старажытным помнікам царкоўнага дойлідства. Пабудавана ў 1533-1550(82) гг. з цэглы (па іншых звестках — у 1600 г.) пры князі Мікалаі Радзівіле Сіротку. У 1705 г. царква стала ўніяцкай пры манастыры базыльян, які быў скасаваны ў 1824 г. У 1839 г. храм ізноў быў уладкаваны па праваслаўнаму абраду. У 1842 г. у ім створаны прыдзел у імя Раства Прасвятой Багародзіцы. У 1865 годзе ў Міры адбыўся вялікі пажар, які захапіў большую частку мястэчка, у тым ліку пашкодзіў і будынак царквы. У выніку толькі ў 1868 годзе пачалася рэканструкцыя храма (начынне і іканастас былі выратаваны), які пасля аднаўлення быў асвечаны 9 чэрвеня 1875 г. архіепіскапам мінскім Міхаілам.

Але не толькі гісторыяй свайго стварэння знакаміты гэты цудоўны праваслаўны храм. Вабіць да сябе і вернікаў, і проста турыстаў жыватворная ікона-спіс Пачаеўскай Маці Божай, якая захоўваецца там з 1933 года. Ёсць у гэтай рэліквіі і свая біяграфія.

Кажуць, што тагачасны святар храма протаіерэй Уладзімір Свірскі прывёз яе ў мястэчка дзеля сваёй хворай маці. Жанчыне ўначы з’явілася Багародзіца і паабяцала выратаванне, калі ў храм прынясуць Яе ікону з Пачаеўскай лаўры. Манахі Пачаеўскай лаўры выканалі прадказанне і зрабілі спіс з цудадзейнай іконы, якая была асвечана на мошчах Святога Іова Пачаеўскага. І адбыўся цуд.

З той пары людзі едуць у Мір, каб прыхінуцца да жыватворнай іконы і папрасіць у яе заступніцтва, суцяшэння і выратавання. Кажуць, што сапраўды дапамагае, толькі прасіць трэба ад усяго сэрца. Кожны год 5 жніўня прыхаджанамі святкуецца Дзень іконы Пачаеўскай Божай Маці.

Дарэчы, не вельмі даўно царква рамантавалася. Далёка цяпер відаць, як гараць на сонцы яе залатыя купалы. Завітайце калі-небудзь, не пашкадуеце.

Нэллі МАІСЕЕНКА,

галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама